Лінкі ўнівэрсальнага доступу

C.Шушкевіч: плён прынясе аб’яднаньне рамантыкаў з прагматыкамі


Радыё Свабода Адзін з самых вядомых палітыкаў краіны Станіслаў Шушкевіч зь вялікай павагай ставіцца да высілкаў удзельнікаў намётавага гарадку ў цэнтры сталіцы, аднак лічыць, што пачатай імі справе бракуе прадуманасьці, рацыяналізму. Энтузіязм моладзі, кажа ён, пакуль амаль цалкам сілкуецца эмоцыямі. Але сапраўдны посьпех, на думку спадара Шушкевіча, прынясе толькі саюз рамантыкаў з прагматыкамі.

(Шушкевіч: ) “Пратэст вельмі гарачы, гэта сумленныя людзі. Я за іх вельмі перажываю... Але мне здаецца, што ну не пастаўленая імі такая вось канчатковая мэта, і мне шкада, што яны губяць здароўе... Спадзяюся, яны 25-га здымуцца ўжо, калі іх ня здыме АМАП...”

(Карэспандэнт: ) “А Вы верыце ў тое, што 25-га там адбудзецца нешта масавае, што іхны заклік будзе пачуты й людзі прыйдуць на плошчу?”

(Шушкевіч: ) “Я б хацеў, каб такое было... Але бяз мас-мэдыя такое зрабіць цяжка... Яны рамантыкі! Нязручна ім даваць парады – маўляў, утаймуйцеся, але, на жаль, яны дзейнічаюць ня лепшым чынам. Зь іншага боку, каб я быў такога ж узросту, то дзейнічаў бы гэтаксама”.

(Карэспандэнт: ) “Хто павінен, на Вашую думку, працягнуць далей гэтую справу, куды трэба весьці іхны рэй?”

(Шушкевіч: ) “Ёсьць спосабы ўзьдзеяньня на ўладу, бо далучылася да справы многа – для мяне нечакана многа – вельмі ініцыятыўных маладых людзей. І мне здаецца, што вось такое далучэньне да аб’яднаньня дэмакратычных сілаў усіх – я б сказаў, рамантычных і прагматычных – яно дасьць плён”.
XS
SM
MD
LG