Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Кастрычніцкую плошчу прыйшлі 10,000 чалавек


Радыё Свабода На Кастрычніцкім пляцы Менску працягваецца мітынг дэмакратычнай апазыцыі. У ім бярэ ўдзел прыкладна 10,000 чалавек. Мітынг ухваліў Дэклярацыю народу Рэспублікі Беларусь прапанаваную кандыдатам Аляксандрам Казуліныму якой патрабуецца прызнаць прэзыдэнцкія выбары 19 сакавіка несапраўднымі і прызначыць паўторныя свабодныя і дэмакратычныя выбары на 16 ліпеня сёлета. Аляксандар Мілінкевіч з прыхільнікамі вырашыў застацца на плошчы на ноч і заклікаў людзей прыносіць гарачыя напоі і цёплыя рэчы.

Нягледзячы на больш халоднае чым учора надвор’е на Кастрычніцкі пляц сёньня прыйшло прыкладна 10,000 чалавек. Люді, што бяруць удзел у мітынгу трымаюць беларускія нацыянальныя сьцягі, а таксама дзяржаўныя сьцягі Грузіі, Літвы, Украіны, Расеі, а таксама Эўрапейскага зьвязу ды беларускіх апазыцыйных партыяў і рухаў. Калі на плошчы зьявіўся кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч людзі віталі яго воклічамі:

“Мі-лін-ке-віч! Мі-лін-ке-віч! Мі-лін-ке-віч!”

Аляксандар Мілінкевіч зьвярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу з прамовай:

(Мілінкевіч: ) “Дарагія суайчыньнікі, шаноўныя сябры! Яны нам сёньня аб’явілі іхныя вынікі. Яны думаюць, што кагосьці пераканаюць. Ім здаецца, што хтосьці паверыць. Большасьць нармальных людзей сьмяецца над гэтымі працэнтамі. Гэта ня выбары, гэта – дзяржаўны, антыканстытуцыйны пераварот! Ганьба!”

Мілінкевіч заклікаў лічыць Лукашэнку незаконным прэзыдэнтам.

Другі кандыдат Аляксандар Казулін, які разам з прыхільнікамі ўсталяваў на плошчы, зроблены беларускімі мастакамі “Звон свабоды” заклікаў людзей ухваліць Дэклярацыю народа Рэспублікі Беларусь. У ёй адзначаецца, што 19 сакавіка ў Беларусі адбыўся антыканстытуцыйны пераварот і Аляксандар Лукашэнка у змове са старшынёй Цэнтарвыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай узурпаваў уладу. Аляксандар Казулін выступіў з такімі прапановамі:

(Казулін: ) “Прызнаць Рэспублікі Беларусь праведзеныя 19 сакавіка 2006 году адбыўшыміся, але несапраўднымі. Прызначыць правядзеньне паўторных выбараў у адпаведнасьці з законам Рэспублікі Беларусь на 16 ліпеня 2006 году”.

На мітынгу таксама выступілі Анатоль Лябедзька, жонка Мілінкевіча Іна Кулей, бард Зьміцер Бартосік, гурт N.R.M. акадэмік Аляксандар Вайтовіч, дэпутат Дзярждумы Расеі Ўладзімер Рыжкоў, дэпутат нарвэскага парлямэнту актывісты апазыцыі з рэгіёнаў.

Гучала трансляцыя Радыё Свабода праз сатэліт.

Тым часам Аляксандар Мілінкевіч заклікаў людзей:

(Мілінкевіч: ) “ Дарагія сябры! Я прашу тых, хто мае сілу і волю не разыходзіцца. Наш пратэст будзе моцным і доўгім”.

Аляксандар Мілінкевіч заклікаў застацца людзей на плошчы. Нягледзячы на спробу агентаў у цывільнам перашкодзіць, на плошчы пастаўленыя чатыры намёты.

На Кастрычніцкую пачалі падвозіць цёплыя рэчы, гарачукю каву і гарбату.

Гл.таксама • Онлайн-рэпартаж і фатаздымкі з Кастрычніцкай плошчы
XS
SM
MD
LG