Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У якіх умовах утрымліваюць палітычных вязьняў?


Радыё Свабода Палітычныя вязьні менскага спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна апавядаюць пра жорсткія ўмовы ўтрыманьня арыштаваных у гэтай установе. А як утрымліваюць арыштаваных актывістаў у іншых рэгіёнах — у прыватнасьці, на Меншчыне?

У Барысаве ад 17 сакавіка ў гарадзкім ізалятары часовага ўтрыманьня адбывае 10-сутачны арышт кіраўнік мясцовага выбарчага штабу Мілінкевіча Леў Марголін. Ён быў затрыманы й пакараны арыштам за арганізацыю ў гэтым горадзе 16 сакавіка сустрэчы з кандыдатам ад аб’яднанай апазыцыі, якую барысаўскі суд прызнаў несанкцыянаванай. Як паведаміла Радыё Свабода жонка актывіста Валянціна Марголіна, яна штодня наведвае барысаўскі ізалятар, але пра ўмовы ўтрыманьня мужа можа толькі здагадвацца, паколькі сустрэчы й ліставаньне зь ім забаронены:

(Марголіна: ) “У камэры халодна, хутчэй за ўсё. У яго ёсьць цёплыя рэчы, пухавік, але я ня ведаю, ці даюць карыстацца гэтымі рэчамі. Таму што я перадала яму ўжо таблеткі ад кашлю, але мне патэлефанавалі з ізалятару і папрасілі прывезьці кроплі ад насмарку. Значыць, ён там прастудзіўся, і моцна”.

Паводле спадарыні Марголінай, ёй удалося высьветліць зь неафіцыйных крыніцаў, што толькі ўчора актывіста ўпершыню вывелі на шпацыр на сьвежае паветра. А вось колькі людзей знаходзіцца зь ім у камэры, яна ня ведае:

(Марголіна: ) “Я запытала там праз аднаго чалавека: б’юць яго там ці не? Ён адказаў: “Ня б’юць. Але прыедзе і ўсё сам раскажа”. Карацей, зьневажаюць, як толькі могуць”.

Між тым, супрацоўнікі барысаўскага ізалятару не пацьвярджаюць зьвесткі пра зьняважлівае стаўленьне да Лява Марголіна. Яны лічаць умовы яго ўтрыманьня цывілізаванымі:

(Міліцыянт: ) “Звычайныя. Як для ўсіх адміністрацыйна арыштаваных. У яго ёсьць усё: коўдра, яму носяць перадачы. Так што ня скардзіцца”.

У Жодзіне выйшлі на волю актывісты каманды Мілінкевіча Сяржук Гудзілін, Яўген Ваўкавец і Алесь Чырэйка. Пра ўмовы ўтрыманьня юнакоў падчас адбыцьця 7-дзённага арышту Сяржук Гудзілін расказаў наступнае:

(Гудзілін: ) “Умовы, канечне, складаныя: адсутнасьць вэнтыляцыі, вывозяць з прыбіральні два разы на дзень — раніцай і ўвечары. Вельмі складана зь перадачамі. Гэта ўжо залежыць ад суб’ектыўнага стаўленьня дзяжурных. Адзін можа перадачу ўзяць і перадаць. Другі можа ня ўзяць. Тым больш, што нас, пратрымаўшы паўтары сутак у Жодзіне, перавялі ў ізалятар часовага ўтрыманьня гораду Барысава. Яны матывавалі гэта тым, што няма месца ў Жодзіне: там толькі чатыры камэры”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG