Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Кулей: "Нізкі паклон за тое, што яны выхавалі дзяцей, мужных духам"


Вольга Караткевіч, Прага Сёньня раніцай на плошчы разам з А.Мілінкевічам была, як і амаль заўсёды, ягоная жонка Іна Кулей.

(Караткевіч: ) "Іна, як Вы вытрымліваеце такія нагрузкі?"

(Кулей: ) "Я магу адказаць тое самае, што адказаў мой муж: калі тут на плошчы бачыш гэтыя вочы, які ў людзей настрой, як ім хочацца перамогі, то ад гэтай энэргіі кудысьці траціцца гэтая стома, што прыходзіць па начах".

(Караткевіч: ) "Ці адчуваеце Вы, што зьмяніўся Ваш статус, калі Аляксандар Мілінкевіч стаўся папулярным палітыкам ва ўсёй Беларусі?"

(Кулей: ) "Я б не сказала, таму што па сваім характары ён спакойны і сьціплы чалавек, і таму адчуваньня, што раптам звалілася нейкая вялікая вядомасьць, і ад гэтага зьмяніўся ўнутраны стан, нельга сказаць. А статус залежыць ад таго, як людзі ўспрымаюць, а мне здаецца, што ўспрымаюць як заўсёды".

(Караткевіч: ) "Пра што ў Вас пытаюцца людзі, якія маюць магчымасьць з Вамі пагаварыць, я маю на ўвазе звычайныя выбарцы?"

(Кулей: ) "Часьцей за ўсё пытаюцца пра тое, якая будзе будучая, новая, нармальная Беларусь, пра тое, якія будуць зьмены, што будзе зь сям''ёю, якія будуць падтрымкі і прапановы для маладых, як студэнцтва, як тым, хто сёньня за мяжою, вярнуцца дадому, што для іх будзе зробленае. Пытаньні пра новае, спакойнае, разважнае жыцьцё".

(Караткевіч: ) "Нагадаю, што днямі А.Мілінкевіч сказаў, што быў уражаны Вашымі аратарскім здольнасьцямі – не чакаў, што Вы будзеце так бліскуча выступаць. Што б Вы перадалі жонкам і блізкім затрыманых і асуджаных у часе гэтай кампаніі?"

(Кулей: ) "Паклон, глыбокі, нізкі паклон за тое, што гэта мужныя жанчыны, гэта мужныя людзі, падзяка вялікая за тое, што яны выхавалі такіх дзяцей, шчырых сэрцам, мужных духам".
XS
SM
MD
LG