Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якіх зьменаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў чакаюць менчукі?


Радыё Свабода У Беларусі адбыліся трэція ў гісторыі краіны прэзыдэнцкія выбары. Чарговы раз гэтую пасаду зойме Аляксандар Лукашэнка. Якіх зьменаў чакаюць менчукі? Гэтае пытаньне мінакам на вуліцах сталіцы задавала наша карэспандэнтка.

(Спадарыня: ) “Ну, усе ж чагосьці чакаюць лепшага. Каб заробак быў большы. А то што тут плацяць – капейкі...”

(Юнак: ) “Я ня бачу, каб Беларусь некуды рухалася. Усе кажуць: стабільнасьць, стабільнасьць, а стабільнасьць гэта застой”.

(Карэспандэнтка: ) “Дык зьменаў ці чакаеце якіх-небудзь?”

(Юнак: ) “Усе чакаюць”.

(Спадарыня: ) “Канечне, перамены я чакаю. І чакаю, што нарэшце дзяржава і ўрад павернецца да такой галіны, як ахова здароўя. Хацелася б, каб у гэтай галіне быў наведзены парадак. І каб лекары й мэдычныя сёстры атрымоўвалі годны заробак і таксама годна лячылі нашых грамадзянаў”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці чакаеце вы зьменаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і ў якой галіне?”

(Спадар: ) “Для студэнтаў можа якіх-небудзь ільготаў, бо я чуў, што зараз адукацыя ў асноўным платная. Таксама хацелася, каб на разьвіцьцё моладзі была скіраваная палітыка”.

(Карэспандэнтка: ) “Якіх зьменаў вы чакаеце?”

(Спадарыня: ) “Абсалютна нічога. Нічога... Няма будучыні!”

(Спадар: ) “Калі па праўдзе, то мяне ўсё задавальняе, акрамя аднаго: паводзіны нашага кіраўніка перад СМІ й увогуле на тэлебачаньні, калі ён усім “тыкае” й гэтак далей”.

(Юначка: ) "Паколькі я вучуся ў мэдычным каледжы, то я хацела б зьменаў у мэдычнай галіне. Да прыкладу, каб палепшыўся ўзровень мэдычнай дапамогі".

(Спадар: ) “Хацелася б, каб было больш прыватызацыі, каб больш дробных прадпрыемстваў пайшло ва ўласнасьць, бо дробны бізнэс – гэта прагрэс”.

(Спадар: ) “Я чакаю, што можа нашая дзяржава зробіць так, што кожнай сям''і, хоць на першым часе было выдзелена жытло, альбо грошы на ягонае набыцьцё, альбо ільготы на будаўніцтва”.

(Юнак: ) “У калгасах, каб парадкі былі, у праваахоўных органах. Бо вось за гэтымі вясковымі ўчастковымі ніякага нагляду няма, і там бязьмежжа поўнае ў вёсках”.

(Спадар: ) “Вельмі многія людзі хацелі штосьці зьмяніць, але нічога з гэтага не атрымалася. Я ведаю вельмі шмат людзей, якія галасавалі супраць ведаем каго, але паводле вынікаў выбараў гэта ніяк не відаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG