Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд не дае ніякіх зьвестак пра суды над актывістамі


Радыё Свабода У судах не называюць прозьвішчаў судзьдзяў, якія выносілі пастановы аб адміністрацыйных арыштах удзельнікам мітынгу на Кастрычніцкай плошчы.

Сёньня ў Маскоўскім судзе Менска працягваліся працэсы над удзельнікамі мітынгу на Кастрычніцкай плошчы.

Паводле зьвестак, з плошчы ў Маскоўскім судзе былі разгледжаныя 14 спраў, усе асуджаныя да арышту на розныя тэрміны.

Аднак ў судзе адмовіліся пракамэнтаваць гэтыя зьвесткі і ўвогуле паведамляць якую-небудзь інфармацыю адносна затрыманых, уключна зь іх прозьвішчамі.

“Калі да нас зьвярнуцца сваякі асуджаных, мы ім прадставім ўсе зьвесткі, а вам ня можам. Гэта службовая інфармацыя. Гэтак сама і прозьвішчы судзьдзяў, якія выносілі пастановы”, – сказала карэспандэнту Радыё Свабода намесьніца старшыні суду Тамара Ўнукевіч.

На дыктафон паўтарыць гэтыя словы яна адмовілася.

Між тым тое, што працэсы праходзілі, паведаміла супрацоўніца суду, якая прасіла яе не называць. Паводле гэтай жанчыны, суды ішлі ва ўсіх судовых залях, дзеля чаго былі адкладзеныя іншыя крымінальныя і грамадзянскія справы.

Справы разглядалі нават тыя судзьдзі, якія раней не “спэцыялізаваліся” на адміністрацыйных справах.

Нагадаем, кіраўніцтва Эўразьвязу заявіла пра намер пашырыць сьпіс не ўязных у краіны Эўропы коштам асобаў, якія бралі удзел у фальшаваньні выбараў і рэпрэсіях супраць апазыцыі.

У гэты сьпіс могуць патрапіць і судзьдзі, якія адпраўлялі пад арышт мітынгоўцаў. Паводле некаторых назіральнікаў, цяперашняе маўчаньне у судах адносна справаў затрыманых тлумачыцца боязьзю патрапіць у такія сьпісы.

Тым часам усё больш людзей зьвяртаецца па дапамогу ў пошуках сваіх зьніклых сваякоў. Ганна Яхімовіч шукае сваю дачку Юлю, аднак ні ў адным з менскіх судоў сёньня нічога не сказалі пра лёс яе дачкі.

(Яхімовіч: ) “А шостай раніцы яна сёньня пайшла на плошчу, відаць, што на плошчу, бо яна мінулую ноч там у намётах начавала. А цяпер сяброўка кажа, што яе няма, і мабільны яе маўчыць. Гэта ж жах, хіба не жах?!”

Усяго, паводле зьвестак з Кастрычніцкай плошчы, сёньня было затрымана болей за 50 чалавек, на плошчы нават складзены сьпіс затрыманых. Між тым да канца дня гарадзкая міліцыя гэтых дадзеных не пацьвярджала.

Сваякі затрыманых, якія дзяжурылі ля ізалятару на вуліцы Акрэсьціна, кажуць, што сёньня туды некалькі разоў прыяжджаў аўтамабіль хуткай дапамогі. Паводле бацькоў, дзяжурны ізалятара адмаўляўся паведамляць, што здарылася. Не ішлі на кантакт і лекары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG