Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газэты ўсяго сьвету пішуць пра Беларусь


Ганна Соусь, Прага Сёньня вядучыя ўсясьветныя мэдыі прысьвяцілі свае артыкулы вынікам прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. З аглядам публікацый наша карэспандэнтка.

Брытанская газэта “Financial Times” піша, што тысячы беларусаў выступілі з пратэстам супраць фальшаваньня вынікаў выбараў, нягледзячы на сьнежную завею і пагрозы беларускіх уладаў. Прыхільнікі двух апазыцыйных кандыдатаў Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча сьцьвярджаюць, што Лукашэнка набраў меней 50 адсоткаў галасоў і заклікаюць да паўторных выбараў. Брытанскае выданьне цытуе Аляксандра Мілінкевіча: “Яны кажуць, што мы хочам рэвалюцыі, але мы хочам свабоды і законнасьці”, кажа Мілінкевіч і працягвае, – “Мы ўжо дасягнулі калясальнай перамогі, паколькі людзі перамаглі ўласны страх”, піша “Financial Times”.

Амэрыканская газэта “The Wall Street Journal” у артыкуле “Апошні дыктатар Эўропы” задае пытаньне: “Хто заплача пасьля ўчорашняга фіяска прэзыдэнцкіх выбараў ў Беларусі? А дакладей, хто здолее бяз мапы знайсьці гэтую дзяржаву з насельніцтвам ў 10 мільёнаў пераважна шчасьлівых славянскіх душ? І тут жа адказвае: “З упэўненасьцю можна сказаць, што мала хто, і гэта добра для кар’ерных плянаў Аляксандар Лукашэнкі, якога газэта называе сьяпным Уго Чавэсам, старэйшым дзяржаўным дзеячам у клюбе ворагаў дэмакратыі. Канешне, Лукашэнка, як Мілошавіч і Садам, ня хоча нічога большага, чым атрымаць ад сьвету яшчэ некалькі дзесяцігодзьдзяў, піша “The Wall Street Journal”.

Брытанская “Times” піша, што “апошні дыктатар Эўропы” адзначае чарговы трыюмф. Але пры гэтым каля 20 тысячаў дэманстрантаў сабраліся на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, нягледзячы на завіруху і папярэджаньні КДБ аб сьмяротным пакараньні за пратэсты.

Расейскі “Московский комсомолец” спрабуе знайсьці адказ на пытаньне: добра ці дрэнна для Расеі тое, што Аляксандар Лукашэнка застаецца бязьзьменным прэзыдэнтам Беларусі. І адказвае, што гэта ня добра і ня дрэнна, паколькі Лукашэнка – гэта дадзенасьць. Калі ён застаецца, значыцца цяпер – ягоны час, і пакуль ён ва ўладзе, аб’яднаньня Расеі зь Беларусьсю не адбудзецца.

Амэрыканская газэта “New York Times” адзначае, што выбары ў Беларусі адбываліся ў паралельных прасторах. Апазыцыя паведамляла пра рэпрэсіі ў дачыненьні да незалежных назіральнікаў па ўсёй краіне, а дзяржаўнае тэлебачаньне транслявала інтэрвію з аналітыкамі і назіральнікам, уключна зь некаторымі заходнімі, якія гаварылі пра законны характар выбараў. Газэта цытуе кандыдата аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, які кажа, што ў Беларусі адбываецца захоп ўлады неканстытуцыйным шляхам.

Амэрыканская “Washington Post” распавядае пра настроі дэманстрантаў на Кастычніцкай плошчы, якія ўсьведамляюць межы таго, чаго яны могуць дамагчыся, але ім надае надзею сам факт таго, што тысячы людзей выступілі супраць Лукашэнкі, нягледзячы на пагрозы КДБ.

Ірляндзкая “Irish Times” сёньня піша, што “ўсё спакойна на плянэце Беларусь, дзе дзяржаўнае тэлебачаньне агучвае вынікі экзыт-пол яшчэ да заканчэньня галасаваньня”, і ў гэтым спакоі БТ уяўляецца зусім непатрэбным называць імёны апазыцыйных кандыдатаў, а тым больш іхнія заявы пра 100-адсоткавае фальшаваньне выбараў.

Брытанская “Independent” адзначае, што беларускія выбары завяршыліся сумнеўнай бліскучай перамогай Аляксандра Лукашэнкі, які паводле афіцыйных дадзеных атрымаў занадта падазрона вялікую колькасьць галасоў ў выбарчай кампаніі, якія мела надзвычай рэпрэсыўны характар. Галоўны апанэнт Лукашэнкі Аляксандар Мілінкевіч кажа, што апазыцыя ня прызнае афіцыйныя вынікі выбараў і будзе ладзіць мірныя вулічныя пратэсты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG