Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз прыняў дэклярацыю па выніках выбараў


Радыё Свабода Эўрапейскі Зьвяз лічыць, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі з істотнымі недахопамі. Зьвяз вывучае абмежавальныя меры адносна адказных за парушэньне міжнародных выбарчых стандартаў. Пра гэта гаворыцца ў адмысловай дэклярацыі Эўразьвязу.

У дакумэнце адзначаецца, што Эўраўзьвяз пагаджаецца з ацэнкамі беларускіх выбараў, дадзеных назіральнай групай бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ, паводле якіх выбары не адпавядалі ўмовам АБСЭ для дэмакратычных выбараў.

Эўразьвяз адзначае адвольнае выкарыстаньне дзяржаўнага адміністрацыйнага рэсурсу падчас выбараў, запалохваньне, падаўленьне незалежных меркаваньняў, а таксама праблемы з датэрміновым галасаваньнем і падлікам галасоў.

Зьвяз таксама выказвае шкадаваньне з прычыны таго, што некаторым назіральнікам АБСЭ і Эўразьвязу, у тым ліку і дэпутатам Эўрапарлямэнту, было адмоўлена ва ўезьдзе ў Беларусь.

У дэклярацыі гаворыцца пра палітыку самаізаляцыі беларускіх уладаў, пра тое, што дзеяньні ўладаў перашкаджаюць беларускім грамадзянам карыстацца дабротамі эўрапейскай праграмы добрасуседзтва.

Эўразьвяз адзначае, што гэтая выбарчая кампанія ў Беларусі засьведчыла кансалідацыю сапраўднай беларускай апазыцыі і палітычна актыўнай грамадзянскай супольнасьці.

“У вельмі цяжкіх варунках і пры велізарнай асабістай рызыцы кандыдаты апазыцыі прапанавалі беларускаму насельніцтву дэмакратычную альтэрнатыву” – адзначаецца ў дэклярацыі Эўразьвязу.

Зьвяз заклікае беларускія ўлады дазволіць грамадзянам краіны ажыцьцяўляць сваё права на свабоду сходаў і выказваньня ў адпаведнасьці з абавязкамі АБСЭ. У дакумэнце ўтрымліваецца заклік да беларускіх уладаў неадкладна вызваліць усіх затрыманых.

У дэклярацыі Эўразьвязу нагадваецца, што пытаньне аб увядзеньні абмежавальных мераў супраць адказных за парушэньне дэмакратычных выбарчых стандартаў ужо двойчы – у студзені сёлета і ў лістападзе летась разглядалася Радай Зьвязу.

Дэклярацыю Эўразьвязу акрамя 26-ці краінаў-сябраў падтрымалі яшчэ шэраг дзяржаваў, якія не ўваходзяць у Зьвяз – Баўгарыя, Румынія, Турэччына, Харватыя, Македонія, Босьнія і Герцагавіна, Сэрбія і Чарнагорыя, Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія, Малдова і Ўкраіна.
XS
SM
MD
LG