Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае слова “Плошча” ўвайшло ў лексыкон польскіх мэдыяў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскія мэдыі гэтымі днямі вельмі шмат увагі надаюць падзеям у Беларусі. Сёньня газэты пішуць пра працяг пратэсту на Кастрычніцкай плошчы, адзначаючы незвычайную атмасфэру, якая пануе на пляцы, нягледзячы на мароз і міліцэйскія кардоны.

Галоўныя вечаровыя выпускі навінаў вядучых польскіх тэлеканалаў учора пачыналіся паведамленьнямі зь Беларусі.

Польскія журналісты адзначаюць, што нягледзячы на тое, што людзей на Кастрычніцкай плошчы ў Менску няшмат, нягледзячы на мароз і непрыязную атмасфэру, якую стварае міліцэйскі кардон, на пляцы пануе “незвычайная атмасфэра”.

У адным з рэпартажаў тэлежурналістка кажа, што бачыла і чула, як міліцыянты крычалі ў бок удзельнікаў акцыі – маладых хлопцаў і дзяўчын – абразьлівыя словы, пагражалі ім, але тыя, нягледзячы на тое, што саступаюць міліцыянтам у фізычнай сіле, выглядалі на людзей, якія маюць вельмі моцны дух, што, паводле журналісткі, вельмі яе ўзрушыла.

Між тым у газэтных артыкулах аглядальнікі спрабуюць знайсьці адказ на тое, ці атрымаецца ва ўдзельнікаў акцыі пратэсту пратрымацца на плошчы да 25 сакавіка ва ўмовах, калі ўлады спрабуюць “узяць іх холадам і захопліваюць па аднаму” (“Gazeta Wyborcza”).

Дарэчы, беларускае слова “плошча” ўжо ўвайшло ў лексыкон польскіх мэдыяў – напрыклад “Gazeta Wyborcza” ужывае яго ў загалоўку аднаго з артыкулаў ("Oblężenie mińskiej Płoszczy").

Дык вось паводле той жа “Выборчай”, тактыка, якую выбралі ўлады – ізаляваць Кастрычніцкі пляц – прыносіць эфэкты, і таму, беручы пад увагу новую хвалю арыштаў апазыцыйных актывістаў, “цяжка спадзявацца, што намётавы гарадок пратрымаецца доўга”. Іншыя лічаць, што прыбраць намёты з плошчы можна толькі сілай.

Між тым затрыманьне беларускай міліцыяй дэпутата польскага Сэйму Яраслава Ягелы, які прынёс на Кастрычніцкі пляц вялікі польскі сьцяг, выклікала ў Варшаве рэзкую рэакцыю – польскія ўлады заяўляюць, што не дазволяць беларускаму боку так ставіцца да прадстаўніка заканадаўчай улады Польшчы, і што такія захады Менску сьведчаць аб скрайнім страху і паніцы рэжыму.
XS
SM
MD
LG