Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць людзей на вуліцы зьдзівіла і пэсымістаў, і аптымістаў


Радыё Свабода Як ацэньваюць вядомыя ў Беларусі палітыкі вулічныя акцыі апазыцыі 19-20 сакавіка? Ці былі напоўніцу скарыстаны ўрокі рэвалюцыйнага ўкраінскага майдану? І як бачыцца далейшае існаваньне кааліцыі дэмакратычных сілаў?

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька быў на майдане ў Кіеве падчас аранжавай рэвалюцыі. Ці скарыстала ж беларуская апазыцыя яго ўрокі?

(Лябедзька: ) "Не зусім карэктна параўноўваць сытуацыі. Ва Ўкраіне была магчымасьць прамых камунікацый паміж удзельнікамі прэзыдэнцкай кампаніі і выбарцамі, чаго ў Беларусі не наглядалася. Разам з тым, прыемна былі зьдзіўлены і пэсымісты, і аптымісты, калі ўбачылі такую колькасьць людзей на вуліцы. Гэта вельмі моцны фактар. Як ім скарысталіся? Самае галоўнае – не прагучала, што трэба рабіць”.

Паводле спадара Лябедзькі, абодва кандыдаты, Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін, павінны прадэманстраваць адказнасьць і палітычную волю.

(Лябедзька: ) "Цяпер трэба думаць ня хто зь іх першы і лепшы, а падумаць, як выкарыстаць крэдыт даверу, які існуе. Падтрымаць тых людзей, якія давяраюць нам і выходзяць на вуліцу".

Пасьля выбараў, што чакае кааліцыю: далейшая кансалідацыя ці раскол? Анатоль Лябедзька заяўляе, што трэба зьбіраць ужо кангрэс прыхільнікаў пераменаў.

(Лябедзька: ) "Канфігурацыя можа мяняцца. Але тэндэнцыю стратэгіі аб’яднаньня і адказнасьці мы павінны захаваць".

Што да першых роляў у апазыцыі, то спадар Лябедзька застаецца прыхільнікам камандных правілаў паводзін. Аднак, ён зважае на фактар спадара Казуліна.

(Лябедзька: ) "І да яго трэба ўжо, відаць, адносіцца ня так, як гэта было напачатку выбарчай кампаніі".

Актывіст БНФ Алесь Бяляцкі таксама быў сьведкам падзеяў на ўкраінскім майдане. Ён лічыць, што 19 сакавіка сытуацыя на Кастрычніцкай плошчы ў Менску была не зусім майданная, бо мітынг праходзіў у старых беларускіх традыцыях.

(Бяляцкі: ) “Былі выступоўцы і ўсе стаялі моўчкі, не было нейкага дзеяньня. Сёньня ідуць справы весялей, мы чуем музыку, выступы бардаў, паэтаў. Гэта ўсё набывае весялейшы, сапраўды майданны характар. На жаль, па колькасьці мы значна саступаем таму, чаму хацелася б”.

Паводле Алеся Бяляцкага сама атмасфэра выбарчай кампаніі непараўнальная з украінскай.

(Бяляцкі: ) “Наша кампанія праходзіла пад значна большым прэсінгам з боку ўладаў, са значна большымі рэпрэсіямі і стратамі. Той зарад энэргіі, які атрымалі беларусы падчас апошніх выбараў, вельмі небясьпечны для беларускіх уладаў”.

Спадар Бяляцкі мяркуе, што супольная праца дэмакратычнай кааліцыі працягнецца і пасьля выбараў.
XS
SM
MD
LG