Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ісьці на плошчу ў Лідзіі Ярмошынай “няма ніякага жаданьня”


Радыё Свабода Сёньня Цэнтральная выбарчая камісія на сваім паседжаньні адхіліла скаргі былых кандыдатаў на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча, а таксама грамадзкай арганізацыі “Беларускі Хэльсынскі камітэт”, якія патрабавалі прызнаць вынікі выбараў прэзыдэнта Беларусі несапраўднымі.

Журналістам, якія падышлі да старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі пасьля абвяшчэньня вынікаў, спадарыня Ярмошына сказала, што “выбары прайшлі абсалютна бліскуча, а падтрымка Аляксандра Лукашэнкі аднадушная. Насельніцтва радуецца. Гэта ж цудоўна”.

Я нагадаў старшыні ЦВК пра тое, што ужо ня першы дзень на Кастрычніцкай плошчы Менску пратэстуюць людзі, якія лічаць вынікі выбараў сфальшаванымі, а таксама спытаў, ці не ўзнікала ў яе жаданьня прыйсьці туды і распавесьці ўдзельнікам акцыі пра аднадушную падтрымку Лукашэнкі?

(Ярмошына: ) “Ды кіньце, там выбарнікаў амаль няма. Ісьці туды ў мяне няма ніякага жаданьня. Тым больш я наагул не разумею, што яны там робяць. Сярод іх вельмі шмат маладых людзей, якія не дасягнулі ўзросту выбарчага права. І кожнага прыходзіць угаворваць? Няхай яго маці ўгаворвае, якая, мабыць, прагаласавала, мабыць, інакш, калі дазваляе, каб яе такі малады сын альбо дачка начавалі ня дома”.

Я нагадаў спадарыні Ярмошынай, што на Кастрычніцкай плошчы шмат дарослых, самастойных людзей, якія маюць права галасаваць.

(Ярмошына: ) “Ну, калі вы там знойдзеце кагосьці паўналетняга выбарніка, які ўдзельнічаў у выбарах, дык што рабіць. Нярэдка агульны выбар не супадае з нашым уласным выбарам. І кожнага прыходзіць угаворваць?!”

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька цьвердзіць, што такой велізарнай колькасьці парушэньняў на выбарах у Беларусі яшчэ ніколі не было:

(Процька: ) “Такога ніколі раней не было. Падлік галасоў. Ніхто ж ня бачыў, як гэта рабілася. Ярмошына на паседжаньні казала: я ад імя пяці мільёнаў выбарнікаў... Ніхто ня ведае, як сапраўды прагаласавалі гэтыя пяць мільёнаў. Бо тое, як лічылі галасы, зусім не адпавядае таму, як людзі насамрэч выказвалі сваю думку”.

Канчатковыя афіцыйныя вынікі галасаваньня на выбарах прэзыдэнта Беларусі 2006 году выглядаюць так. Разам у выбарах удзельнічалі 92,9% выбарнікаў. Зь іх за Аляксандра Лукашэнку прагаласавлі 83,0%, за Аляксандра Мілінкевіча — 6,1%, за Сяргея Гайдукевіча — 3,5%, за Аляксандра Казуліна — 2,2%. Інаўгурацыя Лукашэнкі адбудзецца 31 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG