Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорск: псыхоляга вымусілі звольніцца з працы


Радыё Свабода Сёньня Натальля Бордак, якая падчас выбарчай кампаніі зьбірала галасы за кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча, напісала заяву аб звальненьні з працы на ўласнае жаданьне. Натальля Бордак да сёньняшняга дня працавала псыхолягам у Сьветлагорскім цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва, дзе займалася рэабілітацыяй інвалідаў праз арт-тэрапію.

Дырэктарка цэнтру спадарыня Васіліхіна прапанавала сваёй падначаленай сысьці з працы, паколькі ёй стала вядома, што на Натальлю Бордак завялі адміністрацыйную справу за парушэньні, якія быццам былі падчас распаўсюду праграмы кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча:

(Бордак: ) “Было ў такой форме заяўлена: я не хачу з-за вас падстаўляць сваю галаву. Я тады пагадзілася: лепш я сыду, чым вас здымуць з працы з-за мяне”.

Натальля Бордак спадзяецца, што зможа ўладкавацца на працу ў якой-небудзь недзяржаўнай установе:

(Бордак: ) “Я вельмі шчасьлівая, што я пацярпела за справядлівасьць, за свабоду, за сумленнага чалавека, якога я падтрымліваю”.
XS
SM
MD
LG