Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гарадзеншчына: хроніка затрыманьняў і арыштаў


Радыё Свабода Суд Шчучынскага раёну адмовіўся зьмяніць меру стрыманьня для Сяргея Ляшкевіча, якога падазраюць у крымінальнай справе па артыкуле 293 ч 3 Крымінальнага кодэксу (навучаньне ці іншая падрыхтоўка асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках). Абвінавачваньняў да Ляшкевіча дагэтуль не вылучылі. Але, згодна з пастановай сьледчага, арышт падоўжаны на два месяцы.

Пятыя суткі ў шчучынскім ізалятары знаходзіцца Васіль Бязьмен, сябра ініцыятыўнай групы Мілінкевіча. Яго асудзілі на 10 сутак — нібыта, за нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы.

У Ашмянах з спэцпрыёмніка ў шпіталь пераведзены Пётра Явідовіч, кіраўнік ініцыятыўнай групы Мілінкевіча, затрыманы ў мінулую пятніцу — быццам, за арганізацыю паездкі ў Менск. У камэры Пётра Явідовіч абвясьціў галадоўку. Але празь нейкі час пачуў сябе блага, таму быў пераведзены ў шпіталь, і некалькі дзён ляжаў пад кропельніцай. У палаце побач з ложкам Пятра дзяжураць міліцыянты. Сястра спадара Явідовіча цьвердзіць, што па вяртаньні ў камэру ён зьбіраецца галадаваць далей.

Сяргей Дзергачоў і Юры Кутузаў чацьвёртыя суткі знаходзяцца ў смаргоньскім спэцпрыёмніку. Яны асуджаны, нібыта, за расклейваньне ўлётак за Мілінкевіча без выходных дадзеных і аказаньне супраціву міліцыянтам. Начальнік раённай міліцыі абяцаў заўтра затрыманых выпусьціць.

Сёньня са Сьвіслацкага спэцпрыёмніка павінен выйсьці Анатоль Валюк, якога затрымалі на вуліцы й асудзілі на трое сутак “за дробнае хуліганства”.

У Астраўцы заўтра скончыцца тэрмін утрыманьня ў спэцпрыёмніку для Мікалая Ўласевіча, асуджанага на чацьвёра сутак таксама за дробнае хуліганства й непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

Сёньня мусяць выпусьціць рэдактара ваўкавыскай «Местной газеты» Андрэя Шантаровіча. Андрэя арыштавалі ў суботу, калі ён выходзіў з таксоўкі. Учора ў камэры Шантаровічу стала дрэнна, і яго даставілі ў шпіталь. Але, зрабіўшы колькі ўколаў, ізноў вярнулі ў камэру.

***

Пазьней сёньня Тадэвуша Гавіна выклікалі на допыт

Былога старшыню Саюзу палякаў і давераную асобу Аляксандра Мілінкевіча Тадэвуша Гавіна сёньня выклікалі ў Гарадзенскі РАУС на 16 гадзінаў.

У позьве гаворыцца, што яго дапытаюць як сьведку ў справе аб падпале крамы ў вёсцы Ласосна, што каля Горадні.
XS
SM
MD
LG