Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін заклікаў пакінуць плошчу, жыхары намётавага лягеру яго не паслухалі


Радыё Свабода Аляксандар Казулін сёньня ўвечары заклікаў людзей згарнуць намёты і пакінуць Кастрычніцкую плошчу, каб правесьці там вялікі мітынг у Дзень незалежнасьці БНР 25 сакавіка. Гэтая прапанова была сустрэтая іншымі ўдзельнікамі акцыі пратэсту, супраць сфальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, нэгатыўна. Мілінкевіч заявіў, што застаецца на плошчы з моладзьдзю.

Падчас сёньняшняга вечаровага мітынгу, у якім удзельнічала ня менш за 6 тысячаў чалавек, Аляксандар Казулін выступіў з наступнай прапановай:

(Казулін: ) “ Я ведаю, што ўлада рыхтуецца да таго каб правесьці масавую “зачыстку” гэтай плошчы. Мы сёньня з вамі, напярэдадні сьвятога сьвята Дня Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка, павінны добра да яго падрыхтавацца. І сёньня вызваліць гэтую плошчу”.

Гэтыя ягоныя словы намётавы лягер успрыняў так: “Застаемся! Застаемся! Застаемся!”

Мікрафон узяла адна з жыхарак намётавага лягеру:

(Дзяўчына: ) “Я тут знаходжуся больш за суткі. Гэтай ноччу спадар Казулін таксама нас палохаў і казаў, што нас будуць біць. Я вас прашу! Калі мы зараз сыдзем, 25 сакавіка тут ніхто не зьбярэцца”.

А вось якім быў выступ жонкі Аляксандра Мілінкевіча Іны Кулей:

(Кулей: ) ”Мы з Аляксандрам былі тут цэлую ноч і я ведаю, які тут панаваў настрой. Дай Божа каб ён у нас застаўся да 25-га і далей. Я хачу сказаць, што вельмі цяжкімі былі сёньняшнія некалькі гадзінаў. Таму, што вялікая адказнасьць ляжыць на Аляксандры Мілінкевічы і на тых, хто паклікаў людзей на гэтую плошчу. Людзей хапаюць. Вялікая адказнасьць, што мерзьне моладзь, бо іх здароўе – гэта здароўе нацыі. Мы хацелі сказаць, што можа ня варта стаяць. Але калі мы прайшлі па намётах, мы зразумелі, што ўсе зьбіраюцца заставацца. І мы застаёмся разам з вамі і будзем тут да перамогі”.

Апазыцыйны актывіст Вячаслаў Сіўчык адразу ж заклікаў хлопцаў і мужчынаў стварыць дружыну па ахове намётавага лягеру ад магчымага нападу спэцпадразьдзяленьняў. Удзельнікі акцыі будуць знаходзіцца на плошчы як мінімум да 25 сакавіка.

Тым часам Аляксандр Казулін заклікаў да стварэньня ўраду народнага даверу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG