Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым Казулін абвінавачвае Мілінкевіча?


Радыё Свабода БСДП “Грамада” абвінаваціла Аляксандра Мілінкевіча і ягоных прыхільнікаў у парушэньні дамоўленасьцяў адносна акцыяў пратэсту. “Грамада” заявіла, што Аляксандар Казулін дамовіўся з Аляксандрам Мілінкевічам заклікаць дэманстрантаў пакінуць плошчу перад 25 сакавіка, бо ўлады могуць разагнаць дэманстрантаў. Да таго ж, людзі стомленыя й надвор’е неспрыяльнае. Аднак, паводле “Грамады”, спадар Мілінкевіч праігнараваў дамоўленасьці й заклікаў да бестэрміновай акцыі.

Спадар Казулін якраз скіроўваўся ў спэцпрыёмнік на Акрэсьціна зь перадачамі для затрыманых дэманстрантаў.

(Казулін: ) “За гэтую акцыю будзе ўжо адказваць Мілінкевіч. Я лічу, што дзяцей падстаўляць нельга. Цяпер атрымліваецца, што і да сумеснай акцыі 25 сакавіка не рыхтуемся, і тут узьнікаюць пэўныя супярэчнасьці. Калі палітыкі падаграюць рашэньне дзяцей — гэта дрэнна. Важна, каб мудрасьць палітыкаў супадала з храбрасьцю юных”.

Спадар Казулін мае намер наўпрост зьвярнуцца да палітрады дэмсілаў з прапановай стварыць урад пераходнага пэрыяду.

(Казулін: ) “Мы заўсёды гатовы да кампрамісаў і агульных дзеяньняў. Мы цяпер афіцыйна ўнесьлі ім прапанову пра стварэньне ўраду народнага даверу, дзе сустаршынямі Казулін і Мілінкевіч. Магчыма ўзяць у сустаршыні і Лукашэнку, паколькі ён ня стаў прэзыдэнтам. Калі Лукашэнка адмовіцца, будзем фармаваць зь Мілінкевічам. Калі Мілінкевіч адмовіцца, то будзе фармаваць адзін Казулін”.

Аляксандар Мілінкевіч кажа, што рашэньне застацца на плошчы прынялі самі ўдзельнікі акцыі.

(Мілінкевіч: ) “Толькі яны могуць прыняць гэтае рашэньне. Сама моладзь. Ні Мілінкевіч іх там ня ставіў, ні Казулін. І я казаў хлопцам: вы падумайце, можа, вы выканалі сваю гістарычную ролю, вы праявілі мужнасьць. Але хлопцы кажуць: мы хочам стаяць да канца. Я кажу: я з вамі буду стаяць таксама. Дзьве ночы прастаяў, яшчэ буду стаяць. Вось мой адказ Казуліну”.

Спадар Мілінкевіч, аднак, кажа пра стомленасьць і, магчыма, гэтую ноч ня зможа быць увесь час на плошчы.

Што да ініцыятывы пра стварэньне ўраду, дык яе яшчэ будзе разглядаць палітрада дэмсілаў. Аднак ня гэта цяпер важна для краіны:

(Мілінкевіч: ) “Мы ў кааліцыі даўно прынялі рашэньне, што ніякіх урадаў не ствараем. Паразуменьне можа быць толькі адно: Казулін і ягоная партыя далучаюцца да шырокай дэмакратычнай кааліцыі. Але ён павінен тады падтрымаць тое, што мы ўжо столькі разоў распрацавалі, усе дакумэнты, якія мы маем. І паўнавартаснае супрацоўніцтва магчыма толькі ў нашай кааліцыі”.

Кіраўнік штабу Мілінкевіча Сяргей Калякін цяпер лекуецца дома пасьля сардэчнага прыступу. Пра заяву спадара Казуліна ён ведае:

(Калякін: ) “Няхай яна застаецца на сумленьні спадара Казуліна. Мне здаецца, ён ня ведае, што ён робіць, і я ня ведаю, чым тут што парушана. Я ня думаю, што гэта на карысьць беларускай дэмакратыі — сёньняшнія ўзаемныя папрокі, і пакуль яны ідуць з боку спадара Казуліна, гэта ня робіць яму гонару”.
XS
SM
MD
LG