Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзі з рэгіёнаў перашкаджаюць дабірацца да Менску


Радыё Свабода На Кастрычніцкую плошчу ў Менску прыходзяць ня толькі жыхары сталіцы, cюды прыяжджаюць і з рэгіёнаў. Зрабіць гэта многім не ўдаецца: міліцыя сочыць за патэнцыйнымі ўдзельнікамі акцыяў пратэсту.

У Жодзіне сёньня ўначы выйшлі на волю пасьля 7-дзённага арышту актывісты выбарчай каманды Мілінкевіча й моладзевага дэмакратычнага руху Сяржук Гудзілін, Яўген Ваўкавец і Алесь Чырэйка. Пра гэта Радыё Свабода паведаміла маці Сержука Алена Гудзіліна:

(Гудзіліна: ) “Сказалі, што ўсё нармалёва. Я тут ім мараль чытала — сказала, што нідзе няма той праўды. Марная ваша праца. Я кажу, што затрымалі іх, а прыпісалі зусім іншае. А яны мне, што Мілінкевіч будзе, і ўсё. Я перажываю, каб іх яшчэ там у Менску не затрымалі”.

Паводле спадарыні Гудзілінай, жодзінскія хлопцы зьбіраліся сёньня ў сталіцу, дзе на Кастрычніцкай плошчы бяруць удзел у акцыі пратэсту ня толькі менчукі, а й прадстаўнікі рэгіёнаў. У прыватнасьці, ужо дзьве ночы правёў на плошчы актывіст Віктар Бабаед з Салігорску:

(Бабаед: ) “З Салігорску было некалькі чалавек. Апроч таго, падыходзіць моладзь з Салігорску, якая навучаецца ў навучальных установах Менску. Яны мяне ведаюць, дык падыходзяць. Моладзі ўчора было трыццаць чалавек, у тым ліку шахцёры. Таксама вядомая актывістка Ніна Ярмалінская зьвярнулася ўчора з добрай прамовай. На жаль, сярод затрыманых былі й юнакі з гораду Салігорску”.

Як паведаміў спадар Бабаед, сёньня мелі намер прыехаць на плошчу ў Менск восем аўтамабіляў з салігорскімі шахцёрамі, аднак іх затрымалі на выезьдзе з Салігорску і завярнулі супрацоўнікі салігорскай дзяржаўтаінспэкцыі. Таксама з гэтай жа прычыны не змаглі выехаць з шахцёрскага гораду ў Менск некалькі моладзевых актывістаў. Складанасьці ўзьнікаюць і ў жыхароў іншых рэгіёнаў, якія зьбіраюцца прыехаць у сталіцу. Напрыклад, вось што распавёў вялейскі юнак Кастусь, які спрабаваў разам зь сябрам дабрацца да Менску:

(Кастусь: ) “Прыехалі да вакзалу да Маладэчна. Сталі купляць квіткі. Пакуль куплялі, падышлі да нас міліцыянты, убачылі ў нас джынсавыя стужкі й спыталіся: “Куды едзеце?”. Яны пачалі нас абшукваць. Шукалі-шукалі, потым узялі ў нас заплечнікі, знайшлі там джынсавы сьцяг вялікі. Завезьлі нас за мяжу Маладэчна, сказалі, каб болей не зьяўляліся. Але ж мы ня будзем здавацца… Мы пайшлі зноў да аўтавакзалу. Пачалі так купляць квіткі. Купілі квіткі, чакаем аўтобуса. Тыя ж самыя міліцыянты нас ловяць, завозяць за мяжу Маладэчна. Грошы скончыліся, аўтобусы паехалі, мы на спадарожных машынах дадому дабіраліся”.
XS
SM
MD
LG