Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Выйсьці на Кастрычніцкую плошчу вельмі хачу, але не магу: калі мяне адлічаць з унівэрсытэту, маці не перажыве”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Уся пошта, якую мы атрымліваем у гэтыя дні — на тэму прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Слухачы паведамляюць, у якіх умовах адбывалася галасаваньне; зь якімі выпадкамі даводзілася сутыкацца актывістам, што вялі агітацыйную кампанію; разважаюць пра будучыню краіны пасьля выбараў.

Большасьць лістоў была напісана яшчэ да 19 сакавіка, і таму, натуральна, у іх няма рэакцыі на самыя апошнія падзеі, што адбываліся ў Менску — масавыя мітынгі прыхільнікаў пераменаў на Кастрычніцкай плошчы. Але ёсьць ужо электронныя лісты, аўтары якіх адгукаюцца і на гэтыя грамадзкія пратэсты. З такіх допісаў і пачну сёньняшнюю размову.

“Я студэнт юрыдычнага факультэта Белдзяржунівэрсутэту, — піша слухач, які падпісаўся як Антон Самойленка. — Выйсьці на плошчу хачу, але не магу: калі мяне адлічаць, маці гэтага не перажыве. Але і не прыходзіць туды не магу: таму прыходжу і назіраю за плошчай збоку. У думках я — з гэтымі людзьмі. Тое, што рабілі ўлады падчас выбараў, ня ўпісваецца ні ў якія рамкі. Сотні маіх равесьнікаў асудзілі й кінулі за краты толькі за тое, што яны хацелі справядлівасьці. Удзень людзей на плошчы зусім няшмат, і ня верыцца, што яны могуць перамагчы вялізную таталітарную машыну. Але ў думках я ўсё роўна на іх баку”.

Думаю, Антон, празь некалькі гадоў, калі вы сам будзеце ў мантыі судзьдзі альбо ў міліцэйскай форме, вы ўспомніце пра гэтыя свае ўражаньні і пачуцьці, перажытыя побач з плошчай. І чамусьці мне здаецца, што ў вас хопіць мужнасьці і адвагі не рабіць тое, што робяць цяпер многія вашы калегі ў розных рэгіёнах Беларусі — пазбаўляючы волі дзясяткі і сотні палітычна актыўных хлопцаў і дзяўчат са зьдзеклівымі і абсурднымі абвінавачаньнямі ў “брыдкаслоўі” і “хуліганстве”. Зрэшты, магчыма, калі вы закончыце ўнівэрсытэт, у Беларусі ўжо будзе незалежнае правасудзьдзе, і яно будзе кіравацца выключна законам і сваім прафэсійным кодэксам, а не тэлефоннымі распараджэньнямі чыноўнікаў.

Аўтар наступнага электроннага ліста — вядомая беларуская пісьменьніца Вольга Іпатава. Яна піша:

“Шаноўны спадар Жданко! Я цяпер не ў Беларусі, але для ўсіх, хто выйшаў на плошчу, каб заявіць пра сваю нязгоду з фальшаванымі выбарамі, хачу перадаць гэтыя радкі:

Гэтую “стабільнасьць” выміраньня, Шчырасmці й сумленьня паралюш, Хай зьмятае залатое раньне Маладых і прамяністых душ!

З павуціньня — нацыяй адзінай — Выйдзем цераз страх і цень Начы. Можа, ты на тое нарадзіўся, Каб Свабоду СЁНЬНЯ зьберагчы?!”

Аўтар наступнага ліста Піліп Лебядзевіч з Ашмянаў:

“Паслухаеш Лукашэнку і ягонае тэлебачаньне, дык усё добрае, што зроблена ў Беларусі — справа яго рук. Ён нават не ўспамінае сваіх чыноўнікаў — іх нібы і няма. А яны ж так стараюцца яму дагадзіць. Затое апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта ўлада падае як ворагаў народу і Беларусі, якія нібыта толькі і думаюць, як зганьбіць краіну і прадаць яе Захаду. А дзе Лукашэнка бярэ грошы на розныя гульбішчы, якія зьядаюць мільярды рублёў? Колькі грошай зьеў так званы “народны сход”? Народ гэта бачыць, але маўчыць. Бо за адно слова можна загрымець на нары. У гэтай справе прыслужнікі вельмі стараюцца. А як вялася агітацыя за кандыдатаў у прэзыдэнты? У Ашмянах і раёне большасьць людзей нават ня ведала іншых кандыдатаў, апроч Лукашэнкі. Ды і агітаваць было страшна, бо на аднаго агітатара прыходзіўся дзясятак міліцыянтаў і чыноўнікаў. Але большасьць людзей усё роўна хоча пераменаў”.

Людзей, якія ўсьведамляюць гэта, спадар Лебядзевіч, шмат. Адчуваньне падманутасьці і прыніжанасьці прыгнятае любога нармальнага чалавека. Вядома, нейкі час з дапамогай гвалту і страху можна стрымліваць імкненьне да праўды, свабоды і справядлівасьці. Але рабіць гэта бясконца доўга, як паказвае досьвед усіх эўрапейскіх суседзяў Беларусі, ня ўдасца.

Наступны ліст — ад Аліны Васільчэні з Ваўкавыску:

“Паважаная Свабода! У Беларусі ты засталася адзінай крыніцай, зь якой можна пачуць праўдзівае слова. Перад выбарамі на людзей унутры калектываў быў вельмі моцны ціск. Ведаю гэта на прыкладзе Гарадзенскага абласнога шпіталю. Задоўга да выбараў мэдпэрсанал апрацоўвалі на так званых “інфармацыйных гадзінах”: адказныя за ідэалёгію асобы хвалілі рэжым, паказвалі фільмы пра так званыя “дасягненьні” Беларусі ва ўсіх сфэрах жыцьця за апошнія дванаццаць гадоў. За месяц да выбараў выбарчы ўчастак падзялілі на маленькія ўчасткі, і за кожным зь іх быў замацаваны доктар. Ён нёс адказнасьць за вынікі галасаваньня на сваім участку. Сказана было так: калі на чыім-небудзь участачку людзі прагаласуюць не за Лукашэнку, дык адказнага доктара могуць звольніць з працы.

І такая работа вялася ўсюды. Людзей палохалі высяленьнем з інтэрнатаў, тым, што Беларусьсю хочуць завалодаць ці то Польшча, ці то Амэрыка. Шмат якія людзі вераць таму, што паказваюць па тэлевізары. Прасьвету пакуль не відаць, бо нашы людзі падманутыя і запалоханыя”.

Зьмены ў грамадзкай сьвядомасьці ўсё ж адбываюцца, спадарыня Васільчэня. Вядома, ва ўмовах невялікага гораду выявіць сваё іншадумства даволі складана. Чалавек там навідавоку і вельмі залежны ад мясцовай адміністрацыі. Але паглядзіце, колькі людзей выйшла на цэнтральную плошчу Менску 19 і 20 сакавіка. І гэта нягледзячы на тое, што іх запалохвалі арыштамі і затрыманьнямі, што папярэджвалі пра нейкіх мітычных бандытаў і зламысьнікаў, што многіх актывістаў выбарчых штабоў дэмакратычных кандыдатаў напярэдадні пазбавілі волі.

Ліст ад Алега Пышка з пасёлку Бярозаўка Лідзкага раёну:

“Зь вялікай цікавасьцю заўсёды слухаю вашы перадачы, бо толькі зь іх можна даведацца, што ў сапраўднасьці адбываецца ў Беларусі. Наша дзяржаўнае тэлебачаньне я ўжо даўно не гляджу (за выключэньнем хіба што прагнозу надвор’я). Адмыслова купіў спадарожнікавую “талерку”, каб ня слухаць гэтай пахвальбы пра тое, што ўсё ў нас выконваецца і перавыконваецца, будуецца і паляпшаецца. Словам, у нас — усё для людзей і ўсё цудоўна, а ў іншых краінах — усё кепска. І кожны божы дзень адно і тое ж. Гэта дзейнічае на нэрвы. Так лічу ня толькі я. Раней мой бацька казаў: “Хоць паўзком, але прагаласую за Лукашэнку”. А цяпер, калі ўключае тэлевізар і бачыць чарговы шматгадзінны выступ, цяжка ўздыхае і выключае са словамі: “Як жа гэта ўсё надакучыла!”

Далей у сваім лісьце Алег Пышко разважае, чаму многія з тых, хто скептычна ставіцца да палітыкі цяперашняй улады, на выбарах усё ж аддаюць галасы за Лукашэнку. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Разважаюць прыкладна так: “А што зьменіцца, калі прыйдзе іншы? Усе яны аднолькавыя!”. Некаторыя баяцца, што за тым, як яны галасуюць, сочаць улады. Думаюць: “Дазнаюцца, што прагаласую супраць Лукашэнкі — здымуць з чаргі на кватэру”. Людзі сталага веку павучаюць: “Мы яшчэ горш жылі. Вы ў лапцях не хадзілі й мякіны ня елі. Галоўнае, што вайны няма!”. Цяжка ім даказваць, што за вокнамі — ХХІ стагодзьдзе. І чаму я павінен хадзіць у лапцях?”

У сваім лісьце Алег Пашко таксама апісвае некаторыя рэаліі з жыцьця свайго пасёлку:

“Улады хваляцца, што ўсё наўкол будуюць і рамантуюць. Але ж на кожным кроку гэта — паказуха. Робяць толькі тое, што кідаецца ў вочы, каб стварыць уражаньне. Напрыклад, у нас на заводзе ў заводакіраваньні праводзіцца эўрарамонт, а ў цэхах — дах як сіта. Няма грошай на смалу і ўсё самае неабходнае. Біч нашай вытворчасьці — няма збыту гатовай прадукцыі, маленькая зарплата. А цэны на ўсё растуць. Словам, я зразумеў адно: калі на душы млосна і няма грошай — уключай беларускае тэлебачаньне, і адразу трапіш у рай. Там кожны чалавек жыве свабодна, атрымлівае дастойную зарплату і пэнсію і мае ўсе магчымасьці, каб сябе рэалізаваць. Пішу вам — і крыху хвалююся і баюся, што ліст трапіць зусім ня ў тыя рукі. І могуць быць вядома якія наступствы. Але трэба нешта мяняць”.

Такія ж ці падобныя пачуцьці страху, трывогі, няпэўнасьці ўласьцівыя, напэўна, многім людзям, якія хочуць зьменаў у сваёй краіне, але адначасова ўсьведамляюць, наколькі небясьпечна ў сёньняшніх беларускіх умовах выказваць нават найменшую нязгоду ці пратэст супраць афіцыйнай палітыкі. Адны гэты страх здольныя пераадолець, іншыя — не. Але, бадай, толькі тады, калі колькасьць людзей, здольных перамагчы ўласную боязь, стане дастаткова вялікай, калі гэтыя людзі ўсьвядомяць, што іх большасьць — і магчымыя істотныя палітычныя зьмены ў беларускай дзяржаве.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG