Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень чацьверты: онлайн-рэпартаж і фота з Кастрычніцкай плошчы


Радыё Свабода 23 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы Менску працягваецца доўгатэрміновая акцыя пратэсту. За ноч дадаліся новыя намёты і людзі. Цяпер на плошчы знаходзяцца каля 400 удзельнікаў акцыі пратэсту. Учора намётавы гарадок упрыгожылі партрэтам Кастуся Каліноўскага і плякатам “Плошча Каліноўскага”. А 20-й вечара на плошчы выступіў Аляксандар Мілінкевіч. Зьявілася прапанова зьбіраць подпісы людзей па ўсёй Беларусі, якія не галасавалі за Лукашэнку. Лявон Вольскі на Кастрычніцкай плошчы прэзэнтаваў новую песьню. Прыблізна аб 11-й вечара 22 сакавіка намесьнік міністра ўнутраных спраў Беларусі заявіў некалькі расейскім інфармацыйным агенцтвам, што акцыя ня будзе разганяцца "ні сёньня, ні заўтра, ні наагул". Працягваліся затрыманьні актывістаў. Спэцпрыёмнік на Акрэсьціна адмаўляўся прымаць новых затрыманых, і міліцыя адвозіла іх у пастарунак у Навінкі.

З Кастрычніцкай плошчы перадаюць нашы карэспандэнты:

6:00

Раніца, як і папярэдняя даволі марозная. Усю ноч адбывалася дыскатэка – гэта дазваляла моладзі крыху таньчыць, каб сагрэцца. Цяпер на плошчы знаходзяцца каля 400 удзельнікаў акцыі пратэсту.

Зьявіліся новыя намёты і людзі. Гэта нават не апазыцыянэры, а звычайная моладзь, супрацоўнікі фірмаў, дзяржустановаў – удзень працуюць, уначы стаяць тут. Адзін зь іх паведаміў, што прыйшоў на плошчу пасьля таго, як убачыў прапагандысцкі сюжэт Беларускага тэлебачаньня.

5:00

Акцыя працягваецца, некалькі соцень удзельнікаў ня сьпяць, рухаюцца, размахваюць бел-чырвона-белымі сьцягамі, а таксама сьцягамі Эўразьвязу, Расеі і Ўкраіны. Гучыць музыка. У намётавым гарадку зьявіліся плякаты з надпісам "За Беларусь без Лукашэнкі".

Міліцыя не прапускае людзей на плошчу: тая заблякаваная міліцэйскімі патрулямі, прапускаюць толькі журналістаў.

Прыблізна аб 11-й вечара 22 сакавіка намесьнік міністра ўнутраных спраў Беларусі заявіў некалькі расейскім інфармацыйным агенцтвам, што акцыя ня будзе разганяцца "ні сёньня, ні заўтра, ні наагул".

3:30

Сёньняшняя ноч на плошчы поўная правакацыяў. Да намётавага лягеру пастаянна падыходзяць п''яныя, зьяўляюцца асобы, якія паводзяць сябе даволі дзіўна і ўвесь час чапляюцца ад удзельнікаў акцыі пратэсту.

Час ад часу таксама зьяўляюцца здымачныя групы беларускіх тэлеканалаў. Некалькі хвілінаў таму група, якая прадставілася супрацоўнікамі БТ, прыехала здымаць лягер. Па іхных словах, яны хацелі даведацца, чаму ўдзельнікі акцыі стаяць на плошчы. Аднак жыхары намётавага гарадка не пажадалі ўступаць у кантакт зь імі, сказаўшы, што БТ пастаянна падае пра ўдзельнікаў акцыі непраўдзівыя зьвесткі і палівае іх брудам.

3:00

Цягам папярэдніх гадзінаў да жыхароў намётавага мястэчка падыйшлі 6 п''яных правакатараў. Яны паводзілі сябе падазрона, аднак міліцыянты ставіліся да іх паблажліва. Толькі адзін зь іх быў затрыманы пасьля таго як ён ледзь не разьбіў фотакамэру журналісту.

Міліцыя нэрвова рэагуе, калі з машынаў, што праяжджаюць побач, вітаюць удзельнікаў акцыі. Супрацоўнік ДАІ паведамляе нумары гэтых машын наступным пастам ДАІ, пасьля чаго машыны затрымліваюць.

02:00

За апошнюю гадзіну да ўдзельнікаў акцыі пратэсту тры разы падыходзілі нецьвярозыя маладыя людзі, якія правакавалі мітынгоўцаў: спрачаліся, прапаноўвалі выпіць сьпіртное.

Міліцыянты і байцы спэцназу, якія ўвесь час знаходзяцца непадалёк ад намётавага гарадка, на дзеяньні гэтых нецьвярозых ніяк не рэагавалі, а ў адным выпадку даволі прыязна размаўлялі зь нецьвярозымі маладымі людзьмі.

Цяпер удзельнікі акцыі пратэсту слухаюць беларускія гіты, танчаць, але кіраўніцтва лягеру заклікала іх быць больш пільнымі і сачыць, каб ніхто з пабочных асобаў ня мог перасекчы жывое кола вакол намётавага лягеру.

01:00

Удзельнікі акцыі пратэсту адагналі правакатара, які прыйшоў з трыма бутэлькамі шампанскага і прапаноўваў яго мітынгоўцам на Кастрычніцкай плошчы. Мітынгоўцы скандавалі: "п''янству – бой".

Пазьней яны заклікалі міліцыянтаў прагнаць правакатара і тыя сапраўды ўмяшаліся, але перад гэтым некаторыя камэры пасьпелі зьняць эпізод з шампанскім, які правакатар піў з гарла.

Раней БТ паведамляла, што жыхары намётаў на Кастрычніцкай плошчы расьпіваюць шампанскае, піва і каньяк.

Дэманстранты абураны хлусьнёй, якую агучвае дзяржаўнае тэлебачаньне.

00:30

На гэты момант у намётавым гарадку застаюцца прыкладна 500 чалавек. Цяпер гучаць некаторыя аб''явы. Людзі, як звычайна, стаяць колам вакол намётаў. Сёньняшняя ноч трохі цяплейшая за мінулую. У намётавым гарадку гараць сьвечкі.

Міліцыя і асобы ў цывільным стаяць на выхадах з плошчы.

Фотарэпартаж







23:30

Цяпер на плошчы застаюцца каля паўтары тысяч чалавек. Мы чуем шмат песьняў, выступоўцаў.

Тут зьявіліся новыя твары. АМОН сышоў, але замест іх прыйшлі людзі ў скураных куртках, яны атачылі натоўп. Гэта не байцы спэцназу міліцыі, гэта іншае злучэньне. Яны стаяць і сочаць за ўсім, што адбываецца ў натоўпе.

Каля Палацу прафсаюзаў зьявіліся аўтобусы з танаваным шклом. Сытуацыя напружаная. Тут бачылі палкоўніка Паўлічэнку, які стаяў каля Дому афіцэраў.

Журналісты застаюцца на плошчы. Тут ёсьць камэры ОРТ, НТВ.

Шэрагу замежных журналістаў, якія мелі акрэдытацыю да канца месяца, акрэдытацыя была скарочаная да 24 сакавіка. Пэўная колькасьць журналістаў, напрыклад, брытанскіх літаральна сёньня ўвечары былі вымушаны пакінуць Беларусь.

На плошчы шмат хто выказвае падзяку журналістам. Людзі разумеюць, што пры відэакамэрах верагоднасьць разгону значна меншая.

23:00

Зараз тут знаходзіцца 1.5-2 тысячы чалавек. Яны ўдзельнічаюць у “танцах на лёдзе” на катку і каля катка пад гукі “Крамбамбулі”. Зачыненая да пятніцы Інтэрнэт-кавярня “Саюз он-лайн”, якая знаходзіцца тут непадалёку. Некаторыя гавораць, што гэта азначае, што ўлады будуць цярпець менавіта да пятніцы.

Некаторыя сьпяць у намётах, захутаўшыся, хаця і вельмі холадна. Людзі ўсё ж праносяць сюды ежу, цёплую вопратку. Нядаўна бабуля прынесла дзьве коўдры. Пры гэтым людзі праяўляюць вынаходлівасьць, бо за пранос рэчаў на плошчу можна патрапіць "на суткі". Тое, што людзі прыносяць жыхарам намётавага гарадку, яны хаваюць на сабе.

