Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раздача ўлётак: парушэньне парадку ці недазволеная агітацыя?


Радыё Свабода Сёлета 25 лютага жыхар Гомеля Сяргей Трафімаў на скрыжаваньні вуліцы Карповіча і праспэкту Леніна раздаваў мінакам перадвыбарныя ўлёткі з выявай кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандра Мілінкевіча. Побач зь ім знаходзіўся перакідны шчыт з партрэтам кандыдата. На Трафімава быў складзены пратакол, пасьля чаго яго выклікалі ў суд, дзе абвінавацілі ў парушэньні грамадзкага парадку згодна з часткай 3 артыкулу 167-прым Адміністрацыйнага кодэксу.

На першым жа судовым паседжаньні Сяргей Трафімаў адмовіўся як-небудзь тлумачыць свае дзеяньні і з прычыны слабога веданьня расейскай мовы папрасіў перакладчыка. Судзьдзя Марына Дамненка задаволіла гэтую просьбу, але кваліфікаванасьць перакладчыка Сяргей Трафімаў палічыў недастатковай.

На трэцім судовым паседжаньні ягоныя дзеяньні былі перакваліфікаваныя, у выніку чаго Сяргею Трафімаву прысудзілі 15 сутак арышту згодна ўжо зь 1-й часткай артыкулу 167, якая прадугледжвае пакараньне за парушэньне ўстаноўленага парадку пікетаваньня, што выразілася, як пазначана ў пастанове суду Цэнтральнага раёну Гомеля ад 22 сакавіка, “у распаўсюджваньні без дазволу ў нявызначаным месцы перадвыбарных улётак”.

Калі судзьдзя запыталася ў Сяргея Трафімава, ці зразумелы яму прысуд, той зноў спаслаўся на слабое веданьне расейскай мовы і прызнаўся, што мала што зразумеў.
XS
SM
MD
LG