Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні паўторна арыштавалі двух актывістаў (абноўлены)


Радыё Свабода Сёньня ў Кастрычніцкім райсудзе Горадні пакаралі пяцідзённым арыштам Яўгена Лясоцкага і Андрэя Мялешку. Іхныя справы разглядала судзьдзя Людміла Жук. Яна вырашыла, што яны нецэнзурна лаяліся. Абодвух толькі ўчора выпусьцілі з-за кратаў. Першы свой пяцідзённы тэрмін Лясоцкі і Мялешка таксама сядзелі за лаянку. Яны мяркуюць, што іх арыштавалі паўторна, каб ня даць магчымасьці паехаць у Менск.

У судзе карэспандэнту “Свабоды” ўдалося паразмаўляць зь Яўгенам Лясоцкім і Андрэем Мялешкам, яны расказалі падрабязнасьці свайго паўторнага арышту. Учора Яўген пабыў на волі дзьве гадзіны, Андрэй — літаральна дзьве хвіліны.

Спадар Лясоцкі пасьля спэцпрыёмніку прыехаў дахаты, сябра даслаў яму СМС са сталіцы з Кастрычніцкай плошчы. Яўген адказаў яму: “Трымайцеся, я — з вамі”. Празь некаторы час ён выйшаў з дому, і яго адразу затрымалі. Ён лічыць, што і тэлефоны праслухоўваюцца, і нават “эсэмэскі” прачытваюцца.

Андрэя Мялешку пасьля арышту каля Ленінскага РАУС чакалі ўчора сябры. Тым часам міліцыянты ў 23 гадзіны пасадзілі яго ў машыну і адвезьлі на чыгуначны вакзал, дзе выпусьцілі. Ён сказаў мне, што прайшоў мэтраў пяцьдзясят, яго спынілі два чалавекі ў цывільным і завезьлі ў спэцпрыёмнік у Кастрычніцкім РАУС. Абодва пастарункі знаходзяцца амаль побач — на суседніх вуліцах.

Яўген Лясоцкі і Андрэй Мялешка ўпершыню галасавалі за кратамі. Андрэй сказаў, што на часовым выбарчым участку ў ізалятары былі дзьве жанчыны з выбарчай камісіі і сямёра міліцыянтаў. Скрынку для бюлетэняў у асобным пакоі ахоўваў міліцыянт. Яўген гаворыць, што з трынаццаці палітычных арыштаваных у спэцпрыёмніку адзінаццаць галасавалі за Мілінкевіча, двое — за Казуліна.

Яўген Лясоцкі сядзеў з былым палітвязьнем Аляксандрам Васільевым, якога арыштавалі на шэсьць сутак. У судзе яму сказалі, што нібыта ён, калі ішоў на выбарчы ўчастак, спатыкнуўся на вуліцы і сказаў нецэнзурнае слова, – за гэта і атрымаў шэсьць сутак арышту. Аляксандар Васільеў, дарэчы, за кратамі адзначыў сваё 60-годзьдзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG