Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень чацьверты: галасы людзей з Кастрычніцкай плошчы


Радыё Свабода На Кастрычніцкі пляц удзень 22-га сакавіка прыходзіла шмат людзей. Адны – падтрымаць удзельнікаў акцыі пратэсту; другія – наадварот, выказаць сваю нязгоду. Некаторыя прыходзілі зь дзецьмі. І з аднымі, і з другімі размаўляла наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Вы прыйшлі сюды са сваім сынам?”

(Спадар: ) “Так. Мы хадзілі ў аптэку й прыйшлі паглядзець, што тут адбываецца. Вельмі добра, што ніхто не разганяе, што людзі могуць выказацца. Добра, няхай гавораць. Гэта добра”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці падтрымліваеце вы людзей, якія тут на плошчы й як вы ставіцеся да акцыі?”

(Спадарыня сталага веку: ) “Мне не падабаецца. БТ праўду паказвае: вось гэтая кучка адмарозкаў пазорыць мой горад і маю зямлю, топчуць яе сваімі бруднымі нагамі!!”

(Спадар сталага веку: ) “Працаваць трэба, здаровыя мужыкі!”

(Іншая спадарыня: ) “А дзе “Народная Воля”, дзе іншыя газэты?”

(Спадар: ) “Замаўчыце, жукі….”

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да таго, што адбываецца?”

(Спадарыня сталага веку: ) “Усё вельмі добра, тут сьвята. А гэта – старыя, якія выжылі з розуму. Яны сфармавалі свае погляды пры Сталіне. Акрамя таго, яны глядзяць толькі БТ”.

(Карэспандэнтка: ) “Маладыя людзі, якія вашыя настроі?”

(Юнак: ) “Мы тут ад дня выбараў”.

(Юначка: ) “Чым больш стаім, тым больш расьце спадзяваньне, што нешта адбудзецца добрае”.

(Карэспандэнтка: ) “Тут шмат пажылых і вельмі агрэсіўных людзей. Як складваюцца вашыя стасункі?”

(Юнак: ) “Але гэтаксама вельмі шмат пажылых, якія добра да нас ставяцца”.

(Іншы юнак: ) “Па-мойму, яны прыйшлі спраўдзіць тое, што ім паказала БТ”.

(Юначка: ) “Мы стараемся не зьвяртаць увагі, бо гэтыя людзі гатовыя нават бойку разьвязаць, а нам яна не патрэбная”.

(Карэспандэнтка: ) “Як ваш настрой?”

(Юнак: ) “Я ўжо ня спаў тры ночы, але настрой вельмі добры”.

(Карэспандэнтка: ) “Якія спадзяваньні на будучыню?”

(Юнак: ) “Будзі да канца стаяць і ўсё”.

(Юнак: ) “Іншай дарогі няма – толькі наперад”.

Скандаваньне, дзясяткі галасоў: “Жыве Беларусь! Жыве Беларусь!”

Гл.таксама • Дзень чацьверты: онлайн-рэпартаж з Кастрычніцкай плошчы • Фотарэпартаж зь сёньняшняга палатачнага гарадку
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG