Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“El Pais”: "Лукашэнка трэці раз выканаў адзін і той жа фарс"


Кастусь Бандарук, Прага Што пішуць пра Беларусь і як камэнтуюць вынікі выбараў і апошнія падзеі ў Беларусі замежныя мэдыі.

Брытанская газэта “Тhe Times” апублікавала артыкул “З Усходу павеяла холадам”. Паводле аўтара артыкулу Бронвэна Мэдакса, “прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі паказалі, што ўплыў Эўразьвязу на Беларусі роўны нулю”. Яго гандлёвыя рычагі ўплыву на Менск даволі слабыя. Галоўным партнэрам Беларусі застаецца Расея, якая падтрымлівае Беларусь сваімі субсыдыямі. Пуцін слушна лічыць Лукашэнку поўным самазахапленьня дыктатарам. Ён мог бы яго замяніць Лукашэнку кімсьці іншым, але расейскі прэзыдэнт ня хоча, каб гэта быў празаходні палітык. У такой сытуацыі, канстатуе аўтар артыкулу ў "Таймс", Эўразьвязу застаецца толькі аказваць ціск на Беларусь праз Маскву, спрабуючы дамовіцца з Пуцінам "палюбоўна".

Гішпанская газэта “El Pais” зьмясьціла артыкул пад загалоўкам “Новы Фарс”. “Аляксандар Лукашэнка, першы і адзіны прэзыдэнт Беларусі, трэці раз выканаў адзін і той жа фарс. Дыктатару ўдалося дасягнуць патрэбнага яму выніку шляхам запалохваньня іншадумцаў і прэсы, перасьцярогаў перад нібыта рыхтаваным апазыцыяй дзяржаўным пераваротам і дзякуючы датэрміноваму галасаваньню”. Злучаныя Штаты і Эўразьвяз, зь якім Менск мае падпісаную дамову аб партнэрстве, павінны заняць больш выразную пазыцыю на карысьць дэмакратыі, удакладніць магчымыя санкцыі, бо забарона на ўезд беларускіх чыноўнікаў – гэта мала.

У сваю чаргу, аўстрыйская газэта “ Der Standard” піша, што ў беларускіх рэаліях вынік, які дасягнула апазыцыя, заслугоўвае ўвагі і павагі. У артыкуле “Перамога над страхам” гаворыцца, што ў параўнаньні з вынікам Лукашэнкі 6% Мілінкевіча – гэта няшмат, але калі рэжым дабраахвотна прызнаў за лідэрам апазыцыі такую падтрымку, дык гэта азначае, што насамрэч яго падтрымлівае ў 5 разоў болей выбарцаў. Калі, не зважаючы на запалохваньне з боку ўладаў, на плошчы зьбіраюцца тысячы людзей, дык гэта сьведчыць пра іхную мужнасьць. Мужнасьць беларускіх дэмакратаў заслугоўвае ня толькі павагі, але і рэальнай падтрымкі з боку Эўразьвязу, піша газэта.

“Дзесяткі дэманстрантаў арыштаваныя ў Беларусі”, паведамляе сваім чытачоў амэрыканская газэта “New York Times”. Газэта цытуе словы Аляксандра Мілінкевіча пра тое, што “цяперашнія пратэсты – гэта народзіны беларускай дэмакратыі, дэманстрацыя таго, што мы зьяўляемся народам”. Пра падзеі ў Беларусі пішуць таксама многія іншыя газэты – напрыклад, “Guardian” і "Financial Times".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG