Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“А гэтаму хлопчыку на аўтобусе зь бел-чырвона-белым сьцягам, яму з гадамі будзе зроблены помнік...”


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за 21 сакавіка. Кожны дзень з 21:00 да 09:00 вы можаце патэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Той гвалт, фарс, фальсыфікацыю, што адбыліся ў Беларусі 19-га красавіка вельмі трапна спадар Мілінкевіч назваў “неканстытуцыйным захопам улады Лукашэнкам”. Зь ім згодныя ўсе дэмакратычныя сілы плянэты. Але ж гэта прававое бязьмежжа і дыктат былі б немагчымыя ў нашай краіне бяз яўнай падтрымкі Лукашэнкі імпэрыялістычнымі коламі ў кіраўніцтве Расеі. Вось ужо 12 гадоў Расея ўмешваецца ў нашы ўнутраныя справы, што несумяшчальна з дэмакратычнымі нормамі і міжнароднымі пагадненьнямі, якія яна падпісала ўжо пасьля распаду СССР. Галоўная мэта расейскіх ястрабаў – зноў загнаць Беларусь у склад Расеі і як мага хутчэй прызначыць рэфэрэндум па прыняцьцю канстытуцыйнага акту аб уступленьні Беларусі ў склад Расеі ў якасьці паўночна-заходняга краю. Аб гэтым адкрыта казалі так званыя назіральнікі Расеі ўжо ўвечары 19-га красавіка на сустрэчы зь беларускім тэлебачаньнем, што вёў Казіятка. Ніхто не сумняваецца, што так яно і будзе. І гэты рэфэрэндум таксама будзе сфальсыфікаваны. Беларусь зьнікне з мапы зямлі як незалежная сувэрэнная дзяржава. За гэтую здраду як узнагароду Лукашэнка атрымае дазвол ад расейскай улады быць вечным губэрнатарам паўночна-заходняга краю аж да самай сьмерці.

Расея! Прэч брудныя рукі ад незалежнай Беларусі! Жыве Беларусь!”

(Спадарыня:) “Зьвяртаюся да тых, хто галасаваў за Лукашэнку. Вы не выбіралі, а згадзіліся на нізкія заробкі, мізэрныя пэнсіі; вы згадзіліся на высокія цэны за харчы і лекі; вы не выбіралі, а згадзіліся на жыцьцё бяз будучага. Мне вельмі шкада вас”.

(Спадар: ) “Вось даводзіцца прызнаваць, што мы, я маю на ўвазе сябе і вашу рэдакцыю, так памыліліся ў Лукашэнку. Я сьцьвярджаў, што ён праігнараваў гэтыя свае выступы, а вы казалі, што адмовіўся. А ён бачыце, які аказаўся высакародны! Выступаючы сёньня на прэс-канфэрэнцыі, заявіў, што ён быццам бы ахвяраваў гэты свой час кандыдатам ад апазыцыі. Вось як усё абярнулася. Але бачыце, яны такія-сякія, што нават свой час не змаглі выкарыстаць, відаць, маўляў, не было чаго казаць. Вось такія справы адбываюцца. Так што ў далейшым давядзецца нам раскідваць мазгамі больш уважліва і ўмець чытаць паміж радкоў”.

(Спадар:) “Наколькі Лукашэнка любіць сваіх дзяцей. Як пачынае лукавіць, хлусіць, кажа: “Клянуся сваімі дзецьмі!” Затое нашых дзяцей судзіць за іншадумства. Калі мы не паднімемся з кален, нам не даруюць нашы дзеці і ўнукі. А Шэйман за пяць год ад палітыкаў пазбавіцца і дзяцей нашых пакалечыць”.

(Спадарыня: ) “Чаму толькі Менску дазваляеце гаварыць, а іншым не? Чаму мы ня можам? Прыйшлі парадкі навадзіць! Мірна жылі, спакойна 10 год… Паскудства! Ужо ўсё ёсьць: кампутары, грошы даюць аўтаматы. Ім не падабаюцца кіраўнікі нашыя, яны сваіх з Амэрыкі ставяць, якіх у Амэрыцы вучаць. Перавароты яны робяць! Пакаяньне трэба рабіць, а ня смутаю займацца! Бессаромныя! Свабода называецца! Гэта не свабода – гэта падман народу! Людзі ня ведаюць Бога, не чытаюць слова Божае, не разумеюць, у які час мы жывем! Усякая ўлада Богам пастаўлена, і супраціўляецца ўладзе той, хто ад сатаны!”

(Спадар: ) “Шчыра дзякую і нізка ў ногі кланяюся ўсім барацьбітам з дыктатарскім рэжымам у Беларусі! Вітаю прадстаўнікоў Расеі: Мікіту Бялых, Уладзімера Рыжкова, прадстаўнікоў Украіны і Польшчы, якія дапамагаюць нам у гэтай цяжкай барацьбе. Захоплены гераізмам нашых лідэраў: Мілінкевіча, Казуліна, Сярэдзіча і ўсіх маладых людзей, якія дапамагаюць ім у гэтай высакароднай справе. Перамога будзе за намі! З намі праўда! З намі Бог! Жыве Беларусь!”

(Спадарыня Ліда: ) “Перад выбарамі ішла перадача “Выбар” з галасаваньнем. Але, калі набіралі нумар Мілінкевіча, амаль усім мэталічны голас адказваў: “Няправільна набраны нумар”.

Праз вашую перадачу хачу зьвярнуцца да спадара Лукашэнкі. Паважаны Аляксандар Рыгоравіч! Я закончыла, як і вы, Магілёўскі пэдінстытут, але я аддала ўсё жыцьцё маладому пакаленьню. Слухаю ўсе навіны па беларускіх каналах і па БТ. Калі слухала вашую прэс-канфэрэнцыю 20-га сакавіка, мне вельмі было сорамна за вас і, паверце, шкада вас. Як можа пэдагог, вядомы ўсяму сьвету, так бестактоўна размаўляць з замежнымі прадстаўнікамі? Вы для іх не прэзыдэнт, вы – твар Беларусі. Ня ганьбіце яго! Вы толькі тых слухаеце, хто падхалімнічае вам. Як прымушалі галасаваць, усім вядома. Апомніцеся! Захавайце твар пэдагога!”

(Спадар: ) “Уладзімер Уладзімеравіч! Я сам рускі, як і вы, але імпэрскіх замашак ня маю. Разваліўся Саюз – як кажуць, “поезд ушёл”. У самой вялікай Расеі непачаты край працы, ёсьць дзе там разьвярнуцца. Вось і навадзіце там парадак! А як нам жыць у Беларусі і з кім, дазвольце вырашаць самім”.

(Спадар: ) “Учора 19 сакавіка быў на Кастрычніцкай плошчы – было сапраўднае сьвята. Сёньня накіраваны ў камандзіроўку ў Берасьце, але душою я з усімі на плошчы!”

(Спадарыня: ) “Вывозілі людзей ў Сібір, колькі людзей вывезьлі! А цяпер людзі жывуць, машыны маюць, дамы будуюць, прадуктаў і хлеба хапае! Дык што вы хочаце, каб у нас рэвалюцыя, вайна была? Мы пражылі 10 год, усе мы, простыя людзі, давольныя, а вось такія, хто бізнэсам займаецца, ім усё мала. Навошта вы чапаеце таго Лукашэнку? Сорамна! Прадажныя людзі! Пакуль не было гэтай свабоды, усе мірна, ціха жылі! Маліцца трэба, прасіць прабачэньня ў Бога! У нас Хрыстос цар законны! А гэта ўсё сатанінскія прыхамаці”.

(Спадар, Менск: ) “У мяне такая думка зьявілася, што хутка наш Лукашэнка прыдумае рэфэрэндум, каб увогуле выбараў у нас не існавала, таму што гэтыя выбары – гэта проста фарс”.

Спадар: ) “Звычайна кажуць так: калі Бог хоча каго пакараць, ён пазбаўляе яго розуму. Выбары, якія прайшлі 19-га, паказваюць, што альбо наш народ сапраўды пазбаўлены розуму, альбо адкрыта ідзе фальсыфікацыя.

Хачу сказаць, што калі на мінулыя выбары людзі амаль што не хадзілі, то цяпер, на апошні рэфэрэндум і гэтыя выбары, людзі ішлі, каб прагаласаваць супраць зьменаў у Канстытуцыі і супраць цяперашняга прэзыдэнта. А атрымліваецца, што ён зноў прайшоў. Ня верыцца, што Мілінкевіч набраў усяго толькі 5% ад усіх галасоў. Таму для мяне асабіста на працягу 5-ці год 19-га сакавіка будзе жалобным днём, чорным днём календара. І яшчэ мінімум як пяць год будзе насаджацца гэтая саўковасьць, і мы будзем жыць у тым балоце, у якім жылі. Людзі, якія галасавалі за Лукашэнку, ня думаюць пра тое, што яны запрыгоненыя гэтай кантрактнай формай найму, што моладзь, іхныя ўнукі і дзеці, у адрозьненьне ад іх, не атрымоўваюць пэнсію і вымушаны жыць ледзь-ледзь”.