22:30

Цяпер ідзе канцэрт. Надвор''е халоднае, і натоўп паціху меншае ў памерах. Людзі сыходзяць дахаты. Але сёньня людзей на плошчы больш, чым учора на гэтую гадзіну.

У Акрэсьціна катэгарычна адмаўляюцца браць людзей, бо ізалятар перапоўнены. Затрыманых ля Кастрычніцкай плошчы адвозяць у пастарунак у Навінкі.

Сьведкі кажуць, што каля Дому афіцэру бачылі Зьмітра Паўлічэнку.

Каналізацыйная шахта, якая ўжывалася як своеасаблівы туалет, быў заблякаваны. Цяпер для гэтых мэтаў зьявіліся вёдры. Улады адмовіліся паставіць біятуалеты.

Адыходзіць з плошчы небясьпечна, бо ёсьць рызыка затрыманьня.

22:00

Мітынг з палітычнымі заклікамі скончаны, а цяпер пачалася музычная частка. На плошчу прыйшоў Лявон Вольскі. Ён паведаміў, што напісаў адмысловую песьню, якую прысьвяціў удзельнікам акцыі на Кастрычніцкай плошчы. Цяпер народ разам зь Лявонам Вольскім разучваюць гэтую песьню.

Міліцыя пакуль паводзіць сябе карэктна, але быў невялікі інцыдэнт, калі міліцыянты спрабавалі сагнаць людзей з прыступак Палацу прафсаюзаў.

Другую ноч запар тут, на галоўнай плошчы краіны, на ноч выключаюць сьвятло.

Цяпер на плошчы знаходзіцца каля трох тысяч. Зьявілася інфармацыя пра новыя затрыманьні пры падыходзе да плошчы. Чатыры чалавекі з намётамі і спальнікамі былі затрыманыя некалькі хвілінаў таму. Але, нягледзячы на міліцэйскі кардон, за гэты дзень тут зьявіліся некалькі новых намётаў.

Сёньня гаворкі пра "зварачваньне" намётавага лягеру няма. Удзельнікі гатовыя стаяць да апошняга.

21:00

Мітынг цяпер скончыўся. Гучыць музыка. Аляксандар Мілінкевіч зьехаў з плошчы, але абяцаў цягам ночы некалькі разоў вярнуцца на плошчу.

Мітынг скончыўся на сумнай ноце – быў зачытаны сьпіс з 50 чалавек, якіх арыштавалі за ўдзел у акцыі на Кастрычніцкай плошчы.

Цяпер тут знаходзіцца Ірына Красоўская, якая цалкам падтрымала патрабаваньні ўдзельнікаў пра паўторныя выбары. Людміла Гразнова заявіла, што "людзі ўсталі з каленаў".

Быў зачытаны ліст студэнта БДУ пра тое, як ціснуць на іх выкладчыкі.

Многія хацелі пагаварыць зь Мілінкевічам пасьля заканчэньня мітынгу. Ёсьць шмат ідэяў і прапановаў. Адна жанчына прапанавала зьбіраць подпісы людзей па ўсёй Беларусі, якія не галасавалі за Лукашэнку.

А.Мілінкевіч адказаў, што штаб ужо абмяркоўвае гэтую прапанову.

На плошчы зьяўляюцца новыя твары. Замест тых, каго кінулі за краты, прыходзяць новыя людзі. На пачатку тут было вельмі шмат моладзі, але сёньня тут бачна больш пажылых людзей, пэнсіянэраў, якія прыйшлі падтрымаць мітынгоўцаў.

20:30

На плошчы працягваецца мітынг, тут прыкладна 5 тысячаў чалавек, закончыў выступ Аляксандар Мілінкевіч. Ён сказаў, што рэпрэсіі супраць моладзі, разьвязаныя ўладамі не прынясе ўладам плёну. У Польшчы адбудзецца нарада рэктараў польскіх унівэрсытэтаў, рэпрэсаваным беларускім студэнтам будзе прапанавана бясплатнае навучаньне ў ВНУ Польшчы і іншых краінах Эўразьвязу.

Спадар Сіўчык у сваім выступе заклікаў моладзь гуртавацца, запрашаць сваіх родных і знаёмых прыходзіць на Кастрычніцкую плошчу.

Тацяна Ваніна зачытала сьпіс з 50 чалавек, якія былі затрыманыя і асуджаныя на працягу сёньняшняга дня.

Міліцыя пакуль не перашкаджае людзям ісьці на плошчу. Людзей звычайна пачынаюць хапаць, калі мітынг сканчаецца і на плошчы застаецца не 5-6 тысячаў чалавек, а каля 500.

20:00

На плошчы выступіў Аляксандар Мілінкевіч. Ён паведаміў, што заходнія краіны складаюць сьпіс беларускіх чыноўнікаў на сотні і тысячы чалавек, якія перасьледвалі, судзілі і звальнялі людзей. Ім будзе забаронены ўезд у заходнія краіны.

“Хай яны сядзяць у сваёй турме” – сказаў Мілінкевіч.

Паводле яго, дэмакратычная кааліцыя распрацоўвае пляны, як дапамагчы затрыманым падчас акцыяў пратэсту на Кастрычніцкай плошчы.

У бліжэйшыя дні ў Варшаве адбудзецца нарада рэктараў польскіх унівэрсытэтаў – пацярпелым і звольненым студэнтам будзе прапанаваны працяг бясплатны навучаньня ў польскіх унівэрсытэтах.

На плошчы Андрэй Хадановіч чытаў свае вершы. Цяпер выступае Вячаслаў Сіўчык.

Зараз на плошчы знаходзіцца 5-6 тысяч чалавек.

Усе рыхтуюцца да акцыі ў Дзень волі 25 сакавіка.

19:30

Сабралася больш за чатыры тысячы чалавек. Усе чакаюць прыезду Мілінкевіча. Зараз у Менску вельмі холадна, халадней чым у дзень. Некаторыя ўдзельнікі паведамляюць, што пасьля таго як сьцямнела, стала лягчэй дастаўляць у намётавы гарадок ежу, напоі і цёплае адзеньне.

Намётавы гарадок упрыгожаны партрэтам Кастуся Каліноўскага і плякатам “Плошча Каліноўскага”. Сёньня – 143-я гадавіна пакараньня сьмерцю Кастуся Каліноўскага.

19:00

Людзі ідуць і ідуць. Зараз ёсьць дакладна 3-4 тысячы. Актыўна сыгналяць машыны, якія вітаюць мітынгоўшчыкаў, хаця за гэта іх штрафуюць ДАІшнікі. Пачатак мітынгу адкладаецца, але на плошчу ўжо едзе Аляксандар Мілінкевіч.

На плошчы паболела намётаў, іх ужо каля 40.

Людзі слухаюць песьні ўкраінскай групы “Воплі Відаплясава”.

На ноч прагноз – 7-9 градусаў марозу.

18:30

Цяпер сабралася больш за 1000 чалавек. Жыхары намётавага гарадка рыхтуюцца да мітынгу, у якім возьме ўдзел Мілінкевіч. Як паведаміў камэндант намётавага гарадку Алесь Мазур у адной з кватэраў у Менску заблякавалі сябраў руху “Хопіць”, які быў “маторам” пратэсту. Прынамсі заблякаваны ў кватэры адзін з актывістаў руху “Хопіць” Сяргей Салаш.

На плошчы трымаецца вялікая расьцяжка – “Плошча Кастуся Каліноўскага”. Учора удзельнікі мітынгу падтрымалі прапанову пісьменьніка Ўладзімера Арлова перайменаваць плошчу.

Гл.таксама • 22 сакавіка: Фотарэпартаж з палатачнага гарадка • 22 сакавіка: Палітвязьняў ужо ня дзесяткі, а сотні • Ноч з 21 на 22 сакавіка: онлайн-рэпартаж і фота з Кастрычніцкай плошчы • Судзяць людзей, якія несьлі ежу на Кастрычніцкую плошчу • Раніца 21 сакавіка -- фотарэпартаж і відэа з Кастрычніцкай плошчы • Кастрычніцкая плошча ўначы 20 сакавіка (фотарэпартаж) • Начны онлайн-рэпартаж з Кастрычніцкай плошчы (19-20 сакавіка)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG