Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

С.Дубавец і В.Акудовіч прыйшлі на Плошчу падтрымаць пакаленьне сваіх дзяцей


Радыё Свабода Большасьць тых, хто засталіся нанач каля намётаў -- маладыя людзі. Аднак сярод іх можна сустрэць і добра вядомых у краіне асобаў. Так, разам з дачкой прыйшоў сюды Сяргей Дубавец...

(Дубавец: ) “Мяне вельмі моцна ўражвае тое, што тут сабралася моладзь. Фактычна тыя, хто па ўзросьце мае дзеці. І я лішні раз усьведамляю, што тая праблема, дзеля якой яны сюды прыйшлі, гэта праблема майго пакаленьня, а ня іхнага!

Проста чамусьці маё пакаленьне не знайшло ў сабе столькі салідарнасьці, сілы духу, каб стаяць перад абсалютнай пустатой, перад абсалютнай безвыніковасьцю і ўсё ж такі патрабаваць для сябе іншай краіны і іншага жыцьця.

Мы сапраўды страшна-страшна малыя, мы адкульсьці вырастаем і ўсё, на чым мы стаім, гэта на сваёй веры, на сіле духу, а не на якіх там грантах, фінансаваньні захаду, Амэрыкі і гэтак далей”.

Філёзаф Валянцін Акудовіч ня думаў, што прыйдзе на Плошчу 20-га сакавіка – кажа, што хацеў захаваць у душы ўзьнёслы настрой ад папярэдняга дня, калі тут сабраліся дзясяткі тысяч людзей. Аднак гэтым разам яго паклікала сям’я...

(Акудовіч: ) “Вось тут побач жанчына пытаецца: “Дзе мае дзеці?”, дык і я ў гэткай самай сытуацыі. Жонка прыехала сюды з гарачай гарбатай у тэрмасах, з усім астатнім... І ў намётах цяпер яна, я, сын з дачкой – уся сям’я!”

(Карэспандэнт: ) “Што за ўсім гэтым стаіць?”

(Акудовіч: ) “Разумееш, пакуль усе залішне сьпяшаюцца абагульняць. А гэта трэба рабіць пасьля таго, як пабачым разгорнутасьць учорашніх 10 ці 30 тысяч... Тады, пазьней, і скажам, ці сапраўды з гэтымі намётамі зьявіцца іншае пакаленьне, іншая генэрацыя, зь іншым разуменьнем змаганьня. Але яны зьявіліся, і гэта пакуль самае каштоўнае”.
XS
SM
MD
LG