Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму хоча "даць у морду" беларускі амбасадар у Польшчы?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскія журналісты і палітыкі абураныя словамі беларускага амбасадара ў Польшчы Паўла Латушкі, які пасьля інтэрвію ў наўпроставым эфіры з журналістам тэлекампаніі TVN заявіў, што “даў бы яму ў морду”. Некаторыя палітыкі лічаць, што за гэта Латушка павінен быць выдалены з краіны.

На мінулым тыдні Павал Латушка праз тэлемост браў ўдзел з будынку амбасады ў публіцыстычнай праграме “24 гадзіны” інфармацыйнага тэлеканалу “TVN24” – беларускі дыплямат даволі спакойна адказваў на пытаньні вядучага праграмы Багдана Рыманоўскага пра хаду выбараў, доступ апазыцыйных кандыдатаў да мэдыяў, арышты, ды іншыя... Але калі тэлемост скончыўся і апэратар выпадкова не адключыў камэру, спадар Латушка сказаў літаральна наступнае – нам удалося атрымаць запіс гэтага выказваньня, хаця ў эфір у часе інтэрвію яно не пайшло:

(Латушка: ) “Скажу так – я ніколі больш ня дам інтэрвію вашай станцыі – гэта кашмар... Вашыя журналісты гэта...ну... тое што зрабілі ўлетку, а цяпер ізноў пачынаюць з прэзыдэнтам... Гэта проста... Калі б не быў амбасадарам, дык прабачце і прашу перадаць гэта яму (вядучаму), даў бы ў морду”.

Павал Латушка меў на ўвазе вядучага праграмы – аднаго з найбольш вядомых польскіх тэлежурналістаў.

Паводле Мілаша Марчука – кіраўніка Цэнтру маніторынгу свабоды слова асацыяцыі польскіх журналістаў, такія заявы “ніжэй усялякага ўзроўню”.

(Марчук: ) “Гэта настолькі некультурныя і хамскія паводзіны, што я нават ня ведаю што сказаць, як пракамэнтаваць – я ў разгубленасьці. Такія заявы – ніжэй усялякага ўзроўню адкрытай дыскусіі. Гэта вельмі прыкрае здарэньне”.

Між тым некаторыя польскія палітыкі заклікаюць урад, перадусім МЗС зрабіць рашучыя крокі ў дачыненьні да беларускага амбасадара за падобныя заявы.

Гаворыць дэпутат Сэйму Робэрт Тышкевіч – старшыня дэпутацкай групы на карысьць салідэрнасьці зь Беларусьсю.

(Тышкевіч: ) “Я думаю, што гэта толькі малы прыклад таго, як лукашэнкаўская ўлада ставіцца да аольных мэдыяў і журналістаў. У такой сытуацыіі МЗС Польчш павінен рэагаваць рашуча – справа сурёзная. Нельга дапусьціць, каб амбасадар Беларусі запалохваў вядучага польскага журналіста, бо гэта заахвоціць да яшчэ больш радыкальных крокаў. Польскіх журналістаў ужо не пускаюць у Беларусь, цяпер яшчэ запалохваюць – гэта абсалютна недапушчальна”.

МЗС Польшчы пакуль не камэнтуе гэтую сытуацыю, аднак, хутчэй за ўсё нейкія крокі зробіць – з адпаведным запытам ў гэтай справе ў МЗС маюць зьвярнуцца некалькі дэпутатаў Сэйму.

Няма камэнтароў і ад беларускай амбасады ў Варшаве. Учора Дзьмітры Выборны – прэсавы сакратар пасольства, сказаў газэце “Zycie Warszawy”, што гэта “пошук скандалу і амбасадар ня хоча да гэтага вяртацца, бо гэта была непрыемная сытуацыя”. Сёньня са спадаром Выборным не ўдалося зьвязацца.
XS
SM
MD
LG