Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намётавы гарадок на Кастрычніцкім пляцы наведалі “асэнізатары”


Ігар Карней, Менск Пасьля надзвычай халоднай ночы зьяўленьне сонца падбадзёрыла “жыхароў” імправізаванага намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы.

Пад першымі, па-сапраўднаму веснавымі, праменямі сонца ў бок Кастрычніцкай плошчы пацягнуліся ня толькі прыхільнікі апазыцыі, але й тыя, хто падтрымлівае ўладу. Сутычкі ідэйных апанэнтаў здараліся па пэрымэтры ўсяго імправізаванага лягеру. З даху Палацу рэспублікі гэта фіксавалі тэлекамэры беларускіх каналаў: на запрашэньне камандзіра палку міліцыі асаблівага прызначэньня Юрыя Падабеда тэлевізійнікаў паднялі над плошчай — паказаць гледачам, якая “мізэрная кучка апазыцыянэраў пратэстуе супраць улады”. Аднак многія з тых, хто прыйшоў на плошчу, салідарныя з маладымі людзьмі ў намётах.

(Карэспандэнт: ) “Я бачу, вы мэтанакіравана прыйшлі падтрымаць людзей”.

(Спадарыня: ) “Я вельмі шаную гэтых людзей, я імі ганаруся. Мяне завуць Тацяна Хведараўна, я пэнсіянэрка, але ўсім сэрцам я з гэтымі людзьмі. Я вельмі веру, што ўбачу сьвет у акенцы, убачу родную Беларусь вольнай. А хлопцам і дзяўчаткам прыношу чакаляду, цукеркі, цыгарэты — усё, што магу”.

Палітык і праваабаронца Вячаслаў Сіўчык нагадаў усім прысутным, што 22 сакавіка — сьвяты для кожнага беларуса дзень.

(Сіўчык: ) “Таму што 22 сакавіка 1864 году ў Вільні царскія акупанты зьнішчылі наша нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага. Ня верце тым людзям, якія кажуць, што незалежнасьць Беларусі дасталася лёгка. За незалежнасьць быў заплачаны вельмі вялікі кошт. А лёс Кастуся Каліноўскага — нават яго аднаго дастаткова дзеля таго, каб беларусы мелі права на сваю дзяржаву й на тое, каб быць нармальным эўрапейскім народам”.

Роўна а 14-й гадзіне намётавы лягер наведаў Аляксандар Мілінкевіч. Ён перакананы, што 25 сакавіка, у Дзень Волі, вялікая колькасьць беларусаў прыйдзе выказаць салідарнасьць з насельнікамі намётавага лягеру. Аднак людзям чарговым разам трэба будзе пераадолець пачуцьцё страху.

(Мілінкевіч: ) “Мы вельмі хацелі б вывесьці 25 сакавіка як мага больш людзей. Але я ня фокусьнік, я не факір. Гэта залежыць ад стану душы людзей. Калі яны адчуюць, што гэта момант, калі вельмі важна выйсьці ўсім, — мы будзем іх пераконваць. Таму што 25-га важна прадэманстраваць нашу салідарнасьць, тое, што мы не рабы, што мы можам пастаяць за сябе. Калі грамадзтва сасьпела для гэтага й выйдзе, — я буду шчасьлівы. Сустракаемся тут жа, у 18.30”.

У другой палове дня намётавы лягер наведалі “асэнізатары” Менскага водаканалу ў суправаджэньні міліцыі. Начальнік над рабочымі ў памаранчавых “спэцоўках” заявіў, што хтосьці топіць мэтро, і неабходна праверыць каналізацыю на засьмечанасьць. Пад умовай праверкі калодзезяў яны пачалі ссоўваць намёты, шукаючы люк. Пасьля гэтага чысьцільшчыкі пакінулі лягер. Потым зьявіўся экскаватар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG