Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В. Ландсбэргіс заклікаў пікетаваць амбасады Беларусі і Расеі


Тацяна Поклад, Вільня У сталіцах Эўропы працягваюцца акцыі пратэсту пры амбасадах Беларусі. Сёньня акцыі перад будынкам амбасады Беларусі у Вільні арганізавалі партыя кансэраватараў Літвы “Саюз айчыны”, якая пікетавала амбасаду з раніцы, і, у другой палове дня, грамадзкая арганізацыя Цэнтар аб''яднаных беларускіх ініцыятываў. Актывісты вырашылі пікетаваць амбасаду Беларусі штодня, пакуль людзі будуць знаходзіцца на Кастрычніцкай плошчы.

Паводле арганізатараў, пікет ладзіўся у падтрымку людзей, якія дамагаюцца свабоды і справядлівасьці, пратэстуючы на Кастрычніцкай плошчы. Сябра Партыі кансэрватараў, якая ініцыявала акцыю, Раса Юкнявічэне кажа, што гэты пікет – “хаця і сьціплы ўнёсак у справу падтрымкі змаганьня беларусаў, але ад ўсяго сэрца”. Праз радыё “Свабода” літоўская дэпутатка, якая ачольвае парлямэнцкую групу “За дэмакратчыную Беларусь”, зьвярнулася да беларусаў на Кастрычніцкай плошчы:

(Юкнявічэне: ) “Мы глядзім нас вас зь вялікім захапленьнем, і вельмі непакоімся пра вас. Нашая падтрымка, нашыя сэрцы – за вас! Мы падтрымліваем ўсіх гэтых людзей, якія такім холадам, пад пагрозамі, абкружаныя АМАПам, міліцыяй, спэцслужбамі, адважыліся прыйсьці на Кастрычніцкі пляц і заявіць пра сваю нязгоду жыць пад дыктатурай. Мы падтрымліваем вашыя памкненьні і патрабаваньні новых дэмакратчыных выбараў! Мы не прызнаем галасаваньня 19 сакавіка, Аляксандар Лукашэнка – не прэзыдэнт.”

На пікеце быў абвешчаны ліст салідарнасьці, які наўпрост па тэлефоне зачытала беларусам Раса Юкнявічэне. Удзельнікі акцыі вырашылі, што ўвесь час, пакуль людзі будуць знаходзіцца на Кастрычніцкай плошчы, і ў Вільні пры беларускай амбасадзе кожны дзень будзе пікет. Пазьней плянуецца праводзіць пікеты рэгулярна кожны тыдзень. У пікеце бралі удзел таксама сябры грамадзкіх арганізацыяў – з Даніі “Сілба” і зь Літвы – Цэнтар аб''яднаных беларускіх ініцыятываў, які зладзіў яшчэ адну акцыю пры амбасадзе Беларусі пасьля палудню. У Вільні пры беларускай амбасадзе няма месца, дзе можна паставіць хаця б адзін намёт.

Тым часам адзін зь лідэраў кансэрватараў, эўрапарлямэнтар Вітаўтас Ландсбэргіс, сказаў, што ў Беларусі цяпер шмат што залежыць ад трываласьці людзей, якія паўсталі супраць маны, гвалту і прыгнёту, але пры гэтым вялікая адказнасьць палягае на міжнародных структурах.

(Ландзбергіс: ) “Я падрыхтаваў тэкст рэзалюцыі. Але што да Эўразьвязу, трэба пэўная палітычная энэргія і салідарнасьць. Эўразьвяз павінен зьмяніць сваю двухсэнсоўную, досыць няпэўную палітыку у дачыненьні да Беларусі. Пікеты перад беларускай амбсадай – гэта, вядома, патрэбна, але ня менш патрэбна цяпер ладзіць пікеты перад амбасадамі Расеі”.

Літоўскі эўрапарлямэнтар, лідэр руху “Саюдзіс” – змагар за аднаўленьне незалежнасьці Літвы, першы кіраўнік незалежнай Літоўскай дзяржавы Вітаўтас Ландсбэргіс зьвярнуўся да людзей на Кастрычніцкай плошчы праз радыё “Свабода”, спрабуючы гаварыць па-беларуску:

(Ландзбергіс: ) “Браты беларусы! Я вас віншую! Ад вас цяпер залежыць будучыня вашай цудоўнай краіны! Нам сэрца баліць за вас і за Беларусь! Якія цяжкасьці не давялося б прайсьці – вы іх адолееце. Гэта залежыць ад вашай моцы, вашай вытрымкі. Вас выпрабоўваюць – трымайцеся, колькі зможаце. Гэта будзе ваш унёсак у свабоду вашай краіны. Жыве Беларусь!”

Вітаўтас Ландсбэргіс перапрасіў, што ня змог зьвярнуцца цалкам па-беларуску, – так, як гэта мог бы зрабіць яго бацька, вядомы літоўскі дзяяч, які добра ведаў беларускую мову.

Іншы сябра партыі кансэрватараў, пра якога абразьліва піша беларускі афіцыйны друк за яго заявы у падтрымку дэмакратыі у Беларусі, Эмануэліс Зінгерыс, сёньня па вяртаньні з Брусэлю падкрэсьліў, што Беларусі патрэбная канкрэтная дапамога, найперш ад Эўразьвязу, але ня меней – ад суседніх краінаў. Э.Зінгерыс, кіраўнік падкамітэту па палітыцы суседзтва ў Літоўскім парлямэнце кажа, што дэмакратычным сілам Беларусі патрэбная ня толькі маральная падтрымка, але распрацоўка новага пакету дапамогі з боку Эўразьвязу. Э.Зінгерыс сказаў нашаму радыё:

(Зінгерыс: ) “Цяпер ніхто ня скажа, што беларускі народ не выяўляе сваёй палітычнай пазыцыі, ня хоча зьменаў, што ў Беларусі ўсе – апалітычныя і запалоханыя. Беларусь ясна заявіла пра сваё жаданьне ісьці дэмакратычным эўрапейскім шляхам. Паверце, гэта ня проста высокія словы. Весткі з Кастрычніцкага пляцу ідуць да самых сэрцаў людзей у Эўропе. Кожная хвіліна на тым холадзе, пад пагрозамі рэпрэсіяў і гвалту, адгукаецца болем у сэрцах і эўрапейскіх палітыкаў, і звычайных грамадзянаў, якія чакаюць Беларусь у эўрапейскую сям''ю”.

Літоўскі Сойм заўтра плянуе прыняць рэзалюцыю адносна вынікаў галасаваньня 19 сакавіка ў Беларусі. У праекце рэзалюцыі выбары не прызнаюцца легітымнымі, рэзка асуджаюцца рэпрэсіі ў Беларусі, патрабуецца неадкладна спыніць гвалт супраць мірных грамадзянаў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG