Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Кастрычніцкім пляцы прайшоў мітынг, у якім удзельнічалі 5000 чалавек


Радыё Свабода Перад прысутнымі выступіў Аляксандар Мілінкевіч, які заклікаў людзей прыходзіць на плошчу штодня а палове сёмай увечары. А 25 сакавіка ён запрасіў сваіх прыхільнікаў прыйсьці разам са сваімі сябрамі, роднымі і знаёмымі а 12-й гадзіне, каб разам адзначыць 88-я ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. На мітынгу быў агучаны сьпіс 50 прозьвішчаў жыхароў намётавага гарадку, арыштаваных цягам апошніх сутак.

Аляксандар Мілінкевіч заклікаў сваіх прыхільнікаў, іх сяброў і знаёмых узяць удзел у мерапрыемствах з нагоды 88-х угодкаў БНР. Ён таксама паведаміў пра санкцыі Эўразьвязу супраць чыноўнікаў, якія фальшавалі вынікі выбараў і рэпрэсавалі апазыцыйных актывістаў:

(Мілінкевіч: ) “На гэтым кавалачку беларускай зямлі столькі радасьцяў, столькі эмоцыяў і разам з тым столькі перашкодаў і парушэньняў закону. Але, разам з тым, я хачу вам сказаць, што нават у такой кране, у такіх умовах мы спрабуем зрабіць усё каб была справядлівасьць.

У мяне ёсьць добрая навіна – гэтыя выбары не прызнаныя цывілізаваным сьветам. Прызналі вынікі выбараў толькі Расея й Іран.

Ужо сёньня нам тэлефанавалі з Эўразьвязу і сказалі, што пачынаюць складаць сьпіс тых чыноўнікаў, якія парушаюць законы ў нашай краіне.

Тых, што выключаюць з унівэрсытэтаў студэнтаў, што парушаюць выбарчае заканадаўства, што выкідваюць рабочых ад станкоў, толькі за тое, што ў іх іншыя погляды і мара аб незалежнасьці і свабодзе.

Гэты сьпіс будзе вялікім, гэта будуць сотні і тысячы чалавек”.

Аляксандар Мілінкевіч таксама сказаў, што 30 сакавіка ў Варшаве зьбяруцца рэктары ўсіх польскіх унівэрсытэтаў, якія маюць падпісаць пагадненьне ў справе рэпрэсаваных па палітычных прычынах беларускіх студэнтаў і прадставіць ім бясплатнае навучаньне ў Польшчы.

Вядучая мітынгу Тацяна Ваніна зачытала сьпіс з 50 удзельнікаў акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў, якія былі пакараныя адміністратыўнымі арыштамі цягам апошніх сутак. Яна папрасіла тых, хто знайшоў у гэтым сьпісе прозьвішчы сваіх сяброў, падтрымаць іх у зьняволеньні, паведаміць пра іх лёс родным. І прывесьці на месца арыштаваных у намётавы гарадок, як мінімум, 50 новых людзей.

Удзельнікі мітынгу таксама заслухалі выступ апазыцыйнага актывіста Вячаслава Сіўчыка і намесьніцу старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Людмілу Гразнову, якія абвінавацілі ўлады Расеі ў падтрымцы Аляксандра Лукашэнкі.

Быў зачытаны зварот у падтрымку акцыі пратэсту моладзі ад Ірыны Красоўскай – жонкі зьніклага грамадзкага дзеяча Анатоля Красоўскага.
XS
SM
MD
LG