Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне мінакоў: як вы ставіцеся да пратэстоўцаў?


Радыё Свабода Як вы ставіцеся да ўдзельнікаў акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы? Меркаваньні мінакоў высьвятляла наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да людзей, якія на холадзе, у намётах?”

(Хлопец: ) “Я ня ведаю, што ім трэба”.

(Студэнт: ) “Ім няма чаго рабіць”.

(Хлопец: ) “Больш народу сюды патрэбна. Таму што людзі сядзець ва ўнівэрах, ці бацькі не пускаюць. Дык няхай ідуць сюды”.

(Спадарыня: ) “Я ганаруся імі. Яны малайцы, яны ў сабе страх адужалі. Гэта надзея наша”.

(Хлопец: ) “Мы з Украіны. У вас вельмі слаба. У нас нашмат лепш было ўсё арганізавана. З эканамічнага боку нас падтрымлівалі прадпрымальнікі. Усе людзі былі забясьпечаныя. Плюс увесь Кіеў быў за нашага кандыдата. Увесь Кіеў падняўся”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы, як чалавек больш сталага веку, як ставіцеся да таго, што адбываецца на плошчы?”

(Спадар: ) “Станоўча. Таму што махляр ва ўладзе. З махлярамі цяжка гуляць у карты”.

(Спадар: ) “Браў удзел і буду браць. Таму што жыць у краіне, дзе ўсе баяцца ўсяго, мне нецікава. Я магу зьехаць да дачкі ў Канаду, але я гэтага не зраблю. Таму што я патрэбны гэтай краіне”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы з кветкамі…”

(Спадарыня: ) “Так, гэтыя кветкі прыгатаваныя для міліцыі, я прапаную ім такі падарунак. Мне заўтра споўніцца 40 гадоў. У мяне 20 гвазьдзік, гэта праўда. Я прапаную міліцыянтам кветку, альбо чырвоную, альбо белую. Раніцай бралі, цяпер не. Але ня гэта важна. Я гляджу ў іх вочы і прашу не супрацьстаяць нашым дзецям. Тое, што тут адбываецца – гэта супрацьстаяньне духа. Мы ня можам перамагчы ўладу сілай, але спрабуем перамагчы іх духам. З намі божая праўда, Гасподзь любіць моцных духам”.

(Спадарыня: ) “Гледзячы на ўсё гэта, мне хочацца плакаць”.

(Карэспандэнтка: ) “Але вы з маленькім сынам”.

(Спадарыня: ) “Ён маці слухае, падтрымлівае, і таксама хоча далучыцца”.

(Карэспандэнтка: ) “Колькі гадкоў табе?”

(Хлопчык: ) "11. Яны вераць у сябе і вераць, што перамогуць".

(Карэспандэнтка: ) “А ты верыш, што нешта зьменіцца?”

(Хлопчык: ) “Ёсьць надзея”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да таго, што тут адбываецца?”

(Хлопец: ) “Ніяк. Я за Лукашэнку галасаваў”.

(Спадарыня: ) “Пасьля бойкі кулакамі ня размахваюць”.

(Дзядок: ) "Гэта ўсё куплена па 10 даляраў кожнаму".

(Дзяўчына: ) “Гэта клёва! У нас ёсьць прапанова зрабіць гэту плошчу аўтаномнай рэспублікай. А вось ў Палацы Рэспублікі месца хопіць для кватэр для ўсіх”.

(Спадарыня: ) “Няхай людзі, што нас бачаць, далучацца да нас і зразумеюць, што нельга жыць у страху, хопіць баяцца. Мы свабодныя людзі, гэту свабоду даў нам Бог, і ніхто ня зможа яе адняць!”

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да таго, што тут адбываецца?”

(Спадар: ) “Ніяк”.

(Хлопец: ) “Цудоўна мы да гэтага ставімся! Мы з Горадні прыехалі”.

(Карэспандэнтка: ) “А як вы лічыце, дастаткова тут народу?”

(Хлопец: ) “Калі выйшаў адзін адсотак – гэта было б ужо 20 тысяч. Беларусь павінна ўзьняцца. Мы пераможам!”

(Спадар: ) “Трэба, каб у два разы больш выйшла!”

(Дзяўчына: ) "Я стаўлюся да ўсяго гэтага вельмі пазытыўна. Але ж мы ня можам браць удзел у гэтым. Узрост!"

(Дзяўчына: ) “Але калі будуць вакацыі, калі гэта пратрымаецца да 25-га, да Дня Волі, то мы далучымся”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы школьнікі?”

(Дзяўчынкі: ) “Ліцэісты”.

(Карэспандэнтка: ) “Што вас прымусіла ў вашым, выбачайце, узросьце, выйсьці пад бел-чырвона-белым сьцягам?”

(Спадарыня: ) “Я за сваіх нашчадкаў, каб ім жылося лепей. Бо за 12 гадоў кіраваньня прэзыдэнта я нічога добрага ня бачыла. І яны таксама будуць жыць у гэтай цемры. Таму стаю, каб не было гэтай цемры, быў сьвет, свабода і шчасьце”.

(Карэспандэнтка: ) “Выбачайце за нясьціплае пытаньне, а колькі вам гадоў?”

(Спадарыня: ) “74”.

(Жанчына: ) “У мяне няма словаў. Гэта брыдота. Дзяцей сюды прывялі за даляры, за капейкі”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да тых, хто прыйшоў сюды?”

(Дзяўчына: ) “Мы самі выйшлі. Ужо амаль суткі стаім. Стаім у літаральным сэнсе слова. За 24 гадзіны не прыселі ні на хвіліну. Мы прагнем пераменаў у краіне”.

(Карэспандэнтка: ) “А верыце, што гэта адбудзецца?”

(Дзяўчына: ) “Калі б ня верылі – не стаялі б”.

(Спадарыня: ) “Для мяне галоўнае – выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю. Вось я яе такім чынам выказваю, таму што іншага шляху не засталося. Кожны, хто тут, пераадолеў страх над сабой і выйшаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG