Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія паралелі паміж беларускай і украінскай сытуацыяй?


Алена Струвэ, Прага "Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі прадэманстравалі тое, што апазыцыя, беларускі народ пакрысе пачынаюць пазбаўляцца ад свайго ранейшага страху перад рэжымам", лічыць аналітык Радыё Свабоды Ян Максімюк. Наша карэспандэнтка гутарыць зь Янам Максімюком пра ўрокі, якія цяперашніх прэзыдэнцкіх выбараў мусіць вынесьці беларуская апазыцыя, пра тое, чым падобная і чым адрозная цяперашняя беларуская сытуацыя ў параўнаньні з украінскай.

(Карэспандэнтка: ) "Спадар Максімюк, у шэрагу апошніх замежных публікацыяў аглядальнікі параўноўваюць Майдан 2004 і Кастрычніцкую плошчу гэтых дзён. На вашую думку, чаго болей –агульнага ці адрозьненяў?"

(Максімюк: ) "Сытуацыя псыхалягічна адрозная ў тым, што ў 2004 годзе людзі ў Кіеве былі перакананыя: Юшчанка прэзыдэнцкія выбары выйграў, аднак ў яго перамогу скралі.

Сытуацыя Мілінкевіча іншая.

Натуральна, вынікі былі падтасаваныя, гэта ні ў каго не выклікае сумневу. Адначасна, у людзей ёсьць адчуваньне, што Мілінкевіч, ўсё ж быў ня ў стане выйграць гэтыя выбары, нават калі б яны былі сумленныя і свабодныя.

Таму сытуацыя Мілінкевіча намнога цяжэйшая, бо мэта, якая ставіцца перад людзьмі, гэта давесьці да перагаласаваньня, да паўторных выбараў. Я думаю, гэта апазыцыі наўрад ці ўдасца.

Але ж гэтыя пратэсты маюць вялікі сэнс для Беларусі бо паказваюць, што і апазыцыя, і ўвогуле беларускі народ пакрысе пачынаюць губляць свой ранейшы страх перад рэжымам і заяўляць на ўвесь голас пра свае палітычныя патрэбы".

(Карэспандэнтка: ) "Нягледзячы ня няроўныя ўмовы ў часе выбарчай кампаніі, і рэжым, і апазыцыя мелі роўны час для падрыхтоўкі да выбараў. Калі Лукашэнка перанёс выбары на паўгоду наперад, гэта азначае, што ён добра пралічыў сытуацыю… У той жа час беларуская апазыцыя адрозна ад ўкраінскай, праўдападобна, не да канца пралічыла сваіх дзеяньняў пасьля выбараў… Якое меркаваньне ў вас?"

(Максімюк: ) "Усё кажуць, што Лукашэнка палітык зь вялікай інтуіцыяй, усе гэта прызнаюць і я думаю, што ён інтуітыўна адчуваў, што сытуацыя для яго пагаршаецца. А таму ён прысьпешыў гэтыя выбары, ну, і…

Калі скажам паглядзець на падрыхтоўку ўраду і Лукашэнкі, то ён фактычна падрыхтаваўся, зрабіў, зь ягонага гледзішча усё, каб мінімізаваць выбух грамадзянскага незадавальненьня.

Іншая справа, што падобная падрыхтоўка да выбараў з боку ўраду стала вельмі нечаканай для апазыцыі. Па-першае, лідэр апазыцыі нераскручаны. Апазыцыя да выбараў ня надта падрыхтавалася, у тым ліку і да пратэстаў пасьля выбараў. Хаця… Чаму ж не падрыхтавацца, паколькі беларуская апазыцыя ўжо гадоў дзесяць як выціснутая з сыстэмы ўлады і ёй нічога іншага не застаецца за вулічную дэмакратыю, значыць да такога варыянту апазыцыя павінна быць падрыхтаваная.

Калі мы сёньня назіраем за тым, што людзям, якія засталіся на ноч на плошчы, ежу прыносяць лідэры апазыцыі і міліцыя беларуская іх арыштоўвае, гэта сьведчыць пра тое, што да такога разьвіцьця падзеяў беларуская апазыцыя не падрыхтавалася.

Людзей на плошчу вывесьці можна, аднак, іх трэба напаіць, накарміць і абагрэць і арганізаваць увесь арганізацыйнае абслугоўваньне вулічнага пратэсту і дэмакратыі".

(Карэспандэнтка: ) "Як, з вашага гледзішча, будзе сабе паводзіць Лукашэнка далей?"

(Максімюк: ) "Я думаю, што палітычна ён не прызнаецца сабе ў тым, што ягоная палітыка фактычна пачынае губляць папулярнасьць у грамадзтве. Таму ён будзе заціскаць гайкі".
XS
SM
MD
LG