Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намёты салідарнасьці каля беларускай амбасады ў Варшаве (фота)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Чарговая акцыя салідарнасьці зь беларускай апазыцыяй прайшла сёньня і каля беларускай амбасады ў Варшаве – некалькі ўдзельнікаў акцыі застаюцца ў намётах каля пасольства на ноч на знак салідарнасьці з мітынгоўцамі на Кастрычніцкім пляцы ў Менску.

Каля ста чалавек цягам некалькіх гадзінаў гучна выказвалі сваю падтрымку беларускім дэмакратычным сілам – прысутныя скандавалі, “Ніхто не здушыць Беларусь!” “Жыве Беларусь!”, “Дыктатар – прэч!”

(Кастэлянец: ) “Мы будзем падтрымліваць беларусаў столькі, колькі спатрэбіцца. Калі скончым акцыю каля амбасады, будзем працаваць і ўжо цяпер працуем над іншымі, можа больш адчувальнымі і канкрэтнымі шляхамі дапамогі апазыцыі,” – заявіў радыё Свабода Яцэк Кастэлянец з ініцыятывы Вольная Беларусь.

Удзельнікі акцыі час ад часу зьвязваліся зь Менскам, каб ад удзельнікаў мітынгу на кастрычніцкім пляцы даведацца пра апошнія падзеі ў Менску, слухалі рэпартажы зь беларускай сталіцы на розных польскіх радыёстанцыях.

Можна было паглядзець таксама здымкі зь Менску, якія праз праектар паказваліся на сьцяне будынку беларускай амбасады.

Антось Цялежнікаў – лідэр Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі кажа, што частка ўдзельнікаў акцыі застаюцца каля пасольсва ўначы – намёты стаяць тут ужо восьмы дзень.

(Цялежнікаў: ) “Мы ўвесь дзень пускаем беларускую музыку прац моцную гукаўзмацняльную апаратуру, каб не даваць спакою тым, хто працуе ў гэтай амбасадзе. Яны таксама частка гэтага рэжыму і будуць таксама несьці адказнасьць за фальсыфікацыі”.

Удзельнікі акцыі дзякавалі таксама польскай паліцыі, якая ўсе гэтыя дні, калі трываюць акцыі, паводзіць сябе вельмі карэктна і прыязна.

XS
SM
MD
LG