Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: ці перайменаваць Кастрычніцкую плошчу на пл. Каліноўскага?


Радыё Свабода Споўнілася 142 гады з дня сьмерці лідэра беларускага нацыянальнага вызвольнага руху, кіраўніка паўстаньня 1863-64 году Кастуся Каліноўскага. 22 сакавіка 1864 году ён быў павешаны на Лукіскім пляцы ў Вільні. На Кастрычніцкім пляцы ў Менску гэтымі днямі мітынгоўцы і мінакі актыўна абмяркоўваюць прапанову пісьменьніка і гісторыка Ўладзімера Арлова.

(Карэспандэнтка: ) “Уладзімер Арлоў выступіў з прапановай перайменаваць гэтую плошчу з Кастрычніцкай на плошчу Кастуся Каліноўскага. Як вы да гэтага ставіцеся?”

(Спадар: ) “Я падтрымліваю”.

(Хлопец: ) “Я таксама станоўча стаўлюся, таму што Кастусь Каліноўскі быў выдатным дзеячом. Кастрычніцкую рэвалюцыю я ўвогуле не падтрымліваю”.

(Дзяўчына: ) “Я таксама лічу гэта станоўчым, таму што гэта наша мінулае, тое, што зрабіў Кастусь Каліноўскі – гэта вялікая падзея для нашага народу”.

(Карэспандэнтка: ) “Паўстаньне было падаўлена. Але вельмі шмат народу выходзіла. Ці верыце Вы, што і тут шмат можа выйсьці на плошчу?”

(Дзяўчына: ) “Веру”.

(Спадар: ) “Плошчы Каліноўскага на дадзены момант у Беларусі няма. А гэта вельмі важная асоба для Беларусі”.

(Спадар: ) “Я – за тое, каб усё памянялі ў Беларусі, ня толькі плошчу”.

(Дзядок: ) “Канечне, мы за. Гэта ж наш нацыянальны герой 19-га стагодзьдзя”.

(Бабуля: ) “І я таксама згодная, гэта ж наш герой”.

(Мужчына: ) “Трэба, трэба Каліноўскага. Мы ж беларусы!”

(Карэспандэнтка: ) “А Вы ведаеце гісторыю гэтай плошчы?”

(Мужчына: ) “Канечне. Я памятаю, калі Сталін тут стаяў. Правільна, так? Сталіна была плошча”.

(Спадар: ) “Няхай будзе Каліноўскага, гэта лепш, чым Кастрычніцкая”.

(Дзядок: ) “Каліноўскі – барацьбіт за свабоду, і гэта трэба ведаць”.

(Спадарыня: ) “Мне вельмі падабаецца, як цяпер яна называецца – плошча Незалежнасьці”.

(Карэспандэнтка: ) “Дык гэта ж ня плошча Незалежнасьці, а Кастрычніцкая”.

(Спадарыня: ) “Усё мы ведаем. Навошта нам нейкі Кастусь?”

(Бабуля: ) “Як яна называлася, няхай так і называецца. Якая розьніца?”

(Спадарыня: ) “Гэта плошча Энгельса”.

(Бабуля: ) “Наша няхай нам і застаецца. Мы ня хочам нічога пераймяноўваць. Я яго ня ведаю, Каліноўскага”.

(Спадарыня: ) “Кастуся Каліноўскага мы добра ведаем”.

(Спадар: ) “Падтрымліваем. Падтрымліваем на 100%. Кастусь Каліноўскі – гэта наш герой. А мы – беларусы!”
XS
SM
MD
LG