(Спадар: ) “Хачу падзякаваць кіраўніцтву Расеі за прызнаньне “зноў выбранага” прэзыдэнта, за падтрымку рэжыму, які фальсыфікуе вынікі выбараў, прымушае пад націскам галасаваць датэрмінова студэнтаў, калгасьнікаў, рабочых на дзяржаўных прадпрыемствах; за дасылаемых на выбары назіральнікаў, якія ніколі не заўважаюць парушэньняў у час перадвыбарнай агітацыі, падчас галасаваньня і падліку галасоў. Гэта ўсё называецца будаваньнем саюзнай дзяржавы на аснове хлусьні, гвалту і самавольства”.

(Былы шахцёр, Салігорск: ) “Я вельмі задаволены і ўдзячны таму, што такія людзі як Мілінкевіч сёньня стаяць на плошчы і абараняюць нашу свабоду, адстойваюць, што адбіраў за 12 год наш цяперашні кіраўнік дзяржавы. Крыўдна, што я не магу прысутнічаць на плошчы. Народу Беларусі Бог дае яшчэ адзін шанец, ён пасылае яшчэ аднаго кіраўніка, такога, як быў у нас Машэраў. Гонар такім людзям! Гонар народу беларускаму!”

(Спадар, Гомель: ) “Мы галасавалі за Мілінкевіча. Не разумеем, чаму казалі, што Гомель і Магілёўская вобласьць больш за ўсіх прагаласавалі за Лукашэнку. Гэта поўная хлусьня і няпраўда! Мы будзем змагацца за сваю свабоду!”

(Спадарыня: ) “Ці доўга вы будзеце ашукваць людзей? Як вы можаце глядзець пасьля гэтага ў вочы сваім дзецям і ўнукам?”

(Ільля Копыл: ) “Толькі што прыйшоў з плошчы, пабываў на мітынгу, атрымаў зарад бадзёрасьці.

Сёньня па БТ паказвалі тэатар аднаго актора. Ён заявіў, што на мітынгу 19-га было дзьве тысячы юнакоў, якім заплацілі па 20 тысяч беларускіх рублёў. Раней ён казаў, што плацілі далярамі, а зараз вось ужо перайшлі на рублі. Дык я хачу сказаць, што там былі людзі ад 15 да 80 гадоў, нават былі людзі, якія прыходзілі семя’мі. То бок гэты актор, грамадзянін Лукашэнка, займаецца хлусьнёй!

Сёньня мне патэлефанавала знаёмая. Яна сказала, што ў яе дачкі, якой 11 год, узялі падпіску, каб яна не наведвала мітынг на Цэнтральнай Плошчы. Думаю, камэнтар тут непатрэбны”.

(Спадар: ) “Лічу вынікі выбараў прэзыдэнта Беларусі чарговай хлусьнёй дзеючых уладаў! Падтрымліваю патрабаваньне аб правядзеньні паўторных выбараў!”

Хутка ня будзе ў Беларусі ні аўса, ні жыта – Лізаць будуць падхалімы пустое карыта. Гэтулькі сілавікоў, гэтулькі вяльможаў Наш старанны селянін пракарміць ня зможа!

(Спадарыня: ) “Лукашэнка паводзіць сябе так нахабна і самаўпэўнена таму, што за яго плячыма Расея. Лічу, што ва ўсіх нашых бедах вінаватая Расея, таму што Беларусь зьяўляецца буфэрам паміж Захадам і Расеяй. І пакуль будзе падтрымка Расеі, у нас нічога ня зьменіцца”.

(Алег, інвалід па зроку: ) “Усё залежыць ад народу самога, а не ад самога Лукашэнкі. У нас дэмакратыі нельга зрабіць, таму што ўсё залежыць ад народу, народ павінен сачыць за сабой, трэба перавыхоўваць самога сябе”.

(Спадарыня: ) “Была назіральнікам г. Гомеля і выявіла такія факты. Людзей 19-га сакавіка прыйшло значна менш, чым было абвешчана. Бюлетэні ў скрыні па датэрміновым галасаваньні ўвогуле не лічыліся. І тое, што яны там рабілі, было зусім ня бачна. Яны сталі ў некалькі радоў і закрылі ад назіральнікаў усё, што адбывалася за сталом”.

