Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі прэм’ер заявіў, што будзе падтрымваць сувязі з Лукашэнкам


Юры Сьвірко, Кіеў Прэм’ер-міністар Украіны Юры Еханураў заявіў, што палітычныя выказваньні на адрас Беларусі не павінны перашкаджаць гандлю зь Менскам. Украінскае МЗС заявіла, што падзяляе высновы назіральнікаў АБСЭ, аднак ня лічыць палітыку ізаляцыі Беларусі эфэктыўнай.

Сёньня, афіцыйна ўзяўшы перадвыбарчы адпачынак для агітацыі за сваю партыю “Наша Ўкраіна”, яе першы нумар у выбарчым парлямэнцкім сьпісе прэм’ер-міністар Юры Еханураў пракамэнтаваў вынікі выбараў у Беларусі.

Адказваючы на пытаньні студэнтаў у Днепрапятроўску, спадар Еханураў сказаў, што для яго галоўнае ў дачыненьнях зь Беларусьсю – гэта разьвіцьцё гандлю.

Ён дадаў, што адмаўляецца даваць палітычныя ацэнкі беларускім выбарам, бо ўсе неабходныя заявы на афіцыйным узроўні зробіць прэзыдэнт Віктар Юшчанка. Аднак Юры Еханураў дадаў, што гэтая палітычная пазыцыя не павінна перашкаджаць у паўсядзённым гандлі зь Беларусьсю.

Паводле ўкраінскага прэм’ера, Кіеў мусіць класьці ў аснову стасункаў зь Беларусьсю эканамічны складнік. “Мы дэмакратычная краіна, і нам можа не падабацца, як праходзілі там выбары. Але мы толькі што падпісалі дамову наконт электраэнэргіі ды зацікаўленыя, каб больш куплялі тавараў”, – заявіў Юры Еханураў.

Ён дадаў, што цяперашняе кіраўніцтва Беларусі нікуды не падзенецца, таму зь ім нехта павінен размаўляць. “Дык я буду тым хлопцам, які будзе зь імі дамаўляцца, каб больш прадаваць ім прадукцыі й даражэй”, – сказаў спадар Еханураў і заклікаў усіх быць прагматыкамі.

Тым часам прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка, які напярэдадні сказаў, што стаўленьне Кіева да беларускіх выбараў будзе грунтавацца на высновах місіі АБСЭ, дагэтуль не зрабіў канчатковых заяваў з ацэнкай падзеяў у Беларусі. Спадар Юшчанка не павіншаваў Аляксандра Лукашэнку зь перамогай. Сёньня ўкраінскі прэзыдэнт сустрэнецца ў Кіеве зь міністрам замежных справаў Сэрбіі й Чарнагорыі Вукам Драшкавічам, які раней быў адным з галоўных праціўнікаў Слабадана Мілошавіча. Мажліва, пасьля гэтай сустрэчы абодва палітыкі пракамэнтуюць вынікі беларускіх выбараў.

Тым часам Міністэрства замежных справаў Украіны зрабіла адмысловую заяву пра тое, што падзяляе папярэднія высновы й камэнтары назіральнай місіі АБСЭ ў Беларусі, у складзе якой былі ўкраінскія прадстаўнікі.

“Україна зацікаўленая ў незалежнай, сувэрэннай, стабільнай і квітнеючай Беларусі”, – зазначаецца ў заяве МЗС з амаль даслоўным цытаваньнем перадвыбарчага лёзунгу Аляксандра Лукашэнкі. Аднак далей у тэксьце гаворыцца: “Гэта магчымае толькі пры ўмове адкрытасьці Беларусі сьвету, транспарэнтнасьці грамадзтва й датрымоўваньня асноўных дэмакратычных нормаў”. Украінскае МЗС заяўляе, што дэмакратычная супольнасьць чакае ад беларускай улады канкрэтных крокаў у напрамку дэмакратызацыі ўсіх аспэктаў жыцьця краіны. Таксама Кіеў заклікае выкараніць тыя сур’ёзныя недахопы ў стаўленьні да грамадзянскай супольнасьці, якія адзначаюцца міжнароднымі структурамі, і ўлічыць высновы й камэнтары місіі назіральнікаў АБСЭ.

"Толькі талерантны й канструктыўны дыялёг паміж беларускай уладай і апазыцыяй, а таксама паміж афіцыйным Менскам і эўрапейскімі структурамі будзе спрыяць як дэмакратычнаму поступу гэтай краіны, гэтак і стабільнаму разьвіцьцю яе адносінаў з усясьветна супольнасьцю".

Аднак на сёньняшнім брыфінгу кіраўнік прэсавай службы МЗС Украіны Васіль Філіпчук дадаў, што Кіеў лічыць неэфэктыўнай палітыку ізаляцыі Беларусі. Ён нагадаў пра двухбаковы таваразварот аб’емам 2 мільярды даляраў на год і сказаў, што Ўкраіна імкнецца пазьбягаць крокаў, якія перашкодзяць дыялёгу зь Беларусьсю. Спадар Філіпчук нагадаў, што Кіеў далучыўся да заяваў і дакумэнтаў ААН і Эўрапейскага Зьвязу з крытыкай становішча ў Беларусі з правамі чалавека, аднак падкрэсьліў, што пазыцыя Ўкраіны наконт Беларусі не заўсёды абсалютна супадае з пазыцыяй Эўразьвязу.

Таксама прэсавы сакратар украінскага МЗС нічога не сказаў пра мажлівасьць візыту прэзыдэнта Віктара Юшчанкі ў Беларусь з нагоды 20-годзьдзя Чарнобыльскай катастрофы, адзначыць якое яго раней запрасіў Аляксандар Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG