Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 сакавіка: галасы людзей з Кастрычніцкай плошчы


Ігар Карней, Менск Некалькі соцень менчукоў і тых, хто прыехаў у Менск адмыслова, усю ноч заставаліся на Кастрычніцкай плошчы. Першыя ўражаньні ад перажытай ночы ўкладаюцца ў словы “халодная й нэрвовая”. Бо шмат людзей з плошчы наўпрост былі дастаўлены ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік. Як жыў сёньня імправізаваны намётавы гарадок на Кастрычніцкай плошчы Менску?

(Карэспандэнт: ) “З маральнага ці фізычнага гледзішча, што самае складанае было гэтай ноччу?”

(Юнак: ) “Самае цяжкае — прастаяць: папросту ногі баляць. І, шчыра кажучы, вельмі халодна было пад раніцу. Але людзі вельмі дапамагаюць — ежу прыносяць, гарачую гарбату й каву нясуць пастаянна. Цыгарэты даюць. Усе падтрымліваюць, усе. Толькі вялікія фізычныя нагрузкі на ногі — і ўсё. А больш нічога, усё астатняе ў парадку”.

Як і прамінулую ноч, цягам усяго сёньняшняга дня на плошчы стаяла 300-500 чалавек. Стаяць ня толькі падлеткі, як сьцьвярджае афіцыйная прапаганда. Тацяна Гацура — маці трох малых дзетак і кажа, што выйшла сюды, перадусім, дзеля іх.

(Гацура: ) “Я павінна глядзець сваім дзецям у вочы, не саромеючыся. Найперш мяне штурхае асьцярога, каб потым самой не было сорамна. Каб я сябе адчувала свабоднай і з разуменьнем, што ўсё дзеля гэтага зрабіла. Ня столькі хвалююць нейкія палітычныя лёзунгі, як папросту я раблю гэта дзеля дзяцей і сябе самой, дзеля маральнага камфорту”.

Увесь дзень да намётавага гарадку ішлі зусім розныя людзі. Ня кожнаму ўдалося прабіцца, бо на падыходах пільныя міліцыянты рабілі ператрусы ў сумках, і некалькі чалавек, уключна з рэдактарам газэты “Наша ніва” Андрэем Дынько, былі дастаўлены ў аддзяленьні міліцыі. Аднак нават людзі сталага веку ігнаравалі гэткую небясьпеку. Як сказала адна жанчына, — хопіць баяцца!

(Жанчына: ) “Запалоханы народ, пануе такая паўзучая рабская псыхалёгія. Бо пужаюць на кожным кроку. Паслухайце тэлебачаньне: цэлы дзень адна ўхвала. І так радасна, і так шчасьліва, нібыта, жыве народ. Іншых зьвестак няма ніякіх — мана, мана й яшчэ раз мана. Баяцца людзі, бо гвалтоўна зьмесяць, зганьбяць, зломяць косьці, у турму кінуць. Колькі было паведамленьняў — не ідзіце на плошчу, бо гвалт будзе! Пэўна, яны і ўтвораць гвалт, пачакаўшы, пакуль зьедуць усе госьці. І потым будзе гвалт. Як заўсёды”.

А трэцяй дня намётавы гарадок наведалі Аляксандар Мілінкевіч і ягоная жонка Іна Кулей. Яны абышлі ўсе намёты, паціснулі рукі ўсім “жыхарам”, з кожным пагаварылі. Людзі рэагавалі вельмі эмацыйна.

(Спадар: ) “Мы калі Дземянцея на Шушкевіча мянялі, я ў Смаргонь тэлефанаваў хлопцам, каб яны прыехалі, падтрымалі. Але растапталі нашы галасы — і ўсё”.

(Мілінкевіч: ) “Яны й цяпер гэтак жа робяць. Робяць несумленна, подла, цынічна. Такая ўлада доўга не пратрымаецца”.

(Спадар: ) “Думаю, калі гэтую ноч перажывём, то ўсё — будзе наша перамога. Думаю, што гэта здарыцца”.

(Мілінкевіч: ) “Галоўнае, каб людзі моцна ня зьмерзьлі”.

(Жанчына: ) “Увечары, ведаю, з працы людзі ўсё роўна будуць падцягвацца. Бо калі з раніцы на “ВВС” пачалі паказваць, — карцінка як зьявілася, дык валасы дыба ўсталі. “ВВС”, “Эўраньюс” — зусім іншы настрой стаў”.

(Мілінкевіч: ) “Так. Увесь сьвет на Беларусь зьвярнуў пагляды. Нас падтрымліваюць, адусюль тэлефануюць, спачуваюць, гавораць: “Трымайцеся, мы з вамі”. Але яны пакуль што толькі так могуць падтрымаць, маральна. Хоць і гэта таксама вельмі важна”.

(Спадар: ) “Пераможам, бо іншага выйсьця ў нас не застаецца. Інакш Лукашэнка на калені нас паставіць зусім. Мы вас падтрымаем!”

Над імправізаваным лягерам луналі ня толькі бел-чырвона-белыя сьцягі й сіня-джынсавыя плашчыны. Свае нацыянальныя сьцягі трымалі прыхільнікі дэмакратычных зьменаў з Украіны, Грузіі, Расеі, Польшчы, Літвы й Азэрбайджану.

Гл.таксама • 21 сакавіка -- фотарэпартаж і відэа з Кастрычніцкай плошчы • На Кастрычніцкай плошчы складаюць сьпіс тых, хто не вярнуўся дамоў • Міліцыя затрымлівае тых, хто спрабуе прайсьці на плошчу • Судзяць людзей, якія несьлі ежу на Кастрычніцкую плошчу • Кастрычніцкая плошча ўначы (фотарэпартаж) • Начны онлайн-рэпартаж з Кастрычніцкай плошчы
XS
SM
MD
LG