(Спадар: ) “Наконт фальсыфікацыі выбараў. Яшчэ былы прэзыдэнт ЗША Лінкальн казаў: “Можна падманваць невялікую колькасьць народу доўгі час альбо нядоўгі час вялікую колькасьць народу. Падманваць усіх доўга немагчыма”. Таму Беларусь будзе свабоднай!”

(Спадарыня: ) “Калі б эўрапейскія краіны – напрыклад, бліжэйшая Польшча – абвясьцілі б, што ўсе студэнты, якія будуць адлічаныя з інстытуту, будуць прынятыя ў іх шэрагі, у інстытуты Польшчы, то на плошчах было б значна больш моладзі. Падтрымліваю толькі Мілінкевіча!”

(Спадарыня: ) “Наконт вынікаў выбараў. Гэтыя вынікі вельмі зьдзіўляюць, бо ўсе мае знаёмыя, наша сям’я галасавалі за Мілінкевіча. У мяне амаль няма такіх знаёмых, якія б галасавалі за Лукашэнку. Таму я ня веру ў гэтыя вынікі, яны сфабрыкаваныя. І няма нічога дзіўнага, бо Лукашэнка – гэта хлус вялікага маштабу. Яму схлусіць нічога ня варта, яму падмануць нічога ня стоіць. Так што ён нас проста падманвае, лічыць нас, увесь беларускі народ, за нейкіх дурачкоў”.

(Спадар: ) “Аляксандар Лукашэнка назваў прэзыдэнта ЗША Буша тэрарыстам №1. У 2004 годзе падчас газавай вайны назваў тэрарыстам прэзыдэнта Расеі Пуціна. Хацелася б запытаць у яго, пад якім нумарам ён лічыць Бін-Лядэна? А можа, ён у яго сябра, пасьля Садама Хусейна і Мілошавіча?”

(Спадар, Віцебск: ) “На душы агіда і пустэча за сябе, за ўсіх нас. Хочацца ўзгадаць радкі Максіма Багдановіча.

Народ, Беларускі Народ! Ты – цёмны, сьляпы, быццам крот. Табою ўсягды пагарджалі, Цябе не пушчалі з ярма I душу тваю абакралі, – У ёй нават мовы няма. Ты крыкнуць не вольны “Ратуйце!” I мусіш ты “Дзякуй” крычаць.

Але, але, але... Час нараджае герояў. Яны прыходзяць тады, калі бязь іх самаахвяраваньня ня выжыць, яны ўздымаюць душу паніклых, яны акрыляюць няўпэўненых, яны – прысуд здраднікам і адступнікам”.

(Спадар: ) “У нашай краіне суцэльная ідэалёгія, замбіруюць па поўнай праграме! З нармальна думаючых людзей робяць клоўнаў і дурачкоў. Непрымальныя людзі са здаровым поглядам на жыцьцё, людзі працавітыя і ініцыятыўныя. Што нам прапаноўвае Белсаюздрук: нуль апазыцыйнай прэсы, затое шырокі асартымэнт парнаграфіі і прапаганды. На думку ўлады гэта павінна служыць для аздараўленьня і ўзмацненьня”.

(Спадар: ) “Я быў учора і сёньня на пляцы. І мяне вельмі абразіла, што Лукашэнка сказаў, што там былі пятнаццацігадовыя падлеткі, якім заплацілі 20 тысяч, якія трэба адпрацаваць.

У мяне ёсьць прапанова правесьці такую акцыю: прынесьці па 20 тысяч і кінуць іх недзе паблізу рэзыдэнцыі, калі ён лічыць, што мы адпрацоўвалі гэтыя грошы. Жыве Беларусь! Ганьба Лукашэнку!”

(Спадарыня, Нямеччына: ) “Падтрымліваю ўсіх беларусаў, якія выйшлі на Кастрычніцкую плошчу. Трымайцеся да апошняга! Мы з вамі!”

(Спадар: ) “Беларусы, маліцеся за свабоду, праўду, справядлівасьць! І мы пераможам!

(Спадар: ) “Лічу, што беларусам трэба браць прыклад перш за ўсё з украінцаў, якія выстаялі на сваім Майдане, даказалі сваю чэснасьць, даказалі нячэснасьць улады. Трэба працягваць змагацца за свабоду, змагацца супраць апошняга дыктара Эўропы. Я жадаю ім шчасьця і посьпехаў!”

