Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шродэр як спэцыяльны пасярэднік ЭЗ для Беларусі?


Радыё Свабода Дэпутат Бундэстагу ад партыі зялёных Даніэль Кон- Бэндыт ў размове зь нямецкай газэтай “Tagesspiegel” заявіў, што прапануе былога бундэсканцлера Герхарда Шродэра ў якасьці спэцыяльнага пасярэдніка Эўразьвязу для Беларусі. Паводле Даніэля Кон-Бэндыта, “калі Захад хоча ізаляваць Лукашэнку, то дзеля гэтага ён мусіць размаўляць з Пуціным. Герхард Шродэр у гэтым выпадку быў бы ідэальнай кандыдатурай”. Пакуль Герхард Шродэр ніяк не адрэагаваў на падобную прапанову, піша нямецкае выданьне.

Тым часам сябра Бундэстагу сацыял-дэмакрат Маркус Мэкель, які прысутнічаў на беларускіх выбарах у якасьці назіральніка АБСЭ, лічыць, што ціск на беларускі рэжым магчымы праз паступовае і мэтадычнае пашырэньне сьпісу асобаў, якім забаронены ўезд у ЭЗ. Як лічыць Маркус Мэкель, размова ідзе ня толькі пра палітыкаў, але і пра прадстаўнікоў беларускай юстыцыі: “Кожны судзьдзя, які выносіць турэмнае пакараньне прадстаўнікам апазыцыі, павінен ведаць, што і ў дачыненьні да яго знойдзецца пакараньне”, – перадае DPA.

Дэпутатат Бундэстагу ад ХДС/ХСС Гюнтэр Нооке настойвае на тым, каб фэдэральны ўрад паўплываў на расейскага лідэра Пуціна ў пытаньні далейшых дачыненьняў Масквы зь Менскам. Як заявіў нямецкі палітык у размове з “Sueddeutsche Zeitung”, “маскоўскі лідэр павінен дыстанцыявацца ад дзеяньняў Лукашэнкі і настойваць на зьмене курсу краіны ў бок дэмакратыі”. Нооке ацэньвае беларускае палітычнае разьвіцьцё як беспрэцэдэнтнае парушэньне дэмакратычных стандартаў. Яшчэ раней палітыкі ХДС/ХСС патрабавалі ўвядзеньня санкцыяў супраць беларускага кіраўніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG