Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як Кастрычніцкая плошча рыхтавалася да першай ночы


Радыё Свабода На Кастрычніцкай плошчы а 9 вечара зьявіліся першыя намёты. Людзі пачалі прывозіць цёплыя рэчы, тэрмасы з кавай і гарбатай. Арганізатары заклікалі ўдзельнікаў акцыі не ўжываць алькаголю. Грамадзяне Ўкраіны, якія прысутнічалі на плошчы, былі ўражаныя рашэньнем людзей заставацца, нягледзячы на кепскае надвор’е – вільготнасьць і мароз. Яны ўзгадвалі, што ў Кіеве на Майдане Незалежнасьці людзі мелі магчымасьць сагравацца ў будынках вакол плошчы і ў мэтро.

Аляксандар Мілінкевіч паведаміў Радыё Свабода, што будзе заставацца разам зь людзьмі столькі, колькі спатрэбіцца.

(Мілінкевіч:) “Людзі самі мяне папрасілі. Ня я прыдумаў гэта. Да мяне зьвяртаюцца студэнты, моладзь. Кажуць: “Мы хочам стаяць. Вы нас толькі не падвядзіце, калі гэта абвесьціце”. А я кажу, што, калі вы будзеце стаяць, то і я буду стаяць. Гэта мой абавязак. Трэба пратэставаць. Гэтая форма нармальная. Канешне, цяжка, таму што не было падрыхтоўкі. Няма намётаў, няма спальнікаў. Трэба яшчэ думаць, як наладзіць харчаваньне”.

Паколькі ўнівэрсам “Цэнтральны” працуе да 22 гадзінаў, людзі кінуліся ў краму па прадукты. Каўбасу набывалі па некалькі кіляграмаў. Людзі запытвалі адзін аднаго: “Вы на плошчу? Давайце разам складзем усё ў мяхі, каб было зручней несьці.” Гандляркі, азіраючыся па баках, рэзалі каўбасу. Яны тлумачылі, што ім можа папасьці ад начальства. Калі зачынілі ўваход у гандлёвую залю, людзі ў кафэтэрыі літаральна за некалькі хвілінаў раскупілі ўсе бутэрброды і крэмаўкі. Гандляры добразычліва дапамагалі зьбіраць усё ў пакеты і жадалі посьпеху.

(Ірына:) “Ва ўнівэрсаме “Цэнтральны” гандляркі засвоілі новую прафэсію – рэзчыцы каўбасы, прычым цэлымі палкамі. Такім чынам народ вырашыў падтрымаць тых, хто будзе ўсю ноч стаяць на плошчы, каб абараніць нашу свабоду.”

Людзі ад’яжджалі дахаты, каб пераапрануцца і вярнуцца на плошчу.

(Міхаіл:) “Ваўкоў баяцца, у лесе грыбы не зьбіраць, Адбаяліся ўжо, хопіць. Страху няма, таму мы зараз пойдзем дамоў уцяплімся і прыйдзем сюды зноў”.

Хлопцы цягнулі спартовыя дыванкі.

(Яўген:) “Вось, прынесьлі такія дыванкі адмысловыя, каб людзі маглі легчы, ці сесьці, нават паспаць. Каб ім было цёпла. У мяне яны былі дома. На жаль, спальнікаў дома не знайшоў.”

Некаторыя скардзіліся на спантаннасьць, на адсутнасьць адзінага кіраўніцтва.

За некалькі хвілінаў да поўначы супрацоўнікі міліцыі ў цывільным затрымалі некалькі чалавек, якія несьлі намёты, коўдры і харчы. У гадзіну ночы настрой у людзей быў бадзёры. Байцы спэцназу ў цывільным хадзілі сярод прысутных і размаўлялі між сабой па рацыі. Гуртамі міліцыянты стаялі ля ўваходу ў мэтро, каб сагрэцца. Усе падыходы да плошчы ўжо былі перакрытыя.
XS
SM
MD
LG