Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь зьбіраецца працягваць акцыю на плошчы да 25 сакавіка


Аляксандар Лукашук, Кастрычніцкая плошча, Менск Толькі што мы гаварылі з Аляксандрам Мілінкевічам і ягонай жонкай Інай Кулей. Іна Кулей сёньня выступіла на плошчы і выступіла надзвычай удала - эмацыйна, каротка, ёміста.

Плошча надзвычай цёпла прарэагавала на гэты выступ. Калі мы зь ёй пра гэта гаварылі, яна сказала эмацыйны зварот, эмацыйны водгук - гэта тая мова, на якой размаўляе плошча.

Аляксандар Мілінкевіч прызнаўся, што ён упершыню сёньня пачуў публічны выступ сваёй жонкі і быў вельмі ўражаны. Ён не падазраваў, што яна - настолькі выдатны аратар. Нарвэскія журналісты, якія прысутнічалі пры гэтай размове, сказалі: “Вось - новая Хілары Клінтан...”

Аляксандар Мілінкевіч расказваў пра свае падарожжы па краінах Эўропы. На ягоную думку, гэтыя падарожжы і тое, як яго там прымалі - усё гэта спрычынілася да таго, што ўчора і сёньня ўдзельнікі сустрэчаў на плошчы па-ранейшаму маюць магчымасьць працягваць свае выступы, што грубая сіла не была ўжытая, як гэта здаралася раней. Ён думае, што менавіта ягоная эўрапейская вядомасьць і ўвага да Беларусі, якая была выказаная падчас гэтых візытаў, спрычыніліся да таго, што ўлады пакуль асьцерагаюцца ўжываць фізычную сілу супраць удзельнікаў пратэстаў.

Мілінкевіч сярод іншага падзяліўся ўражаньнямі ад сустрэчаў з кіраўніком групы расейскіх назіральнікаў Уладзімерам Рушайлам. Гаворка ішла пра нагчыныя дачыненьні альтэрнатыўнага прэзыдэната да Расеі. Аляксандар Мілінкевіч сказаў, што кожны раз, калі ён быў у краінах Эўразьвязу, у яго там пыталіся - а як новая Беларусь будавала б свае дачыненьні з Расеяй? І ён заўсёды адказваў, што інтарэсы Беларусі - і ў Эўропе, і ў Расеі. Але вось жа ягоныя расейскія суразмоўцы заўсёды мысьлілі катэгорыямі блёкаў - “дык вы з намі або вы зь імі?” Дык вось, адказ “і з вамі, і зь імі” вельмі цяжка было данесьці да разуменьня расейскіх суразмоўцаў.

Гаворачы пра мэты акцыі на плошчы Аляксандар Мілінкевіч зноў пацьвердзіў, што тое, што адбываецца цяпер, адбываецца на просьбу моладзі, што пляны былі зьмененыя менавіта з увагі на гэтыя просьбы. Моладзь хоча тут заставацца, хоча мець тут намёты. Акцыя на плошчы мае працягвацца як найменей да 25 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG