Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставяцца да падзеяў на плошчы вядомыя палітыкі?


Радыё Свабода Былы старшыня Савету Рэспублікі Аляксандар Вайтовіч называе падзеі на плошчы знакавымі.

(Вайтовіч: ) “Гэта паказвае, што яшчэ не задушана ўсё ў краіне. Я вельмі пазытыўна ацэньваю, што моладзь усё-ткі выйшла на плошчу. Лукашэнка атрымаў вельмі суровае папярэджаньне з Масквы, узгодненае з Эўразьвязам, каб не рабіў жорсткіх захадаў. Таму іх і не чапалі”.

Аднак спадар Вайтовіч асьцерагаецца, што гэтая акцыя зьвядзецца да малой колькасьці ўдзельнікаў. Ён мяркуе, што ня будзе паўтарэньня ўкраінскіх падзеяў.

(Вайтовіч: ) “У нас грамадзтва іншае. У нас жа дыктатура. У нас за горла ўсіх трымаюць. І атмасфэра перад выбарамі, становішча ў краіне былі зусім іншымі”.

Дэпутат Сяргей Гайдукевіч лічыць такі пратэст нармальнай зьявай.

(Гайдукевіч: ) “Краіна “попахивает” дэмакратыяй. Усе незадаволеныя маюць права выказаць сваю думку. Няхай стаяць, пратэстуюць, выказваюцца. Гэта маляўніча, гэта паказьнік дэмакратыі. Чым больш яны будуць стаяць, — тым лепш. Усё роўна ніхто нідзе не працуе, з раніцы да вечара стой — і нармальна”.

Паводле дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Вольгі Абрамавай, тое, што яна сёньня ўбачыла на Кастрычніцкай плошчы, зрабіла на яе сумнае ўражаньне.

(Абрамава: ) “Людзі маюць права выказаць сваю пазыцыю, але толькі хлусіць пры гэтым ня трэба пра сацыялягічныя апытаньні”.

Вольга Абрамава лічыць, што сэнс у такім пратэсьце ёсьць хіба для ўдзельнікаў акцыі.

(Абрамава: ) “Таму што гэта іх спосаб выказаць сваю нязгоду — ня з вынікамі выбараў (таму што вынікі бясспрэчныя)… Людзі хацелі б, як мінімум, карэкцыі курсу. Гэта найперш прыхільнікі лібэралізацыі эканомікі, а таксама розных грамадзянскіх свабод. Не беручы да ўвагі той часткі, якая выходзіць на плошчу, каб потым атрымаць права на палітычны прытулак”.

Вольга Абрамава цьвердзіць, што трэба дамаўляцца з уладамі — хоць бы пра нацыянальнае замірэньне.

(Абрамава: ) “У такіх выпадках, зазвычай, перамовы павінен прапаноўваць слабы. А хто слабы — зусім зразумела”.

Ці пабываў на плошчы кіраўнік камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў?

(Папоў: ) “У мяне іншыя клопаты ў гэты час… Вы бачыце: людзі пастаялі й разышліся самі. Ніхто іх не прыпыняў, не разганяў і ніякіх гвалтоўных захадаў да іх не рабілі. Людзі паслухалі й разышліся”.

Спадар Папоў кажа: выбары завяршыліся, і трэба годна прайграваць.

(Папоў: ) “Па тых здымках, якія я бачыў, там пераважна й 19-га прысутнічала моладзь, якая ня ўдзельнічала ў выбарчым працэсе. Таму казаць, што гэта людзі, якія галасавалі за сваіх кандыдатаў, а затым прыйшлі на плошчу й выказалі пратэст, будзе няпраўдай”.

Паводле спадара Папова, грамадзяне мусяць кіравацца законамі, якія ёсьць у краіне.

(Папоў: ) “Калі грамадзяне парушаюць гэтыя законы, то яны павінны перад законам несьці адказнасьць. Да чаго гэта прыводзіць? Апошнія наглядныя прыклады ў Францыі”.

Гл.таксама • 21 сакавіка -- фотарэпартаж і відэа з Кастрычніцкай плошчы • Кастрычніцкая плошча ўначы (фотарэпартаж) • Начны онлайн-рэпартаж з Кастрычніцкай плошчы
XS
SM
MD
LG