Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзень трэці: онлайн-рэпартаж і фота з Кастрычніцкай плошчы


Радыё Свабода, Менск 22 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы Менску працягваецца акцыя пратэсту, у якой бяруць удзел каля тысячы чалавек. На плошчы стаіць 20 намётаў, шмат ежы, працуе прыбіральня. Усе падыходы й пад’езды да плошчы кантралююць супрацоўнікі міліцыі, якія правяраюць сумкі ўсіх мінакоў, што кіруюцца да намётавага гарадку. А чацьвёртай гадзіне раніцы перад удзельнікамі пратэсту выступіў Уладзімер Колас. З Кастрычніцкай плошчы перадаюць нашы карэспандэнты.

4:40

Стаяньне на Кастрычніцкай плошчы працягваецца, працягваецца дыскатэка, людзі слухаюць кампазыцыі украінскіх і беларускіх рок-гуртоў. У адным зь перапынкаў паміж кампазыцыямі выступіў старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас, які сказаў мітынгоўцам: "Віншую вас і лічу, што мы знаходзімся ў лепшым месцы Беларусі, бо тут нараджаеццца яе будучыня. Трэба стаяць да канца, і мы пераможам". Як прыклад гэтага сп. Колас прывёў дзейнасьць які ўжо некалькі гадоў забаронены ўладамі, але тым ня менш існуе. Прамова Ўладзімера Коласа была кароткая, але была вельмі прыязна ўспрынятая людзьмі.

На гэты момант удзельнікі акцыі добра забясьпечаныя харчамі і адзеньнем.

3:40

Удзельнікі мітынгу зрабілі вылазку па ваду.

У лягеры ўдзельнікам пратэсту не хапае кіпеню і вады для прыгатаваньня гарбаты і кавы. Міліцыя звычайна не дапускае да мітынгоўцаў людзей, якія прывозяць у лягер тэрмасы з вадою і гарачую ежу.

А палову на чацьвёртую начы вялікая група вырашыла зрабіць уласную вылазку, каб прывезьці кіпень для гарачых напояў. Каля 40 ўдзельнікаў акцыі пратэсту аддзяліліся ад асноўнай групы зь месца, дзе адбываецца мітынг, і вялікай групай накіраваліся да таксі, каб пазьбегнуць затрыманьня. Міліцыя сачыла за гэтай вылазкай, але нікога не затрымала – праз дваццаць хвілінаў яны вярнуліся на таксі з вадою.

На плошчы працягваецца імправізаваная дыскатэка, моладзь стаіць у колах вакол намётаў, выкрыквае лёзунгі "Хочам, можам, пераможам!"

А.Мілінкевіч часова адсутнічае на плошчы, але абяцаў зьявіцца а палове на шостую гадзіну раніцы.

02:30

Не гледзячы на незвычайны для гэтай пары года мароз (каля мінус 10 градусаў), звыш тысячы чалавек па-ранейшаму знаходзяцца на Кастрычніцкай плошчы. Людзі разумеюць, што той, хто пакіне плошчу, можа быць адразу затрыманы.

Вакол намётавага гарадку паўколам выстаўлены сьвечкі. Узяўшыся за рукі, ўдзельнікі акцыі правялі супольную малітву. Нават зараз, пасярэдзіне ночы, увесь час чуваць лёзунгі “Жыве Беларусь”, “Разам”, “Застаемся”! У гарадку па-ранейшаму знаходзіцца Аляксандр Мілінкевіч з жонкай і старэйшым сынам. Там і знакамітая сьпявачка і лідэр гурту “Новае неба” Кася Камоцкая. Колькасьць міліцыянтаў вакол відавочна скарацілася. Дэманстранты ўступаюць зь імі ў размовы і спрабуюць пераканаць у сваіх палітычных поглядах. Побач з удзельнікамі акцыі знаходзяцца некалькі міжнародных назіральнікаў і супрацоўнікаў амбасадаў.

01:30

У намётавым гарадку па-ранейшаму знаходзіцца каля тысячы чалавек, якія актыўна скандуюць “Застаемся”. Непасрэдна каля моладзі знаходзяцца каля дзесяці міліцыянтаў. Міліцыя затрымлівае ўсіх, хто пакідае намётавы гарадок. Унутры гарадка ідзе імправізаваная дыскатэка. Пад музыку беларускіх і украінскіх выканаўцаў людзі прытанцоўваюць, каб сагрэцца. Нядаўна адбыўся малебен “за Беларусь”

Нашы карэспандэнты бачылі, як прыкладна 15 аўтобусаў з байцамі АМАПу выехалі з прылеглых да Кастрычніцкай плошчы двароў і кварталаў і накіравалася па праспэкце на ўсход гораду. Паводле гэтых ускосных дадзеных, ўдзельнікі акцыі спадзяюцца, што штурму намётавага гарадка сёньня ня будзе.

00:30

Каля 1000 чалавек вырашылі начаваць у намётавым гарадку. Не гледзячы на заклік, каб засталіся адны “сапраўдныя мужчыны”, у прыблізна 20 намётах ёсьць як хлопцы, гэтак дзяўчыны, і людзі сталага веку. Сярод іх Аляксандр Мілінкевіч, ягоная жонка Іна Кулей і старэйшы сын Аляксандр.

Удзельнікі акцыі разумеюць, што ўначы можа адбыцца сілавы разгон. Вулічныя ліхтары на Кастрычніцкай плошчы не гараць, у тым ліку ліхтар, які асьвятляе ўваход у мэтро. Прыехала група БТ, якія рыхтуюцца нешта здымаць. Машыны па-ранейшаму вітаюць плошчу гудкамі. Удзельнікі акцыі самастойна прыбралі ўвесь пляц ад сьмецьця.

Стала вядома, што затрыманы дэпутат польскага Сэйму Яраслаў Ягелла у выніку дамоўленасьцяў паміж польскай амбасадай у Беларусі і Міністэрствам замежных справаў Беларусі выпушчаны на свабоду пры ўмове, што ён адразу пакіне Беларусь. Спадар Ягейла ўжо едзе ў Польшчу.

23:15

На плошчы каля 2 тысячаў чалавек, каля будынку адміністрацыі прэзыдэнта 10 аўтобусаў СОБРа, кіраўнік гэтага злучэньня палкоўнік Дзьмітры Паўлічэнка падыходзіў да плошчы і аглядаў мітынг. Дэпутат польскага Сэйму Яраслаў Ягелла быў сёньня затрыманы і дастаўлены на Акрэсьціна, заўтра яго будуць судзіць за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу.

Аляксандр Мілінкевіч зноў прыйшоў на плошчу і заявіў, што застаецца з тымі, хто будзе тут начаваць

22:30

На плошчы каля 3 тысячаў чалавек.

ДАІ пачала спыняць машыны, які сыгналамі вітаюць мітынгоўшчыкаў. Адбыўся такі інцыдэнт. На скрыжаваньні праспэкта і вуліцы Купалаўскай пад’ехаў аўтобус, адтуль выскачылі амонаўцы, яны схапілі 8 маладых людзей, што ішлі на плошчу, і ад’ехалі. Амонаўцы пачалі адціскаць людзей ад бардзюра, кажучы, што трэба зрабіць калідор. Ізноў пачалі перакрываць вуліцы Купалаўская і Леніна.

Лявон Вольскі сьпеў адну песьню, потым уключылі запіс песьняў NRM

21:30

На плошчы ў гэты момант каля 5 тысячаў чалавек, атмасфэра сьвяточная. На плошчы зьявіўся велізарны транспарант “Свабоду палітвязьням”. Мілінкевіч часова пакінуў плошчу, каб цяплей апрануцца. Ён заявіў, што будзе тут усю ноч. Аляксандр Казулін у сваім выступе гаварыў, што мае дакладную інфармацыю, нібыта ноччу будзе разгон намётавага гарадку. Ён сказаў, што “трэба трымаць гэтую хвалю, каб яна ня зьбілася, тады 25 сакавіка на плошчы будзе 100 тысячаў чалавек”.

На плошчы стаіць 20 намётаў, вельмі шмат ежы, працуе прыбіральня. Ёсьць гарбата і кава, але не хапае кіпеню. Людзей, якія нясуць на плошчу ежу і напаі, спрабуюць затрымліваць на падыходзе да плошчы.

Жанчынаў заклікалі сысьці дахаты, каб на плошчы засталіся толькі “сапраўдныя мужчыны”. Гучыць украінская і беларуская музыка. З другога канца плошчы ўключылі расейскую папсу. Наконт разгону амонаўцы сказалі нашаму карэспандэнту: “Пакуль каманды не было”.

20:00

Выступіў Аляксандр Мілінкевіч. Ён высока ацаніў тое, што адбылося на плошчы за апошнія дні і заклікаў правесьці яшчэ больш масавую акцыю 25 сакавіка. Ён зьвярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу з заклікам запрасіць на плошчу на 25 сакавіка сваіх знаёмых, сябраў і суседзяў, а да гэтага кожны дзень а 18-30 прыходзіць на плошчу. Мілінкевіч паразмаўляў з удзельнікамі намётавага гарадка і заявіў, што ня будзе заклікаць да ягонага згортваньня. Пазьней выступіла жонка Мілінкевіча Іна Кулей і спыталася прысутных, ці хочуць яны разыходзіцца. Плошча адказала – “Не!”

19:30

На плошчы ў сярэдзіне намётавага гарадка выступае Аляксандар Мілінкевіч. Ён сказаў, што мінулай ноччу было затрымана 108 моладзевых актывістаў, якія былі на плошчы. На плошчы бел-чырвона-белыя сьцягі, сьцягі Эўразьвязу і Ўкраіны.

Мілінкевіч сказаў: “Я заклікаю вас ўсіх – запрасіце сваіх сяброў і знаёмых, каб яны прыйшлі на плошчу 25 сакавіка і паказалі, што мы сіла і што мы пераможам!” 25 сакавіка – 88-я ўгодкі абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

Па ўсёй плошчы сёньня адключанае сьвятло.

Грамадзкі дзеяч Вацлаў Арэшка заявіў: “Гэтымі днямі ў Беларусі адбылася вялікая падзея. Лукашэнка пасьля выбараў прачнуўся ў іншай Беларусі, якая ня хоча жыць пад дыктатурай. Гэта – сапраўдная рэвалюцыя”.

19:00

На плошчу прыехалі паслы краінаў Эўразьвязу, яны пагаварылі з удзельнікамі мітынгу. Калі дыпляматы прыехалі на плошчу, былі раптоўна адключаныя чатыры ліхтары, якія асьвятляюць плошчу, так што сустрэча дыпляматаў з удзельнікамі мітынгу праходзіла ў прыцемках.

Зараз на плошчы знаходзіцца прыблізна пяць тысячаў чалавек.

18:00

На плошчы зараз стаяць ня менш як дзьве тысячы чалавек. Людзі атачылі намётавы гарадок. Па-ранейшаму людзей затрымліваюць людзей на падыходах да плошчы.

Нядаўна каля плошчы быў затрыманы дэпутат польскага Сэйму Яраслаў Ягайла.

На плошчу прыйшоў Аляксандар Мілінкевіч. Чакаецца, што на плошчу ў хуткім часе прыедуць паслы эўрапейскіх дзяржаваў.

Гл.таксама • Раніца 21 сакавіка -- фотарэпартаж і відэа з Кастрычніцкай плошчы • Міліцыя затрымлівае тых, хто спрабуе прайсьці на плошчу • Судзяць людзей, якія несьлі ежу на Кастрычніцкую плошчу • Кастрычніцкая плошча ўначы 20 сакавіка (фотарэпартаж) • Начны онлайн-рэпартаж з Кастрычніцкай плошчы (19-20 сакавіка)
XS
SM
MD
LG