Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З турмы на Акрэсьціна выйшаў Вінцук Вячорка (фота)


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня зь менскага ізалятару на вуліцы Акрэсьціна выйшлі на волю лідэр БНФ Вінцук Вячорка й яшчэ 5 актывістаў дэмакратычнага руху, якіх затрымалі 8 сакавіка. Паводле лідэра БНФ, у ізалятары застаецца болей за 200 палітычных вязьняў.

Ля брамы ізалятару Вінцука Вячорку сустрэлі Аляксандар Мілінкевіч, ягоная жонка Іна Кулей, актывісты штабу Мілінкевіча й журналісты. Вінцук Вячорка назваў хлусьнёй афіцыйныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі й вітаў зьяўленьне намётаў з пратэстоўцамі на Кастрычніцкай плошчы.

(Вячорка: ) “Нам сказалі пра афіцыйныя вынікі выбараў. Мы толькі пасьмяяліся. 82 адсоткі — тут няма чаго нават камэнтаваць. Гэта сьведчыць пра поўную неразумнасьць улады: калі б яна намалявала сабе хаця б 60%, — гэта было б спробай хаця б застацца ў межах здаровага сэнсу. А што яны намалявалі сабе больш, чым было раней, паказвае: ідзе татальная дэградацыя. Тое ж, што, нягледзячы на жудасныя запалохваньні, на пэрманэнтныя арышты, людзі ўсё ж выйшлі на плошчу й, як я разумею, дагэтуль знаходзяцца на ёй, велізарная перамога. Я не сумняваюся, што рэжым ідзе ў піке, і ягоны канец недалёкі”.

Аляксандар Мілінкевіч назваў рэпрэсіі супраць апазыцыі “агоніяй рэжыму”.

(Мілінкевіч: ) “Улада ўвесь час палохала тэрарызмам, а яна сама злачынны тэрарыст, бо спрабуе забіваць іх (пратэстоўцаў) душы, іх дух, іх моц. Многія падчас гэтай кампаніі паўсталі, і ўлада спрабуе такімі мэтадамі гэта адпрэчыць. Думаю, ўсё будзе наадварот. Якраз моцы ў людзей дабавіцца”.

Да Аляксандра Мілінкевіча, скарыстаўшыся ягонай прысутнасьцю, пачалі зьвяртацца сваякі арыштаваных. Некаторыя казалі, што другі дзень шукаюць сваіх дзяцей, але ніхто не паведамляе, дзе яны.

(Галасы мужчыны й жанчыны: ) “Шукаеш-шукаеш — і нічога ня кажуць. Хаця б сказалі, дзе нашы дзеці”.

Паводле Вінцука Вячоркі, у ізалятары на Акрэсьціна ўтрымліваюць болей за 200 актывістаў і грамадзянаў, якія далучыліся да акцый пратэсту ці дапамагалі іх удзельнікам. Шмат каму не дазвалялі атрымліваць перадач, не перадавалі сьвежых газэт.

Вінцук Вячорка заявіў, што неўзабаве зьбіраецца прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу.

Нагадаем: старшыня БНФ Вінцук Вячорка быў затрыманы 8 сакавіка пасьля сустрэчы выбарцаў з Аляксандрам Мілінкевічам ля сталічнага кінатэатру “Бярэсьце” й асуджаны судзьдзёй Надзеяй Равуцкай на 15 сутак.



XS
SM
MD
LG