Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ул.Колас: "Форма абраная была стыхійна, але яна абраная дакладна"


Вольга Караткевіч, Прага Уначы перад удзельнікамі акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы выступіў старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас.

(Караткевіч: ) "Якія ўражаньні ў Вас ад самой акцыі пратэсту і ад сёньняшняй Вашай сустрэчы зь яе ўдзельнікамі?"

(Колас: ) "Уражаньні самыя сьветлыя, я нават не чакаў, што ноч на марозе, ніякага сну, вельмі добры бадзёры настрой. Тая аўра, якая тут утварылася – дарэчы, падобная да той, што ў нас у ліцэі – заражае аптымізмам. А таксама ўсьведамленьне таго, што ты ня мог тут ня быць".

(Караткевіч: ) "Як Вы лічыце, як старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі, ці беларуская інтэлігенцыя дастаткова заангажаваная ў цяперашнюю сытуацыю і канкрэтна ў падтрымку таго, што адбываецца на Кастрычніцкай плошчы?"

(Колас: ) "Мы ад Рады інтэлігенцыі прынялі зварот да грамадзянаў Беларусі, у якім заклікаем падтрымаць патрабаваньні аб прызнаньні таго, што адбылася пад выглядам выбараў, несапраўдным, і прызначыць нармальныя выбары, якія трэба будзе правесьці ў адпаведнасьці з законам і ў вызначаны Канстытуцыяй тэрмін 16 ліпеня. Мы сваёй Радай будзем хутка зьбірацца яшчэ і будзем усімі сваімі сіламі падтрымліваць гэтыя патрабаваньні.

Я лічу, што форма абраная была стыхійна, на жаль, не плянавалася, я так разумею, але яна была абраная дакладна. Зараз задача нашых лідэраў зрабіць так, каб колькасьць народу тут не памяншалася, а павялічвалася".

(Караткевіч: ) "Коратка – што Вы сказалі сёньня на плошчы?"

(Колас: ) "Я павіншаваў іх з тым, што яны знаходзяцца ў самым лепшым месцы ў Беларусі і магчыма на ўсёй зямлі. Будучыня Беларусі пачынаецца тут і цяпер".
XS
SM
MD
LG