Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Дынько сядзіць. Але “Наша Ніва” выходзіць...


Радыё Свабода Падчас апошніх палітычных падзеяў у краіне журналісты недзяржаўнай прэсы – адна з найбольш пацярпелых сацыяльных групаў. Так, па стане на 19 гадзін учорашняга дня адбывалі пакараньне ў выглядзе адміністратыўнага арышту дзевяць чалавек – гэта Андрэй Шэін, Ігар Банцар, Анджэй Пісальнік, Аляксей Радс, Андрэй Пачобут, Валеры Шчукін, Вадзім Александровіч, Юры Чавусаў і Андрэй Дынько. Чацьвёра нядаўна адбылі пакараньне – гэта Андрэй Шантаровіч, Віктар Ярашук, Сяргей Няроўны, Мікалай Гердзій. Сёньня мы расказваем, чаму ўлады адправілі за краты галоўнага рэдактара “Нашай Нівы” Андрэя Дынька.

Зь мінулай пятніцы “Наша Ніва” ў прадчуваньні незвычайных для краіны падзеяў працавала ў рэжыме “он-лайн”. Блізу тыдня вялікую ўвагу рэдакцыя надавала й бясьпецы супрацоўнікаў, ахове памяшканьня, кампутараў – сайт газэты не аднойчы паведамляў пра розныя надзвычайныя здарэньні ў іншых выданьнях Беларусі.

(Харэўскі: ) “Дзьверы на замку, без папярэдняга званка чалавек не ўваходзіў, наладзілі дзяжурства... Хоць, натуральна, мы ўсьведамляем, што замкі й дзьверы – гэта ад добрых людзей...”

(Карэспандэнт: ) “Вы так пачалі рабіць яшчэ да затрыманьня Андрэя?”

(Харэўскі: ) “Так. А здарэньне зь ім толькі пацьвердзіла: гэтыя нашы перасьцярогі былі зусім ня лішнімі”.

Паводле аднаго з кіраўнікоў газэты Сяргея Харэўскага, нашаніўцы ўсе да аднаго прымалі ўдзел у падтрымцы людзей, якія заставаліся ў намётах на Кастрычніцкай плошчы. У рэдакцыю прыносілі прадукты, цёплыя рэчы, якія потым нехта цягнуў у палатачны гарадок. Галоўны рэдактар ня быў выключэньнем. Раніцай у аўторак ён выйшаў з сотага аўтобуса, каб перадаць чарговую такую перадачу і...зьнік. Бясьсьледна. На суткі.

(Харэўскі: ) “Абсалютна брутальным чынам ён быў схаваны. Ніяк не былі праінфармаваныя ягоныя сваякі, жонка з двума малымі дзецьмі, сястра й бацькі... Ягонае месцазнаходжаньне адмыслова ўтойвалася ад грамадзкасьці”.

Навошта? Сяргей Харэўскі, прадстаўнікі БАЖу лічаць – каб застрашыць журналістаў. І ня толькі нашаніўцаў. Усіх, хто працуе ў незалежных мэдыях. Маўляў, калі так – а дзявятай раніцы, пры сьведках, у цэнтры сталіцы бяз знаку прапаў галоўны рэдактар уплывовага выданьня, што ўжо чакаць астатнім?

Бесцырымонна абыходзіліся з Андрэем і на судзе. Яго папросту абвінавацілі ў дробным хуліганстве – маўляў, лаяўся... Гэта выглядае абсурдам для ўсіх людзей, якія яго ведаюць, цьвердзіць Алег Гардзіенка:

(Гардзіенка: ) “За год працы ў “Нашай Ніве” я толькі аднойчы чуў, калі Андрэй проста падвышаў голас... А пра ніякі там мат гаворкі зусім не вялося...”

Хоць галоўны рэдактар за кратамі, чарговы нумар тыднёвіка, як заўсёды, выйшаў сёньня, у чацьвер. Журналісты пішуць ня толькі пра свайго шэфа, кажа Андрэй Скурко.

(Скурко: ) “Мы разумеем, што на гэтым тыдні газэта вельмі важная. У нас вельмі многа фотаматэрыялаў з гэтых дзён. Ёсьць рэпартажы з ночы ў намётавым гарадку, ёсьць аналіз вынікаў выбараў і таго, што адбылося пасьля іх. Ёсьць глыбокія эсэ...”

Газэта выходзіць. Галоўны рэдактар сядзіць. Гаворыць стыліст Насьця Мацяш:

(Мацяш: ) “Ну, безумоўна, мы ўсе чакаем, што Андрэй вернецца, мы будзем разам. Будзем рабіць сваю справу. І вось нейкі такі боль агульны, перажываньні агульныя за сытуацыю ў краіне, за тое, што ў нас адбываецца, ён прынамсі крышачку зьменшыцца праз тое, што блізкія людзі будуць побач”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG