Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя працягваецца трэці дзень, на плошчы 30 намётаў


Радыё Свабода Міліцыя канцэнтруецца, але яе колькасьць нешматлікая. Дэманстрантаў крыху паменела: людзі хочуць прыняць душ, выпіць кавы й г.д. Дагэтуль цягам спробаў пакінуць мястэчка ў кірунку мэтро было затрымана 10-15 чалавек; астатнія лічаць, што лепш стаяць тут, чым апынуцца на нарах. На плошчу пад''яжджаюць людзі з рэгіёнаў.

8:00

Дэманстранты прыбралі тэрыторыю, навялі парадак вакол сваіх намётаў – прэтэнзіяў у камунальных службаў быць не павінна.

Пад''яжджаюць людзі з рэгіёнаў – напрыклад, зь Берасьця. Адна дзяўчына-беларуска прыехала нават з Варшаўскага унівэрсытэту – у Беларусі яна сабе знайсьці вучобу не змагла.

Пратэстоўцы чакаюць 10-й гадзіны, калі прыйдзе болей людзей. Пляны ўдзельнікаў акцыі – пратрымацца да мітынгу, які прызначаны сёньня на 18.30: лідэры апазыцыі заклікалі людзей прыходзіць на плошчу кожны дзень да 25 сакавіка ўлучна.

7:30

Раніцай удзельнікаў акцыі пратэсту ў намётавым гарадку паменела. Актывізавалі сваю дзейнасьць супрацоўнікі міліцыі – яны сталі ланцугом упоперак дарогі, кірункам да ўваходу станцыі мэтро. Прыблізна 30 хвілінаў таму было затрымана каля 10 чалавек, якія пакінулі гарадок і накіроўваліся ў мэтро. Тым ня менш, некаторыя пакідаюць гарадок. Сытуацыя даволі трывожная.

* * * Другая ноч удзельнікаў акцыі пратэсту супраць несумленных прэзыдэнцкіх выбараў была больш халоднай. Мароз сягаў да 10 градусаў. Удзельнікі пратэсту ня мелі магчымасьці адыйсьці і пагрэцца, бо выходзіць па-за межы іхнага лягеру небясьпечна. Гарбата ў іх не заўсёды была, таму што не хапала кіпеню.

Сёньняшняя ноч была больш спакойнай – не было масавых затрыманьняў тых, хто сыходзіў з Кастрычніцкай плошчы, як учора ўначы, калі былі затрыманыя многія лідэры апазыцыі і ўдзельнікі акцыі.

Удзельнікам акцыі ўсё-ткі ўдалося сёньня зрабіць вылазку па кіпень і ваду ў горад. Пад раніцу група актывістаў аддзялілася ад асноўнай масы пікетоўцаў, і міліцыя магла іх арыштаваць, што здарылася б учора. Прадстаўнікі спэцназу сказалі, што адмовіліся ад такой магчымасьці, і што чакаюць, пакуль самі дэманстранты разыйдуцца ад холаду і ад недахопу гарачага пітва.

З палітыкаў на плошчы быў А.Мілінкевіч з жонкай Інай Кулей, Вячаслаў Сіўчык, Алесь Міхалевіч, а таксама дырэктар "падпольнага" гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас, чыіх навучэнцаў тут шмат – яны прымаюць актыўны ўдзел у стаяньні і трываньні на марозе.

* * * Ноч была вельмі складанай для жыхароў намётавага гарадка, але маладыя людзі правялі яе ў рэжыме дыскатэкі: працавалі ды-джэі, гучалі беларускія і ўкраінскія рок-выканаўцы, і моладзь лягчэй перанесла гэтую ноч, чым мінулую, нягледзячы на большы мароз.

Многія чакалі, што ў гэтую ноч намётавы лягер будзе атакаваны спэцназам, але гэтага ня здарылася. У лягеры пануе вельмі добры. узьнёслы настрой.

Гэтую ноч у лягеры правялі актывісты КХП-БНФ, лідэр якой Зянон Пазьняк заклікаў падтрымаць моладзь на пляцы. Учора ўвечары была створаная дружына лягера, якую ўзначаліў Вячаслаў Сіўчык. Маладыя людзі гэтай ноччу вельмі ўзмоцнена ахоўвалі ўсе падыходы да лягеру. Цяпер у лягеры знаходзіцца прыкладна 300 чалавек.

Гукі з плошчы:

(Дзяўчына: ) "Дзякуй супрацоўнікам праваахоўчых ворганаў, што яны баранілі нас усю ноч!"

(Пратэстоўцы скандуюць: ) "Міліцыя з народам! Міліцыя з народам!"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG