Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Тое, што пачалі варушыцца – добра. Але каб гэта не спынілася"


Радыё Свабода Кастрычніцкая плошча ў нядзелю ўразіла нават скептыкаў. Такой колькасьці народу на вуліцу не выходзіла ад 1997 году. Наша карэспандэнка цікавілася ўражаньнямі дзеячоў культуры.

Вядомы фотамастак і паэт Георгій Ліхтаровіч прыходзіць на Кастрычніцкую плошчу з жонкай.

(Ліхтаровіч: ) “Шчыра кажучы, я й не спадзяваўся, што будзе столькі народу. І тыя машыны, якія праяжджалі ўздоўж праспэкту – ну, калі ня кожная другая, дык кожная трэцяя салютавалі тым людзям, якія сабраліся на плошчы. Гэта таксама дае падставу спадзявацца, што сёньня выйдзе больш людзей”.

(Карэспандэнтка: ) “А самі пойдзеце сёньня?”

(Ліхтаровіч: ) “Абавязкова. Абавязкова трэба ісьці, бо безь мяне народ няпоўны”.

Лідэр рок-гурту “НэйраДзюбэль” Аляксандар Кулінковіч быў вельмі ўражаны колькасьцю моладзі, якая прыйшла ў пятніцу на плошчу Бангалор на рок-канцэрт, і заклікаў сваіх прыхільнікаў выйсьці ў нядзелю на Кастрычніцкую плошчу.

(Кулінковіч: ) “Мне вельмі прыемна, што людзей было так шмат – пасьля ўсёй гэтай гістэрыі, пасьля запалохваньняў, пасьля ўсіх зводак з колькасьцю АМАПаўцаў з сабакамі і гранатамі. Тое, што людзі прыйшлі, – гэта вялікая перамога ў людзях, і гэта вельмі добра. Мая маці мяне не выпускала: “Толькі не хадзі!”, касьцямі палягала... Тое, што людзі выйшлі, для мяне гэта вельмі вялікі й добры знак”.

Вядомы літаратар Адам Глёбус заўсёды верыць ў лепшае і ва ўсе часы застаецца аптымістам.

(Глёбус: ) “У адрозьненьне ад большасьці людзей, я аптымістычна настроены. Сапраўды, даўно такога не было. Адзінае – нас засыпала сьнегам. Я спачатку думаў, што гэта вадамёт, зараз кажуць, што гэта нейкая пушка сьнежная. Я проста ільдом пакрыўся ўвесь. Але потым лёд растаў, таму што вясна, і я аптыміст!”

(Карэспандэнтка: ) “А вось колькасьць народу ўразіла, настрой народу?”

(Глёбус: ) “Колькасьць уразіла, таму што калі ішла гаворка, што ўсе, хто выйдуць, гэта тэрарысты, і ўсіх чакае сьмяротнае пакараньне, то, канечне, уразіла. Я думаў, што будзе менш. Гэта галоўнае ўражаньне – што людзі не пабаяліся і выйшлі, ніхто не спалохаўся”.

Лідэр рок-гурту “НэйраДзюбэль” Аляксандар Кулінковіч асьцерагаецца аднаго:

(Кулінковіч: ) “Наша краіна – краіна, якую яшчэ трэба варушыць дзесяцігодзьдзямі. І тое, што яна пачала зараз варушыцца – гэта добра. Але каб гэта не спынілася. Бо калі ўчора было 20 тысяч чалавек, а сёньня выйдзе дзьве – вось гэтага я баюся больш за ўсё. Каб не спынілася гэтае “раскачваньне”.
XS
SM
MD
LG