(Яцкевіч, Аляксандар Анатольевіч, Віцебск: ) “За адзін толькі пачварны ўказ, што з табой можа быць у любую хвіліну не падпісаны кантракт, са спэцыялістам вышэйшай адукацыі, гэта такое пачварнае вырашэньне праблемы! Асабліва гэта, калі ты жывеш не адзін як воўк, а за табой стаіць сям’я. Уся сям’я пакараная. Вось чым трэба кінуць у вочы нашым вялікім дзеячам”.

(Спадарыня: ) “Хачу падзякаваць “Свабодзе”, як адной зь нямногіх альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі. У гэтыя дні “Свабода” – гэта сапраўды глыток сьвежага паветра. Падзяка тым, хто выходзіць на плошчу, хто тэлефануе на “Свабоду”, стараецца чытаць незалежны друк. Разам мы моцныя! Парасткі беларускага радаводу, яднаемся! Мы – Беларусь, краіна ў цэнтры Эўропы, а не Бярмудзкі трохкутнік, дзе могуць невядома куды зьнікаць людзі, ідэі, людзкія памкненьні, думкі. Гэта не прыродная анамалія, а штучная, а значыць, зь ёй можна справіцца.

Такая прапанова ў нас. Калі 19-га сакавіка сабралася 30 тысяч прыхільнікаў Мілінкевіча – гэта выдатна, значыць праца была зроблена і ня марная. Колькі б іх было, каб была магчымасьць доступу да СМІ і тэлебачаньня! Таму, паважаны Аляксандар Мілінкевіч, мітынгаваць зараз гэта мала, патрабуйце выступіць на тэлебачаньні, на радыё са сваёй справаздачай аб ходзе выбараў. Калі ня будзе такога, зьвяртайцеся па дапамогу да ўкраінскага тэлебачаньня. Арганізуйце народнае галасаваньне праз Украіну ў прамым эфіры. Гэта будуць канкрэтныя дзеяньні мас. І рабіць гэта трэба цяпер, нельга губляць момант. Хацелася падтрымаць Аляксандра Мілінкевіча і ўсіх, хто побач. Аляксандар Мілінкевіч – сымбаль волі, гонар, веліч! Дзякуй табе ад народу! Мы з табою за свабоду!”

(Мікалай Васільевіч, Салігорск: ) “20 сакавіка ў Салігорску а 20:35 былі агучаныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у горадзе беларускіх шахцёраў. Лукашэнка набраў 69,72%, Мілінкевіч – 16,35%, Казулін – 4,57%, Гайдукевіч – 2,86%. Але мы, салігорцы, ня верым гэтым дадзеным і лічым выбары фальсыфікаванымі. Таму і ў нас не было агучана, колькі выбаршчыкаў прагаласавала супраць усіх. І як ні стараліся мясцовыя ўлады ўзьдзейнічаць на выбарчыя камісіі, але да любімай лічбы 75% Лукашэнка ў Салігорску так і не дацягнуў.

У маім дзевяціпавярховым доме амаль усе сем’і прагаласавалі за Мілінкевіча і Казуліна, а гэта больш за сто чалавек. Два Аляксандры, Мілінкевіч і Казулін, у Салігорску – самыя папулярныя палітыкі. Сустрэчы зь імі праходзілі ў перапоўненых залях. У ходзе перадвыбарчай кампаніі яны набылі новых прыхільнікаў, якія лічаць, што і Мілінкевіч і Казулін годныя быць прэзыдэнтам Беларусі. Горш ня будзе, а зажывем мы ў вольнай краіне цэнтра Эўропы!”

(Спадар: ) “Паўсюль на плякатах крыклівае “За!” Вось і паказалі нам “за”, большай частцы выбаршчыкаў, вось і плюнулі ўлады нам у вочы, выцерлі аб нас ногі, наш экс-прэзыдэнт і стаў прэзыдэнтам. Людзі! Дзе пачуцьцё ўласнай годнасьці? Мы дазволілі Аляксандру Г. узьляцець так высока. Давайце дзецям дапаможам пазбавіцца ад гэтага ўладара”.

(Спадарыня: ) “Казулін і Мілінкевіч! Вы не палітыкі, вы злосныя кар’ерысты і амэрыканскія халуі, якія вельмі хочуць узяць уладу. Народ зрабіў выбар правільны, і хопіць шыпець як зьмеі. Хопіць прыкрывацца неразумнымі замбіраванымі дарослымі і безадказнымі падлеткамі, якія з бутэлькамі ў руках, п’яныя, гарланілі на плошчы. Хопіць прадаваць краіну і народ амэрыканскім дыктатарам і фашыстам! Усе вы няздольныя даць правільную адзнаку таму, што адбываецца ў сьвеце пад ціскам эўраамэрыканскіх дыктатараў, якія ня могуць утаймаваць тое, што іх грошы пайшлі кату пад хвост. І ня могуць адмовіцца ад сусьветнага панаваньня гэтыя фашысты”.

(Віктар Бутто: ) “Аб дэмакратычнасьці паводле Лукашэнкі. Прайшлі выбары, колькі за каго прагаласавала – невядома. Выбарчая камісія, Цэнтравыбаркам і назіральнікі паказалі, што выконваць свае абавязкі яны не выконвалі і не зьбіраюцца выконваць добрасумленна і чэсна. Лукашэнка гатовы любому галаву адкруціць, калі той ня будзе выконваць так, як яму выгадна”.

(Спадар: ) “У нас у рэспубліцы выбары былі празрыстыя, свабодныя і вольныя. Лічу, што і ў сталінскія часы Беламорканал будаваўся таксама празрыста, свабодна і вольна”.

(Спадарыня: ) “Людзі, якія на Плошчы, родныя, добрыя, трымайцеся, калі ласка, шмат хто ў Менску хоча вам дапамагчы! Будзем, будзем старацца. Мы пераможам!”

(Спадар: ) “Вельмі хочацца дапамагчы тым людзям, якія зараз на Плошчы змагаюцца за нашу волю, за нас!

Бог распят, распяты белорусы! Кровь дракона налита в бокал, И палач, навязывая вкусы, Кубок с кровью жадно приподнял.

Только это пиррова победа, Ложь и подлость – признак слабаков! Мы дойдём, дотянемся до неба, Разорвав насилие оков!

(Аркадзь, Івацэвічы: )

Усё ідзе, як і належыць, І нам век волі не відаць, Пакуль мы будзем нашу ежу – Картоплі тонамі ўжываць.

Бо ад картоплі люд тупее, Бязвольным робіцца народ, Ня хоча думацца – ня ўмее, Былі б рыдлёўка, агарод...

Яшчэ страшней за бульбу “яшчык” Для нашай квёлай галавы, Бо ў ім жыве цяпер падманшчык, Якога ведаеце вы.

І днём, і ноччу у этэры Мой суайчыньнік дарагі, У кожнай хаце ці кватэры Ён пудрыць нацыі мазгі.

Яго усе завуць гарантам, Але ня ведаюць чаго. Пашліце вы абодвух матам: І “яшчык” гэты, і яго.

Бо волі, розуму парэшткі, Што бульба зьнішчыць не змагла, Гарант раструшчыць, як арэшкі, Сваёю хеўраю да тла!

Ну, а пакуль і я сумую, Нас вельмі шмат, я не адзін. Маю радзіму дарагую Зноў згвалтаваў распусны сын!

(Спадар: ) “У Капыльскім раёне адна сабрала ва ўсіх пашпарты і паехала галасаваць ад усіх людзей!”

(Спадар: ) “Родная “Свабода”, калі я вас чую, мне хочацца плакаць. А гэтаму хлопчыку на аўтобусе зь бел-чырвона-белым сьцягам, яму з гадамі будзе зроблены помнік”.

(Спадар: ) “Радыё Свабода, дзякуй што вы ёсьць. Лічу, што вынікі выбараў – гэта надуманыя лічбы. Ганьба Лукашэнку і яго набліжаным рахункаводам. Лукашызм ня пройдзе! Жыве Беларусь!”

(Спадарыня: ) “Калі апазыцыя настойвае на перавыбарах, то трэба вылучыць новых кандыдатаў з тых людзей, якія працуюць на краіну, а ня тыя, якія езьдзяць па замежжы, якіх вылучаюць замежнікі і падтрымліваюць, і ня тых, якія нідзе не працуюць. Адпаведна, у кандыдаты не павінны прайсьці ні Казулін, ні Мілінкевіч.

Зьвяртаюся да праваахоўных органаў Беларусі. Час скончыць з гэтым бязладзьдзем! Час прымяніць меры да гэтай кучкі правакатараў і здраднікаў!”

(Спадар, Валожынскі р-н: ) “Кастрычніцкая плошча ператварылася ў плошчу герояў, якія пераступілі праз страх! Іх не запалохалі нават расстрэламі. Калі зьявіліся такія змагары, дык мы пераможам! Дай Божа ім сілы выстаяць і перамагчы! Жыве Беларусь!”

(Анастас Семяновіч: ) “Таварыш бальшавічка Ярмошына! Вы разам са сваёй камандай зрабілі дзяржаўны пераварот у Беларусі пад кіраўніцтвам галоўнага начальніка. Думаю, ці засталося ў вас што ў галаве? Я вам, як старэйшы таварыш па ўзросту, раю тэрмінова спыніць свае паўнамоцтвы, і патлумачце народу, што вашая каманда ўчыніла злачынства. Калі вас і вашу каманду будуць судзіць, а гэта абавязкова будзе, то тады будзе зьніжка. Што вам, таварыш Лукашэнка, параіць? Тэрмінова зьяжджайце ў Расею да Пуціна. Хай ён вас там хавае, таму што народ вас будзе судзіць. Вы разам зь Ярмошынай учынілі злачынства перад беларускім народам. Я ганаруся сваім народам, моладзьдзю! А вы, героі Беларусі, Алесь Мілінкевіч і Аляксандар Казулін, вам пакуль вялікі дзякуй за вашую мужнасьць! Вамі будуць ганарыцца людзі Беларусі!”

(Спадар: ) “Для чаго прыдумалі прымусовыя датэрміновыя выбары? 18 сакавіка БТ паведаміла, што за чатыры дні прагаласавала датэрмінова 9% выбаршчыкаў, альбо 480 тысяч чалавек. А на заўтра 19-га абвясьцілі, што ўжо датэрмінова прагаласавала аж 31%! Ноччу датэрміновых выбараў няма! Выходзіць, што за адну ноч кінулі ў урны 1 мільён 200 тысяч бюлетэняў! Вось вам і “элегантная” перамога аднаго шулера ў гульні з напарсткамі. Шмат хто, у тым ліку і Ярмошына, сядуць за гэта за краты! Хай яны пра гэта не забываюць!”

(Спадар: ) “Лукашэнка ўжо даўно стаў блытаць Божы дар зь яешняй. Блытае сябе з народам. Там, дзе трэба казаць, што яго крытыкуюць, ён кажа, што апазыцыя крытыкуе народ. Дзе трэба казаць, што ён сам сябе выбірае, ён кажа, што мяне выбірае народ. А народ ужо не такі дурны, ён даўно ва ўсім разабраўся, у гэтым словаблудзьдзі”.

(Спадарыня: ) “Скажыце, калі ласка, дзеля чаго едуць гэтыя назіральнікі? Яны ж ня маюць ніякіх сілаў, а толькі гавораць, як у вас добра, якія добрыя ў вас выбары. Зрабілі тут гэтаму народу ізаляцыю, каб ніхто не выяжджаў і не ўяжджаў… Што гэта такое? Назіральнікі едуць, стаяць у тэлевізары і хваляць, што ў вас дужа хораша і харошыя ў вас выбары, і нам нават вопыт трэба пераняць…”

(Спадар: ) “Я званю вам, каб сказаць, што я супраць таго, што Лукашэнка плаціць пэнсію ўсім адстаўнікам у пяць разоў большую, чым рабочым. І жонкам іхным даў яшчэ пяцьдзесят працэнтаў. Яна не працавала, а чатырыста тысяч атрымлівае… За што? Во дзе грошы плацяць! Вось яны і маўчаць, бо задаволеныя ім, маўляў, які ён добры… Яны нарадзіліся ўжо пасьля таго, як нас, дзесяцігадовых, білі немцы. І пасьля ўжо служылі. Гайдукевіч… Я адслужыў у войску, вярнуўся ў 1954-м годзе, а ён толькі нарадзіўся. Я атрымліваю дзьвесьце пяцьдзесят, а ён дзевяцьсот. Ну, што гэта такое? Сыты галоднаму хіба спачувае? Каму курыцу, а каму шклянку гарбаты дае. Вось якія ён цуды вырабляе. А пра вынікі выбараў?… Ярмошына і ён яшчэ да галасаваньня, да агітацыі казалі пра 76 працэнтаў. Мы сьмяяліся ўсе”.

(Зьміцер, Менск:) “Ёсьць такое беларускае сьвята – саракі. Паводле паданьня, некалі напярэдадні 22 сакавіка паляцяць сорак душ анёлаў, пакутнікаў у выглядзе птушак. І толькі тады Беларусь здабудзе волю. Гэта адбылося ўчора на Кастрычніцкай плошчы. У часе выступу гурту NRM зь песьняй “Падымі мяне” тысячы людзей былі сьведкамі пралёту сарака птушак. Яны былі незвычайныя, у іх сьвяціліся крылы. І яны сапраўды нагадвалі анёлаў. Птушкі спыніліся і праляцелі над плошчай. Сымбалічна, што адбылося тое, толькі калі забіў беларускі Звон Свабоды. Беларусы, вы вольныя. Выбары – гэта толькі дэкарацыя”.

(Спадарыня: ) “Я хачу падзякаваць Амэрыцы і Эўропе, што не прызналі выбары, бо яны былі падманам. Як яны былі зробленыя, усе ведаюць, і мы ведаем. Патрэбныя другія выбары. Я хачу падзякаваць усёй нашай апазыцыі, якая так цьвёрда стаіць за свабоду нашай краіны – Беларусі. Дай Бог ім здароўя і нашаму Мілінкевічу, і Казуліну”.

(Спадар: ) “Нічога ў вас, спадары, не атрымаецца. Вы выкарысталі сцэнар Украіны. Там у вас сышло з рук. Расея ня дасьць вам Беларусь акупаваць. Нічога ў вас не атрымаецца. Аж да атамнай вайны… А гэтага Буша разаб’юць, як трэску, разам з вамі”.

(Спадар: ) “Выбары ў Беларусі пры Лукашэнку праводзіць бессэнсоўна. Выбары – гэта спосаб абраньня ўлады толькі ў дэмакратычных краінах. Беларусь такой не зьяўляецца ад 1996 году, калі дыктатар зьмяніў канстытуцыю. А рэфэрэндум 2004 году наогул яму разьвязаў рукі. У Лукашэнкі няма ніякіх эканамічных посьпехаў. Дастаткова параўнаць з узроўнем жыцьця ў Польшчы, Прыбалтыцы, якія дванаццаць гадоў таму мелі аднолькава нізкі ўзровень зь Беларусьсю. Самы вялікі спад жыцьцёвага ўзроўню адбыўся ў пэрыяд праўленьня Лукашэнкі за 1994 –1999 гады. З ростам цэнаў на нафту і газ з 2000 году расейскі рынак дапамог спыніцца падзеньню эканомікі Беларусі. Працалюбівы беларускі народ пад уплывам хлусьні сродкаў масавай інфармацыі паверыў, што ў гэтым ёсьць заслуга Лукашэнкі, і баіцца згубіць тое, што мае. Праўдзівай інфармацыі народ не атрымлівае ўвогуле. Усё зачынена. Улада нахабна працягвае трымаць свой народ за дурняў. Ад усявышняй хлусьні па БТ хочацца ванітаваць. Таму выбары 2001 году – гэта фарс і растрата народных сродкаў. Падобны тэатар аднаго актора ладзілі семдзесят зь нечым гадоў у Савецкім Саюзе. Ніводная дыктатура добраахвотна не аддавала ўлады. Трэба шукаць іншыя спосабы пераменаў”.

(Спадар: ) “Я з Хоцімкага раёну. Цяпер па радыё слухаю рэпартажы зь месца галасаваньня на Віцебшчыне, у Менску. Вось і я хачу падзяліцца. Цяпер там нашы хлопцы бунтуюць на Кастрычніцкай плошчы. Дарэмна… Справа вось у чым. Я жыву побач. Участак наш у клюбе. Дзевятнаццатага я галасаваў. У клюбе ўздоўж сцэны камісія засядае. У адным куце кабіны для галасаваньня. У іншым – участковы сядзіць зь нейкімі незнаёмымі людзьмі. Напэўна, гэта назіральнікі. А ў трэцім – Госпадзе! – буфэт. Там табе і гарэлка, і закускі розныя. І абвестка: “Тавары прадаюцца зь 50-працэнтнай гандлёвай зьніжкай”. Мама родная! Віно, якое ў краме каштуе дзьве тысячы рублёў, тут прадаюць за тысячу пяцьсот сорак. Ад хваляваньня ледзь-ледзь прасунуў бюлетэнь у скрынку, бо бачу, як майму суседу белую ў разьліў адпускаюць. Узяў і я бутэлечку вінца. І дамоў, апаражняць. Гэта сусед мой зусім "абарзеў", у грамадзкім месцы, на вачах людзей, у прысутнасьці ўчастковага…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG