Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастрычніцкая плошча: трэцяя ноч пратэсту была поўная правакацыяў


Радыё Свабода Акцыя пратэсту працягваецца, на плошчы стаяць 34 намёты, у намётавым гарадку знаходзяцца 400 ўдзельнікаў акцыі. Прыблізна а 7-й гадзіне на плошчы зьявіўся А.Мілінкевіч з жонкай, які падзякаваў удзельнікам акцыі, паведаміў ім апошнія навіны і адказаў на іхныя пытаньні аб будучыні Беларусі. Cёньня ўдзельнікі акцыі будуць праводзіць агітацыйна-палітычную кампанію з заклікам годна адзначыць Дзень Волі, а таксама будуць зьбіраць подпісы людзей пад зваротам "Лічу выбары прэзыдэнта Беларусі 2006 года сфальсыфікаванымі. Патрабую правесьці перавыбары ў адпаведнасьці з Выбарчым кодэксам рэспублікі Беларусь".

7:30

На Кастрычніцкай плошчы зьявіліся першыя мінакі, якія праходзілі ці праяжджалі побач з намётавым лягерам. Людзі рэагуюць па-рознаму: некаторыя зычліва ставяцца да маладых людзей, машуць рукамі, фатаграфуюць, выказваюць ім знакі падтрымкі. Некаторыя насьцярожана глядзяць з вокнаў аўтобусаў, некаторыя, як учора, падыходзілі і абураліся: незразумела, чаго моладзь хоча, якой свабоды і г.д. То бок, людзі розныя і рэагуюць па-рознаму, але гэта натуральна. Нядаўна тут вялікім экране на Кастрычніцкай плошчы паказвалі навіны аднаго зь дзяржаўных тэлеканалаў – там выступалі толькі тыя мінакі, якія абураюцца дзеяньнямі маладых людзей, але гэта далёка ня так.

6:30

Намётавы лягер абудзіўся, але гэта ільга сказаць, бадай, толькі ўмоўна, бо асноўная частка ягоных насельнікаў сёньня ня спала. Тэмпэратура цягам ночы была мінус 7-8 градусаў, а заснуць пры такой тэмпэратуры даволі цяжка.

Цяпер тут стаяць 34 намёты – 4 намёты былі ўсталяваныя ўчора. Дзяўчаты прыбіраюць тэрыторыю, сьмецьце запакоўваецца ў цэляфанавыя мяхі, выносіцца на сьметніцу. Нягледзячы на тое, што перадаюць дзяржаўныя тэлеканалы, быццам тут расьпіваюць сьпіртныя напоі і шмат сьмецьця, гэта ня так: у лягеры дзейнічае "сухі закон", а сьмецьце рэгулярна прыбіраецца.

Дзейнічае мэдычны цэнтар, удзельнікі зьвяртаюцца па лекі ад кашлю й тэмпэратуры – з-за марозу некаторыя зь іх прастуджаныя.

6:00

Раніца, як і папярэдняя даволі марозная. Усю ноч адбывалася дыскатэка – гэта дазваляла моладзі крыху таньчыць. Цяпер на плошчы знаходзяцца каля 400 удзельнікаў акцыі пратэсту.

Зьявіліся новыя намёты і людзі. Гэта нават не апазыцыянэры, а звычайная моладзь, супрацоўнікі фірмаў, дзяржустановаў – паводле іхных словаў, удзень яны працуюць, уначы стаяць тут. Адзін зь іх паведаміў, што прыйшоў на плошчу пасьля таго, як убачыў прапагандысцкі сюжэт Беларускага тэлебачаньня.

* * * Сёньняшняя ноч на плошчы была поўная правакацыяў. Да намётавага лягеру пастаянна падыходзілі п''яныя, зьяўляліся асобы, якія паводзілі сябе даволі дзіўна і ўвесь час чапляліся да ўдзельнікаў акцыі пратэсту.

Таксама зьявілася здымачная група Беларускага тэлебачаньня. Па іхных словах, яны хацелі даведацца, чаму ўдзельнікі акцыі стаяць на плошчы. Аднак жыхары намётавага гарадка не пажадалі ўступаць у кантакт зь імі, сказаўшы, што БТ пастаянна падае пра ўдзельнікаў акцыі непраўдзівыя зьвесткі і палівае іх брудам. Яны скандавалі: "БТ - ганьба!"
XS
SM
MD
LG