Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Польшчы выступіла з заявай па прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Міністэрства замежных справаў Польшчы выступіла з адмысловай заявай з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, у якім афіцыйна пацьвердзіла намер увесьці санкцыі супраць асобаў, адказных за фальсыфікацыі і парушэньні правоў чалавека.

У заяве гаворыцца, што МЗС Польшчы “рашуча асуджае мэтады, якія выкарыстоўвалі ўлады Беларусі ў часе выбарчай кампаніі і ў часе саміх выбараў 19 сакавіка 2006 году, каб запалохаць палітычную апазыцыю і фальсыфікаваць вынікі галасаваньня”.

МЗС адзначае, што Польшча "падзяляе ацэнку выбараў, якую зрабіла міжнародная місія назіральнікаў АБСЭ, а таксама кіраўніцтва Эўрапейскага Зьвязу 22 сакавіка" і заклікае беларускія ўлады “спыніць рэпрэсіі, вярнуцца да палітыкі шанаваньня элемэнтарных стандартаў дэмакратыі” і чакае "неадкладнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных".

“Мы скарыстаем права ўвесьці санкцыі супраць асобаў, адказных за фальсыфікацыі і парушэньні грамадзянскіх правоў. Зробім захады, каб падобныя крокі зрабіла таксама міжнародная супольнасьць”, гаворыцца ў заяве польскага зьнешнепалітычнага ведамства.

МЗС падкрэсьлівае, што Польшча падтрымае захады ў справе пабудовы грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі і будзе “падтрымліваць сувязі, якія аб’ядноўваюць польскі і беларускі народы”.

“Мы глыбока перакананыя, што толькі праз поўную павагу да грамадзянскіх свабодаў і правоў, якія належаць кожнаму чалавеку, Беларусь зможа заняць належнае ёй места ў эўрапейскай супольнасьці”, – гаворыцца ў заяве міністэрства замежных справаў Польшчы з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG