Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя затрымлівае тых, хто спрабуе прайсьці на плошчу


Паводле БелаПАН Міліцыя затрымлівае тых, хто спрабуе перадаць прадукты і гарачы чай удзельнікам акцыі, якія знаходзяцца на Кастрычніцкай плошчы. Дагэтуль невядома месцазнаходжаньне некаторых вядомых людзей, якія мінулай ноччу спрабавалі даехаць да Кастрычніцкай плошчы. Раніцай пры спробе прывезьці ежу быў затрыманы рэдактар газэты "Наша Ніва" Андрэй Дынько.

Мінулай ноччу зьніклі вядомыя дэмакратычныя дзеячы -- беларускі тэатральны рэжысэр Валеры Мазынскі, старшыня менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Уладзімер Кішкурна і грамадзка-палітычны дзеяч Сяргей Лукін. Пра гэта БелаПАН паведаміла праваабаронца Леанарда Мухіна.

Паводле яе інфармацыі, недзе апоўначы яны накіраваліся з дому на Кастрычніцкую плошчу, каб перадаць удзельнікам акцыі пратэсту супраць афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў напоі й прадукты харчавання, аднак на плошчы яны так і не зьявіліся. Л.Мухіна лічыць, што ўсе трое былі затрыманы міліцыяй. Іх месцазнаходжаньне дагэтуль невядомае.

Апрача таго, на плошчы працягваюцца затрыманьні ўсіх тых, хто спрабуе аказаць падтрымку ўдзельнікам акцыі - прыносіць ім прадукты і гарачую гарбату. Так, прыкладна каля 9-й гадзіны раніцы міліцыянт лейтэнант Краўчэня за парушэньне правілаў дарожнага руху затрымаў аўтамабіль "Audi", у якім знаходзіўся Валянцін Дзьмітрыеў з таварышам. Яны прывезьлі на плошчу прадукты і гарачую гарбату для ўдзельнікаў акцыі. У іх канфіскавалі кіроўскія пасьведчаньні і загадалі сьледаваць за супрацоўнікамі ДАІ.

На плошчы зараз знаходзіцца каля пяцісот чалавек. Тут жа ўстаноўлена каля пятнаццаці палатак, яны акружаны ланцугом маладых людзей. Разгорнуты бел-чырвона-белыя сцягі, сьцягі Эўразьвязу, дзяржаўныя сьцягі Літвы, Грузіі, Украіны і Расеі, палотнішчы з выявай зубра, герба Менску. На калёнах Палацу прафсаюзаў вывешаны лёзунгі "Верым! Можам! Пераможам!", "Мілінкевіч!", "За свабоду!".

Многія аўтамабілі, што праяжджаюць міма Кастрычніцкай плошчы, сыгналамі вітаюць удзельнікаў.

***

Як паведамляе БелаПАН, каля 10-й гадзіны раніцы на Кастрычніцкай плошчы быў затрыманы галоўны рэдактар недзяржаўнай газэты "Наша Ніва" Андрэй Дынько, які прывёз для ўдзельнікаў акцыі торбу з прадуктамі.

Журналіст быў затрыманы, калі выходзіў з аўтобуса маршруту № 100. Некалькі чалавек у цывільным тут жа скруцілі яму рукі і заштурхнулі назад у аўтобус. Яго далейшы лёс пакуль невядомы.

Таксама на плошчы расьце колькасьць супрацоўнікаў праваахоўных органаў – міліцыянтаў у чорнай камуфляжнай форме, супрацоўнікаў Амону, людзей у цывільным з рацыямі.

Гл.таксама • Начны онлайн-рэпартаж з Кастрычніцкай плошчы (фота) • Кастрычніцкая плошча ўначы (фотарэпартаж)
XS
SM
MD
LG