Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Меншчына: хроніка перасьледу дэмакратычных актывістаў


Радыё Свабода Сябры і аднадумцы амаль суткі ня ведалі пра лёс лідэра вялейскай суполкі Партыі БНФ Аляксея Сюдака.

Гаворыць кіраўнік суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Малярчук:

(Малярчук: ) “Учора дзесьці а 17-й гадзіне не адказаў на тэлефанаваньне Аляксей Сюдак. Ён пайшоў на сустрэчу з украінскімі сябрамі. І пасьля гэтага не было ад яго ніякага адказу, ніякіх зьвестак. Вядзецца яго пошук, дзе ён знаходзіцца — ці то ў міліцэйскім пастарунку, ці то ў судзе”.

Сёньня высьветлілася, што Аляксей Сюдак сапраўды быў затрыманы міліцыянтамі і цяпер знаходзіцца ў менскім спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна, што пацьвердзіў супрацоўнік гэтай установы:

(Міліцыянт: ) “Ёсьць. Адбывае суткі. 15 дзён”.

У Барысаве пасьля трох гадзінаў знаходжаньня ў міліцэйскім пастарунку ўчора ўвечары адпусьцілі на волю мясцовых актывістаў дэмакратычнага руху Віктара Гарбачова, Анатоля Бякасава і Людмілу Шчабакову. Яны кіраваліся ў Менск на Кастрычніцкую плошчу, аднак пры выезьдзе з Барысава былі затрыманы. Паводле спадара Гарбачова, мясцовыя міліцыя сочыць за апазыцыянэрамі:

(Гарбачоў: ) “Сочаць за ўсімі. Міліцыя працуе ў горадзе ва ўзмоцненым рэжыме. Усе без выходных. Усіх з адпачынкаў выклікалі. Гэтулькі міліцэйскіх машынаў! Я ніколькі столькі машынаў у Барысаве ня бачыў. Усе сядзяць напагатове. Я ім кажу: “Хлопцы, там шмат злачынцаў. Крадуць. Навошта вы “палітычнымі” займаецеся?” — “Каманду далі”.

Нагадаю, яшчэ адзін барысаўскі актывіст, кіраўнік выбарчага штабу Мілінкевіча Леў Марголін ужо пятыя суткі знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Ад 17 сакавіка ён адбывае пакараньне 10 сутак арышту — за арганізацыю сустрэчы з экс-кандыдатам ад аб’яднанай апазыцыі, якую барысаўскі суд прызнаў несанкцыянаванай.

Працягваюць адбываць пакараньне арыштам і чацьвёра актывістаў моладзевага руху з Жодзіна. Вось што паведаміў лідэр тутэйшай суполкі “Маладога фронту” Павал Красоўскі:

(Красоўскі: ) “Іх сёньня ноччу будуць выпускаць. У 4 гадзіны раніцы. Ім жа далі 7 сутак, сёньня ноччу будзе 7 сутак. Гудзілін і Чырэйка знаходзяцца ў Барысаве, імі займаецца там КДБ. А Ваўкавец і Чарткоў знаходзяцца ў Жодзіне. Таксама ўчора на падыходзе да Кастрычніцкай плошчы ў Менску затрымалі Сержука Мурашку. Яго завезьлі ў Фрунзенскі РАУС. А потым, калі яны даведаліся, што ён з Жодзіна, яго адвезьлі ў Жодзіна — у Жодзінскі ўчастак міліцыі. Яго дапыталі й сказалі: “Сядзі дома і нікуды не вылазь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG