Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рада Эўразьвязу і Эўракамісія разам абмяркуюць крокі ў справе Беларусі


Радыё Свабода Сёньня Эўрапейскі парлямэнт у апошнія гадзіны свайго паседжаньня вырашыў правесьці не заплянаваныя раней дэбаты ў пытаньні Беларусі.

На пачатку дэбатаў выступіў дзяржсакратар Міністэрства замежных справаў Аўстрыі Ганс Вінклер, які ад імя Рады Эўразьвязу выказаў занепакоенасьць перасьледам, парушэньнямі правоў чалавека і абмежаваньнем свабоды слова ў Беларусі.

“Споўніліся ўсе нэгатыўныя прагнозы”, – заявіў спадар Вінклер, адзначыўшы, што беларускія выбары не адпавядалі міжнародным стандартам, акрэсьленым АБСЭ. Паводле ягоных словаў, на наступным тыдні Рада Эўразьвязу і Эўрапейская камісія будуць разам абмяркоўваць далейшыя крокі што да Беларусі.

“Заяву Рады Эўразьвязу ў пытаньні выбараў падпісалі 40 краінаў Эўропы. Гэта сьведчыць пра згоду эўрапейцаў у ацэнцы беларускіх выбараў. Важна, каб крокі, якія зробіць Эўразьвяз, не адбіліся нэгатыўна на беларускім грамадзтве”, – заявіў Ганс Вінклер.

Між тым сябра Эўрапейскай камісіі Ласла Ковач, выступаючы ад імя камісіі, падкрэсьліў, што “Лукашэнка гатовы ўтрымліваць уладу любой цаной”. Спадар Ковач заявіў, што камісія й надалей будзе падтрымліваць працэсы дэмакратызацыі і разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі ў межах палітыкі добрасуседзтва.

У сваю чаргу кіраўнік дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту для дачыненьняў зь Беларусьсю Богдан Кліх адзначыў, што задаволены тым, што ў пытаньні Беларусі Эўрапейская камісія і Эўрапейскі парлямэнт гэтым разам “гавораць адным голасам”.

(Кліх: ) “Мы дамагаемся, каб сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўрапейскага Зьвязу, быў значна пашыраны – адпаведная прапанова перададзеная ў Эўрапейскую камісію. Па-другое, вельмі важна адкрыць межы Эўрапейскага Зьвязу для тых беларусаў, якія ня маюць месца для сябе ў сваёй краіне. Вельмі істотна таксама даць стыпэндыі ў краінах Эўразьвязу тым студэнтам, якіх выключаюць зь беларускіх ВНУ за грамадзкую і палітычную дзейнасьць. Мы вінныя гэта нашым беларускім партнэрам”.

Між тым таксама дэпутат ад Польшчы Міхал Каміньскі заклікаў Эўрапейскі Зьвяз больш актыўна дапамагаць вольным мэдыям у Беларусі.
XS
SM
MD
LG