Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З начных гутарак на Плошчы...


Радыё Свабода У намётах на Кастрычніцкай плошчы ня толькі жыхары сталіцы, менскія студэнты. Наш карэспандэнт пагутарыў з тымі, хто прыехаў на Плошчу зь іншых гарадоў Беларусі. І ня толькі яе...

(Зельскі: ) “Завуць мяне Аляксей, прозьвішча Зельскі, працую інжынэрам на дзяржаўным прадпрыемстве. Прыехаў сюды адзін, таму што зьбіраліся групай, але хоць мы й не прадстаўляем ніякай арганізацыі, а проста моладзь, але нашага лідэра – Віталя Броўку за тры дні да таго забралі і далі яму сем сутак арышту.

Спачатку тут было толькі чатыры намёты. Іх забралі міліцыянты. Гэта было спантанна, намі ніхто не кіраваў. Проста ў 5-7 чалавек былі намёты, якія яны хавалі, а калі пачалі разгортваць, падыйшлі міліцыянты і адабралі. Але як толькі яны адыйшлі, зьявіліся яшчэ дзьве намёткі і мы іх паставілі. Потым іх узялі ўжо ў кола, а астатнія прынесьлі ўжо менавіта жыхары Менску. Якія жылі побач”.

Побач з Аляксеем сядзяць хлопцы з Бабруйску, п’е гарбату Сьвятлана са Смаргоні.

(Сьвятлана: ) “Я зь сябрамі”.

(Карэспандэнт: ) “Вы вучыцеся?”

(Сьвятлана: ) “Не, ужо скончыла, я навучалася ў Менску. Але, на жаль, цяпер не працую па спэцыяльнасьці. Таму што няма магчымасьці – я не магу сябе рэалізаваць”.

(Карэспандэнт: ) “Пасьля ўнівэрсітэту засталася ў сталіцы ці паехала дадому?”

(Сьвятлана: ) “Палова на палову – жыву на два дамы. Я прагаласавала дома, у Смаргоні, бо ў мяне там прапіска. І прыехала зь сябрам на машыне. З сабой намёты ня бралі, але сябра сёньня зьездзіў дадому і маці мне сабрала заплечнік”.

(Карэспандэнт: ) “Яна не хвалюецца? Не перасьцерагала цябе, што ой жа там такім пагражалі!”

(Сьвятлана: ) “Не, яна проста бачыць, што я не магу тут жыць, яна адчувае, што я не магу сябе знайсьці... Таму яна толькі “за” тое, што адбываецца і што я тут...”

На плошчы, у намётах хапае і замежнікаў, як некалі шмат беларусаў было на кіеўскім майдане. Сярод гэтых людзей – талінец Сільвер Мэйкер.

(Мэйкер: ) “Я з Таліна. З Эстоніі нас чалавек дзесяць... Мы тут, бо лічым, што выбары мусяць быць сумленнымі, адкрытымі. Я быў год таму ў Кіеве. Я эстонец, тут не мая рэвалюцыя. Але я магу сказаць, што дэмакратыя, свабода – агульная справа. І маладыя людзі ня так ужо пужаюцца, яны могуць дабіцца справядлівасьці. Я так рады, што тут стаіць столькі многа людзей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG